Понедельник, 20 мая 2024

Посмотрите, как красиво Шерешево отметило свое 640-летие!

1 567

— Дай мне руку – паваражу і ўсю праўду табе раскажу! – “цыганка”, якая раптам выскачыла з-за вугла, хітравата падміргнула. — Будзеш жыць доўга, але… значна менш за яго!
— Каго гэта “яго”?
— Ды за наш пасёлак! Шарашэву сёння – 640 гадоў!
— І на гэтым дзякуй, чараўніца! – падтрымліваю жартаўлівы настрой.


Ды што там людзі! Не кожнаму гораду выпаў такі гонар – нарадзіцца ажно ў XIV стагоддзі. Таму нядзіўна, што шарашэўцы святкавалі такі значны юбілей свайго мястэчка з вялікім размахам. Шмат людзей сабралася на плошчы перад сцэнай каля цэнтра культуры і вольнага часу. Відавочна, многія прыехалі здалёк, і ніхто, упэўнена, не пашкадаваў, што завітаў на малую радзіму, бо атрымаў вялізную колькасць уражанняў. Па-перш, вельмі насычанай была праграма, па-другое, на поўную моц працавалі самадзейныя артысты, а па-трэцяе, не падвялі і гледачы: апладзіравалі выступоўцам ад душы.


Да ўсяго, арганізатарамі быў створаны адпаведны святочны антураж: працавалі розныя атракцыёны і бяспройгрышныя латарэі, увесь дзень у паветры лунаў пах шашлыкоў і салдацкай кашы, якой шчыра дзяліліся з усімі жадаючымі вайскоўцы пагранзаставы № 2. Ды і сам “юбіляр” сустракаў гасцей добраўпарадкаванымі вуліцамі і сядзібамі. Шматлікія віншаванні, узнагароджанні і добрыя пажаданні галоўным віноўнікам урачыстасці – жыхарам пасёлка – сталі самімі прыгожымі атрыбутамі свята і дапамаглі стварыць цудоўную атмасфэру.


Пасля танцавальнай віхуры ад удзельнікаў народнага ансамбля танца “Спадчына” Пружанскага ГПК (кіраўнік – Валянціна Іскаліева), на сцэну запрасілі духоўных пастыраў пасёлка — настаяцеля Свята-Мікалаеўскай царквы протаіерэя Мікалая Пашкевіча і настаяцеля Троіцкага касцёла ксяндза Яцака Дубіцкага, якія заклікалі жыхароў пасёлка і гасцей свята шанаваць і падтрымліваць адзін аднаго, любіць, захоўваць і памнажаць тую выключную — “пушчанскую” прыгажосць, якой славіцца на ўсю краіну старажытнае Шарашэва.

— Божага бласлаўлення вам, шарашэўцы! А у чым яно заключаецца? У дзецях! Таму жадаем, каб на вуліцах пасёлка заўсёды было светла ад дзіцячага смеху і ўсмешак, паколькі мноства дзяцей — лепшы доказ высокамаральных асноў і каштоўнасцей у нашым грамадстве.

Услед за святарамі гледачоў віншавала выконваючая абавязкі старшыні Шарашэўскага сельвыканкама С.А.Амяльянец. Жанчына падзякавала аднавяскоўцам за адданую працу і пажадала ім здароўя і светлай будучыні. 


Цёплыя словы таксама адрасаваў прысутным і старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец. Кіраўнік, перш за ўсё, узгадаў ветэранаў працы, якія зрабілі вялікі ўнёсак у дабрабыт пасёлка, яго сацыяльна-эканамічнае развіццё. Мікалай Пятровіч звярнуўся і да цяперашняга кіраўніцтва сельсавета і пажадаў працаваць у камандзе, і станоўча вырашаць усе пытанні людзей. А напрыканцы ўзнагародзіў ганаровай граматай Савета дэпутатаў вядомых пасялковых актывістаў Р.А.Бульчук, якая сёння ўзначальвае шарашэўскую арганізацыю Беларускага саюза жанчын, і Зінаіду Іванаўну Вашкевіч, медыцынскую сястру міласэрнасці Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.

Пра багатую культурна-гістарычную спадчыну Шарашэва, якая з’яўляецца здабыткам не толькі раёна і вобласці, але і ўсёй рэспублікі, казаў намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч, які ўручыў граматы райвыканкама былым кіраўнікам сельсавета Н.А.Антановіч і А.С.Сіпліваму, а таксама славутай шарашэўскай настаўніцы і краязнаўцы Т.В.Панамар.


На сцену падымаліся таксама шэсць жнівеньскіх імяніннікаў-юбіляраў, якія свае асабістыя святы адзначалі разам з пасёлкам — В.А.Грышкевіч, С.В.Дульчэўская, Н.І.Рыжкова, І.А.Сівуда, І.М.Шынкарук і С.К.Янушкевіч. Ушаноўвалі на юбілейным свяце і самых старэйшых жыхароў, і нядаўна створаныя маладыя сем’і, на якіх будзе трымацца будучыня Шарашэва.


Свая мінута славы наступіла ў дашкалят, якія ў гэтым годзе пераступяць парог пасялковай школы, і ў самых маленькіх жыхароў Шарашэва: за мінулы год у пасёлку нарадзілася 21 дзіця. Будучыя школьнікі, а таксама прыгожыя немаўляты і іх шчаслівыя бацькі, якія падымаліся на сцэну, атрымалі ад гледачоў ці не самыя гучныя апладысменты. А ўдзельнікі традыцыйнага парада калясак “Бэбі-бум” падарылі гледачам мора абаяння і пазітыву, паколькі прадэманстравалі не проста дзіцячыя каляскі, якія можна ў любы дзень сустрэць на вуліцы, а сапраўдныя творы мастацтва. Адным словам, ва ўпрыгожванні галоўнага сямейнага экіпажа ўсе бацькі, а ў некаторых сем’ях нават бабулі і дзядулі, праявілі зайздросную фантазію, крэатыў і майстэрства і заслужана атрымалі падарункі ад арганізатараў. Па меркаванні журы, у конкурсе калясак перамагла сям’я Дахно, а шматдзетная сям’я Новік, у якой гадуюцца ажно восем дзяцей, атрымала спецыяльны падарунак ад раённай арганізацыі Беларускага фонда міру, якую ўзначальвае М.П.Кудравец.


Сардэчна віталі на свяце і іншыя сем’і, у якіх на працягу многіх гадоў пануюць сапраўднае каханне, шчырая павага і паразуменне, дзе перамагаюцца ўсе жыццёвыя нягоды і выпрабаванні. У прыватнасці, сёлета свой “сярэбраны” юбілей адзначылі Ігар і Тамара Круцікавы, Аляксандр і Святлана Мардань, Мікалай і Валянціна Муртазіны, Сяргей і Алена Парчэўскія, а таксама Мікалай і Вольга Амельянец.

Каштоўныя падарункі за сваё жаданне і ўменне рабіць свет больш прыгожым прымалі Віталій і Вікторыя Грышкевічы, Алег і Юлія Давідзюк, Дзмітрый і Алена Янюкі, Таццяна Ганчарук і Андрэй Літвіновіч, а таксама Паўліна Суміч, якія сталі пераможцамі штогадовага агляду-конкурсу на лепшы дом і дваравую тэрыторыю.

Шчырым і запамінальным было віншаванне і ад дырэктара ААТ “Пружанскі райаграсэрвіс” Аляксандра Аляксеевіча Шлёміна, які, дарэчы, неаднаразова падымаўся на сцэну не з пустымі рукамі, каб узнагародзіць лепшых працаўнікоў гаспадаркі. Увогуле віншавалі на сцэне ўсіх таленавітых людзей, якія славяць сваёй працай родны пасёлак і з’яўляюцца яго гонарам. Леснікі і паляводы, паштальёны і прадаўцы, медыцынскія і сацыяльныя работнікі, настаўнікі і будаўнікі — пра ўсіх іх, як адзначылі вядучыя, можна нават песні складаць.

Яркім момантам святочнай імпрэзы стаў яшчэ адзін творчы конкурс — “Ледзі на веласіпедзе”, які ўпершыню праводзіўся ў пасёлку. Пад вядомую музычную кампазіцыю з дзяцячай кінастужкі “Мэры Попінс” пяць самых смелых прыгажунь “на колах” зрабілі круг гонару вакол плошчы і спыніліся перад сцэнай. Кожная з іх у вершаванай форме прарэкламавала свайго “жалезнага каня”, а потым яшчэ выступіла на сцэне. Па выніках конкурсу пераможцай была прызнана Таццяна Кацко, якая, між іншым, без малога 30 гадоў працуе медсястрой ў Шарашоўскай бальніцы. Але варта адзначыць, што ўсе ўдзельніцы веласіпеднага “дэфіле” госці мерапрыемства былі непаўторнымі, госці мерапрыемства сустракалі іх ўсмешкамі і шчырымі апладысментамі.

Зрэшты так, як сустракалі на працягу ўсяго свята таленавітых артыстаў, музыкантаў і спевакоў з Ліноўскага, Новазазімавіцкага і Роўбіцкага Дамоў культуры, а таксама мясцовага цэнтра культуры і вольнага часу пад кіраўніцтвам маладога дырэктара ўстановы Алены Вакульчык. З вялікім замілаваннем слухалі гледачы выступленні Ганны Кулаевай, Кацярыны Захаран, Святланы Дудзінскай і іншых спевакоў, частаваліся караваем і жадалі адзін аднаму доўгіх гадоў жыцця. Скончылася свята дыскатэкай і святочным феерверкам, гледзячы на які, “цыганка”, якая ўсю імпрэзу імкнулася хадзіць за мной па пятах, напрарочыла:
— Табе, Шарашэва, толькі 640 гадоў! Усё жыццё наперадзе!

Алеся Смайлік, фота аўтара.