Понедельник, 20 мая 2024

Тэрэса Панамар: «Гісторыя любіць факты і… шчодрасць»

775

Кожны раз, калі чую ад скептыкаў, што гісторыя не з’яўляецца навукай, паколькі ў ёй няма строга даказаных фактаў, хочацца адказаць: “Напэўна, дрэнна шукалі!” Таму што сёння — сапраўдная раскоша для даследчыкаў. Сацыяльныя сеткі, форумы, розныя пошукавыя сістэмы і перакладчыкі — усё гэта дазваляе знайсці, прааналізаваць і ўдакладніць інфармацыю літаральна за некалькі “клікаў”.
Са мной цалкам згаджаецца настаўніца гісторыі Шарашоўскай сярэдняй школы Тэрэса Віктараўна Панамар.

Пачатак гісторыі
— Хоць пры жаданні нават у тыя часы, калі інтэрнэту не было, а дакументы ў асноўным захоўваліся толькі ў архівах, студэнты гістарычнага факультэта Гродзенскага ўніверсітэта збіралі інфармацыю, — кажа ўраджэнка Гродзеншчыны, якая вось ужо амаль чвэрць стагоддзя займаецца мясцовым краязнаўствам, па крупінках збірае гісторыю пасёлка Шарашэва і не толькі.
Гэта імкненне знайсці нешта новае, дакапацца да ісціны ў свой час прывіў ёй навуковы кіраўнік, вядомы прафесар гісторыі ГрДУ Якаў Навумавіч Мараш.
— Ён прыцягнуў нас да даследчай работы, навучыў аналізаваць і супастаўляць факты. Я з задавальненнем пачала вывучаць гісторыю свайго райцэнтра Іўе. Давялося папрацаваць з дакументамі ў Дзяржаўным гістарычным архіве ў Мінску, у бібліятэцы Акадэміі навук, а таксама ў гродзенскіх і сталічных музеях. Заўсёды хацелася знайсці першакрыніцу. А калі знаходзіла нешта цікавае, пісала артыкулы, паколькі імкнулася падзяліцца вынікамі сваіх навуковых пошукаў з іншымі людзьмі, — распавядае Тэрэса Віктараўна.
У 1985 годзе 9 мая адбыўся яе першы прыезд у Шарашова, дзе жылі сваякі яе мужа-аднакурсніка і куды яна атрымала размеркаванне.
— Гэта была незабыўная паездка, — прызнаецца жанчына. — На мітынгу, прысвечаным Дню Перамогі, прысутнічалі сваякі герояў, якія загінулі тут у Вялікую Айчынную вайну. Я была кранутая да слёз і зразумела: вывучыць гісторыю гэтага слаўнага мястэчка — ужо справа гонару. І патроху стала збіраць матэрыял. Спачатку, прызнаюся, справа ішла павольна. Трэба было набрацца вопыту, пазнаёміцца з людзьмі, парадніцца з гэтым месцам…

Першыя «крокі»
Тэрэса Панамар, акрамя ўрокаў гісторыі, вяла яшчэ краязнаўчы гурток, старалася зацікавіць школьнікаў гісторыяй роднага краю.
— Першы наш з дзецьмі маленькі даследчы праект быў прысвечаны высвятленню абставін карнай экспедыцыі, якую немцы правялі ў Шарашове 24 снежня 1942 года. Мы пагаварылі са сваякамі загінулых, людзьмі, якія сталі ўскоснымі сведкамі той трагедыі, і аднавілі некаторыя імёны.
Потым шарашэўскія краязнаўцы сталі паглыблена вывучаць гісторыю мясцовых святынь, у прыватнасці, Свята-Троіцкага касцёла. Паралельна развівалі іншыя тэмы: вялікія землякі (Міхаіл Баброўскі, Міхаіл Хацімскі, Юзаф і Ян Крашэўскія, Леанід Лукша і інш.), помнікі архітэктуры і памятныя мясціны… Правялі вялікі фронт работы: перагледзелі прыватныя фотаархівы, запісалі ўспаміны людзей і, супаставіўшы і сістэматызаваўшы старыя і новыя факты, падрыхтавалі прэзентацыю па гісторыі Шарашова. Праект быў адзначаны на раённым узроўні. Пазней выхаванцы Т.В.Панамар высветлілі абставіны першай карнай акцыі, праведзенай фашыстамі праз тыдзень пасля акупацыі пасёлка.
— У кнізе “Памяць. Пружанскі раён” названы імёны шасці чалавек, — кажа настаўніца. — А нам, дзякуючы дачцэ аднаго з загінулых, Вітольда Іванавіча Манцэвіча, удалося аднавіць падрабязнасці той трагедыі і агульную колькасць ахвяраў (у той чэрвеньскі дзень загінула яшчэ адзінаццаць прадстаўнікоў яўрэйскай абшчыны і двое салдатаў-акружэнцаў). Далейшы пошук дапамог удакладніць прозвішчы і імёны амаль усіх расстраляных. Таксама вядзецца збор інфармацыі аб баі каля вёскі Чадзель 29 чэрвеня 1941 г. паміж салдатамі Чырвонай арміі, якія трапілі ў акружэнне, і нашмат большымі сіламі праціўніка. Дагэтуль меліся толькі мізэрныя дадзеныя, названыя ў пісьме краязнаўцы Міхаіла Паўлавіча Клімца, якое захоўваецца ў школьнай “Зале Славы”.

Незаменныя памочнікі
У цэлым у юных краязнаўцаў, якімі кіруе Тэрэса Віктараўна, вельмі шмат памочнікаў. Першым своеасаблівым “спонсарам” інфармацыі выступіла былая старшыня пасялковага Савета дэпутатаў Надзея Андрэеўна Антановіч, якая падзялілася ўласным архівам фатаграфій і дакументаў.
У свой час падтрымку аказалі і супрацоўнікі Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта, вядомыя брэсцкія краязнаўцы Анатоль Гладышчук і Анатоль Нікітчык.
— Бывае, дапамагаюць нават выпадковыя спадарожнікі. Разгаворышся — і абавязкова нешта новае даведаешся. Лёс такім чынам падкідвае знакі.
Літаральна ў гэтым годзе, на вечары сустрэчы з выпускнікамі, Тэрэса Віктараўна сустрэлася з людзьмі, якія 50 гадоў таму скончылі школу і, як аказалася, з’яўляюцца багатымі крыніцамі інфармацыі.
— У прыватнасці, мяне зацікавіў лёс аднаго з іх — Аляксандра Мікалаевіча Чмака, ваеннага ўрача, які працаваў на Байкануры. Разгаварыліся, і аказалася, што родам ён з в. Вялікі Краснік, якая была спалена немцамі. Суразмоўца ў падрабязнасцях распавёў, што і як там адбывалася. Вельмі шмат нам дапамагае пружанская краязнаўца Наталля Сяргееўна Пракаповіч, вядомая сваімі змястоўнымі публікацыямі ў “Раённых буднях” і ў тэматычных выданнях. Вялізную дапамогу аказваюць бацькі нашых юных даследчыкаў. Да прыкладу, сям’ю навучэнца 8 класа Аляксандра Дулько зацікавіла тэма спаленых вёсак. Яны самі паехалі ў Белавежскую пушчу і, апытаўшы старажылаў, даведаліся вельмі шмат новых фактаў, — запэўнівае Тэрэса Віктараўна.

Падказкі з інтэрнэту
Шчодра дзеляцца сваімі ведамі з настаўніцай і многія ўдзельнікі навукова-даследчых форумаў, з якімі ў яе завязалася актыўная перапіска.
— Адзін, напрыклад, цікавіцца 9 танкавым корпусам, які вызваляў Пружаншчыну, іншы сабраў найбагацейшы фотаархіў храмаў Пружаншчыны. З задавальненнем сачу за пошукамі супрацоўніцы рэдакцыі Ірыны Уладзіміраўны Сядовай, аднаго з мадэратараў цікавага генеалагічнага форуму, яе тэмы “Святары і святыні Пружанскага раёна”, а таксама “Вуліцы майго дзяцінства”. Чытаю часопісы баявых дзеянняў часцей і падраздзяленняў Чырвонай арміі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вывучаю сайты “Памяць народа” і “Подзвіг народа”, дзе сёння выкладваюць вельмі шмат рассакрэчаных дакументаў, — прызнаецца мая суразмоўца.
Трэба адзначыць, што вялікай папулярнасцю ў краязнаўцаў і мясцовых жыхароў карыстаецца таксама адкрытая група “Шарашова — частка майго жыцця”, створаная ў сацыяльнай сетцы “Укантакце” https://vk.com/club1035133 выпускнікамі Шарашоўскай школы, неабыякавымі да гістарычнага мінулага малой радзімы.
— Там, у прыватнасці, выкладваюцца старыя фатаграфіі з сямейных фотаальбомаў, якія раней нідзе не публікаваліся. Нядаўна адміністратар Антон Панчук выклаў унікальныя здымкі мясцовай Прачысценскай царквы, зробленыя ў 50-х гадах мінулага стагоддзя настаяцелем храма, вядомым фатографам Паўлам Валынцэвічам. Дзякуючы гэтым фатаграфіям, якімі падзялілася ўнучка святара, можна апісаць знешні выгляд і ўнутранае ўбранне храма, які не захаваўся.
Таксама ў групе выкладзены цыкл тэлеперадач пра Шарашэва, нядаўна зняты не без садзейнічання Тэрэсы Віктараўны і паказаны па тэлеканале “БТ-4”.
— Распавялі гледачам пра колішнюю Прачысценскую царкву, пра Міхаіла Баброўскага, які пахаваны на мясцовых могілках, пра кнігу ўспамінаў удзельніка партызанскага руху Вікенція Іванавіча Рыгіна, што нядаўна выйшла ў свет, пра мясцовых жыхароў, якія загінулі ў гады вайны. Нам яшчэ ёсць, што вывучаць: лёсы былых выхаванцаў мясцовага дзіцячага дома, лёс яўрэяў пасёлка, якія былі вывезены і прайшлі трагічны шлях праз пружанскае гета і Асвенцім. Адзінкам пашчасціла выжыць і падзяліцца сваімі ўспамінамі…

Віртуальны музей і міні-экспазіцыі
Як бачым, навуковае жыццё ў Шарашэве б’е ключом. І спрыяе гэтаму, па словах жанчыны, трывалы тандэм краязнаўцаў-аднадумцаў.
— На шчасце, дырэктар нашай школы Аксана Іосіфаўна Пернач — таксама гісторык па адукацыі, больш за тое, патомная краязнаўца. Бацька яе быў вядомым даследчыкам: вывучыў шмат польскіх крыніц і сабраў найбагацейшы фотаархіў, які і лёг у аснову нашага школьнага віртуальнага музея “Гісторыя Шарашова”, прызнанага адным з лепшых у вобласці. Вядома, цяпер сайт патрабуе дапрацоўкі: назапасілася мноства новых матэрыялаў, нешта давядзецца выправіць, паколькі ў нечым мы раней памыляліся. Гэта нармальна, не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць.
Адметна, што ў мінулым навучальным годзе шарашэўскія краязнаўцы рэалізавалі праект па музейнай педагогіцы, які быў прадстаўлены на пленарнай раённай педагагічнай нарадзе. Па ініцыятыве дырэктара школы і пад кіраўніцтвам Тэрэсы Віктараўны ў кожным класе былі арганізаваны пастаянныя музейныя міні-экспазіцыі. У адным паказваюць старыя манеты, у другім — падручнікі, у трэцім — школьную форму і прыналежнасці. Калекцыі тэлефонаў, ключоў, вышытых ручнікоў — усё гэта стала годным дадаткам “Залы славы”, якая па праве застаецца галоўным цэнтрам
краязнаўчай работы школы.

Упэўненыя перамогі
Характэрна, што Тэрэса Віктараўна са сваімі выхаванцамі прымае ўдзел у раённай і абласной дыстанцыйнай краязнаўчай алімпіядзе і штогадовай канферэнцыі вучнёўскіх даследчых работ. Паступова ўзровень іх даследаванняў паглыбляецца. У мінулым навучальным годзе шарашэўцы за сваю работу па гісторыі Прачысценскай царквы былі адзначаны дыпломам III ступені. А ў гэтым сталі пераможцамі: васьмікласнік Сяргей Кабылкевіч узнагароджаны дыпломам I ступені за даследаванне “Помнікі ваеннай гісторыі Шарашэўскага сельсавета”.
— Мы хацелі нават падаць заяўку на міжнародны конкурс, але каранавірус унёс свае карэктывы… Таму будзем імкнуцца ўдзельнічаць у дыстанцыйных конкурсах, — раскрывае планы Тэрэса Віктараўна. І напрыканцы нашай гутаркі дае важную параду:
— Гісторыя пішацца толькі сумеснымі намаганнямі. Кожным з нас. Таму хацелася б звярнуцца да чытачоў газеты: стаўцеся з трапятаннем да старых рэчаў, не спяшайцеся іх выкідваць. Тое, чым карысталіся вашы бабулі і дзядулі, — гэта ўжо рарытэт, які, магчыма, зможа папоўніць музейныя калекцыі. Калі купілі стары дом, агледзьце яго ўважліва, не паліце старыя фота, кнігі ці дакументы. Размаўляйце са старымі, пытайцеся іх пра маладыя гады. Даведвайцеся пра продкаў, збірайце радаводы. І абавязкова дзяліцеся з грамадскасцю сваімі знаходкамі. Гісторыя — такая навука, якая любіць не толькі факты, але і шчодрасць.

Алена ЗЯЛЕВІЧ, фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА