Воскресенье, 26 сентября 2021

Раіса Рэчыц: «Кветкі — маё прызванне»

1 062

Часам аднаго погляду на сядзібу бывае дастаткова, каб зразумець, што там жывуць цудоўныя гаспадары. Доказ таму – прыгожы дом Раісы Іванаўны і Віктара Васільевіча Рэчыцаў, размешчаны на вуліцы Альшэўскага ў Пружанах.

Дворык вельмі дагледжаны. З ранняй вясны тут радуюць вока крокусы, гіяцынты, нарцысы і цюльпаны. Затым падворак упрыгожваюць флоксы, ліліі і браткі. Уздоўж агароджы растуць півоні і гладыёлусы. Каля сцежак красуюцца юкі, ружы, петуніі, лапчаткі, кампсісы і хрызантэмы, апошніх, дарэчы, тут налічваецца ажно 128 кустоў.

Сёння над усім гэтым кветкавым раем узвышаецца сем вялікіх клямацісаў, кожны з якіх будзе квітнець у свой час. Зараз надышла чарга радаваць людзей беламу “прыгажуну” амаль двухметровай вышыні.

— Мой любімец, якому сёлета споўнілася ўжо восем гадоў. Паглядзіце, якія прыгожыя ў яго суквецці! Сваёй формай нагадваюць васьміканцовую зорачку, а колерам — вэлюм нявесты. Там далей растуць фіялетавы, ліловы, блакітны і нават бардовы клямацісы. За імі — яшчэ два кусты рададэндрона, — знаёміць са сваім палісаднікам гаспадыня.

Жанчына вырасла ў вёсцы Зарэчча, доўгі час жыла ў Новых Засімавічах, а сёння добраўпарадкоўвае былую матчыну хату.
— А што рабіць у кватэры ды яшчэ пенсіянеру?! Нават тады, калі я працавала, то імкнулася па прыкладзе бабулі і матулі даглядаць сядзібу. З дзяцінства памятаю, як тата казаў, што па ўтульнасці падворка людзі звычайна і мяркуюць пра годнасць гаспадароў. Увогуле лічу, кветкі — маё прызванне і мая любоў.

Характэрна, што Раіса Іванаўна, як сапраўдны спецыяліст, ведае ўсе нюансы догляду за экзатычнымі раслінамі, паколькі выпісвае адпаведныя часопісы і ўважліва іх вывучае. Аказваецца, зімой клямаціс павінен трымаць “галаву ў холадзе, а ногі — у цяпле”, а летам — наадварот.

— Перад надыходам халоднага надвор’я мы ўцяпляем карані кляма-ціса тарфакрошкай і мохам, а ўвесну садзім пад самым кустом кветкі, якія ўюцца, каб “ножкі” клямаціса былі ў холадзе і не атрымалі апёкі ад яркага сонца, — дзеліцца ўласнымі сакрэтамі кветкаводства Раіса Рэчыц. — Клямаціс любіць вільгаць і святло. Для яго гарманічнага росту патрэбна апора, па якой ён падымаецца самастойна, праўда, самыя вялікія галінкі можна і падвязаць.

Акрамя таго, для некаторых гатункаў клямацісаў патрэбна абрэзка. Чым больш адкрытай прасторы для іх, тым пышней будзе лістота і насычаней афарбоўка суквеццяў. Дарэчы, кожная кветачка-“зорачка” трымаецца на галінцы даволі доўгі час, на змену апалай адразу распускаецца новая. Вядома, з клямацісам хапае праблем. Але ён, як высакародны джэнтльмен, дзякуе за клопат сваімі шыкоўнымі кветкамі, любавацца якімі можна на працягу некалькіх тыдняў.

Алеся Смайлік,
фота Кацярыны Масік