Среда, 1 мая 2024

Дистанция для учителя. Узнали, как учителя района осваивают дистанционное обучение, которого нет

988

Чацвёртая чвэрць гэтага навучальнага года для ўсіх школ рэспублікі пачалася не так, як звычайна. У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй двойчы падаўжаліся канікулы, але і пасля іх, 20 красавіка за парты селі далёка не ўсе вучні. Многія бацькі напісалі заявы на імя дырэктараў школ і цяпер іх дзеці знаходзяцца дома на аддаленай самаадукацыі.


Міністэрства адукацыі дало адназначны каментарый: “Педагогі не павінны весці ўрокі дыстанцыйна. У нас арганізаваны навучальны працэс у школах, дзе яны даюць дзецям матэрыял. Пасля ўрокаў адсутным можа быць выдадзена толькі хатняе заданне”.
Таму на сайтах усіх школ з’явіўся раздзел “Аддаленая самаадукацыя”, дзе настаўнікі сталі пакідаць хатнія заданні і планы ўрокаў. Але многія з іх пайшлі і далей…


Дзмітрый Арабчык, настаўнік матэматыкі СШ №5:


— У сувязі з нізкай наведвальнасцю урокаў у школе неабходна было вырашыць пытанне па аддаленай рабоце. Варыянтаў у мяне было некалькі, напрыклад, можна было ўскласці ўсю адказнасць на дзяцей і даць магчымасць самастойна разабрацца з матэрыялам, а мне на электронную пошту дасылаць выкананыя заданні.
Можна было б паспрабаваць складаць кароткія канспекты па кожным уроку і пакідаць іх у адкрытым доступе, а затым зноў жа вучням выконваць заданні і гэтак жа перасылаць мне іх у электронным фармаце.
Але, такі прадмет, як матэматыка, не кожнаму дзіцяці пад сілу, ды і бацькі не ўсе задачы могуць патлумачыць і дапамагчы разабрацца ў той ці іншай тэарэме. Таму я шукаў рашэнне дадзенай праблемы толькі ў прамой сувязі з вучнямі з дапамогай анлайн-урокаў.
Я выкарыстоўваю некалькі інтэрнэт-рэсурсаў. Для трансляцый урокаў —дадатак Zoom. Ён бясплатны, можна ўсталяваць як на персанальны камп’ютар, ноўтбук, планшэт, так і на смартфон, важна толькі наяўнасць камеры і мікрафона.
Для кантролю ведаў карыстаюся адукацыйнай платформай “Я класс” (http://www.yaklass.by/). Дадзены рэсурс дазваляе ацаніць веды вучняў, можна скарыстацца гатовымі заданнямі, якія прапаноўвае платформа, а можна скласці іх самастойна. Таксама можна выбраць узровень складанасці заданняў, абмежаваць час на іх выкананне, што дазваляе больш аб’ектыўна ацаніць веды вучняў.
Так займацца мы пачалі яшчэ падчас канікулаў, дзеці ўспрынялі гэта станоўча, ім заўсёды цікава ўсё новае. Думаю, буду спрабаваць і іншыя падыходы.

Таццяна Каралюк, настаўніца фізікі гімназіі:
— Я выкладаю фізіку ў 7, 10 і 11 класах, з усімі даводзіцца займацца па-рознаму. Напрыклад, у малодшых — фізіка вывучаецца толькі першы год, таму і матэрыял не такі складаны. Акрамя канспектаў сваіх урокаў я рэкамендую сваім вучням відэаўрокі з ютуб-канала getaclass. Там шмат аніміраваных і проста цікавых ролікаў, якія ў даступнай форме тлумачаць розныя тэмы. Праверыць веды я магу праз дадатак learning.aps. На базе гэтай платформы шмат гатовых тэстаў, якія лёгка можна скарэкціраваць пад свае патрэбы. Дарэчы, я карыстаюся не толькі сваімі напрацоўкамі: вялікую работу ўжо некалькі гадоў вядзе творчая група настаўнікаў фізікі раёна.
Са старшакласнікамі заняткі, зразумела, больш сур’ёзныя, тым больш, што ў мяне ёсць і профільныя класы. Складанасцей з дзецьмі не ўзнікае, бо яны любяць прадмет і зацікаўлены ў яго дасканалым вывучэнні. Напрыклад, наш дзесяцікласнік Адрыян Зарэчны пад кіраўніцтвам настаўніцы інфарматыкі Г.Р. Локцевай і маім распрацаваў мабільны дадатак “Фізіка ў кішэні” (падрабязна тут: https://vk.com/fizikainpocket). Пакуль у ім толькі адна тэма для 8 класа, але і вучні 10 і 11 класаў могуць выкарыстоўваць дадатак для паўтарэння матэрыялу.
А ў бліжэйшы час мы дабавім на наш канал (https://www. youtube.com/channel/UCNUGGq09f8NlfzpfUMR-i2Q) і свае відэа з доследамі і эксперыментамі, якія праводзілі раней.
Ставіць адзнакі ў дадзенай сітуацыі я не магу, але правяраю заданні і ацэньваю іх, каб і ў дзяцей быў стымул.

Алена Клімовіч, настаўніца гісторыі СШ №3:
— Па жыцці я кіруюся словамі навукоўцы і спецыяліста ў вобласці менеджменту Уільяма Дэмінга: “Вы можаце не змяняцца. Выжыванне – справа добраахвотная”.
У сённяшніх абставінах я, з падачы дачкі-студэнткі, якая цяпер на дыстанцыйным навучанні, асвоіла бясплатны веб-сэрвіс Google Classroom. У сваёй рабоце актыўна выкарыстоўваю элементы медыяадукацыі, а гэтая платформа дазваляе лёгка дадаваць аўдыё і відэа, прэзентацыі, малюнкі.
Спачатку я рыхтую ўрок (звяртаю ўвагу на тое, што трэба прачытаць, што выпісаць, што паглядзець), а пасля фармулірую заданне, дзе выстаўляю крытэрыі адзнакі. Дарэчы, адзнака ведаў атрымліваецца поўнасцю аб’ектыўнай. Вучань сам бачыць, што ён можа выканаць, а што не. Разам з кожнай адзнакай (якая пакуль застаецца толькі “на паперы”, але матывуе дзяцей) я дадаю і каментарый, дзе паказваю недапрацоўкі ці памылкі. Усе заданні павінны быць адпраўлены мне да пэўнага тэрміну. Гэта выдатна самаарганізуе дзяцей і ў дадатак вучыць правільна выкарыстоўваць свой час. Дарэчы, зарэгістраваліся на платформе і некаторыя з тых дзяцей, што наведваюць заняткі.
Пры ўсіх станоўчых момантах такі спосаб навучання не заменіць жывы ўрок. Але ўжо сёння я бачу, як у будучым буду выкарыстоўваць Google Classroom для падрыхтоўкі алімпіяднікаў і заняткаў з высокаматываванымі дзецьмі.
На платформе мы займаемся ўсяго некалькі дзён, але мне вельмі прыемна, што вучні не проста падхапілі маю ідэю, але і праяўляюць сябе з лепшага боку.

Вікторыя Сямашка, настаўніца матэматыкі і інфарматыкі СШ №1:


— На працягу трох гадоў я кансультую сваіх вучняў у сацыяльнай сетцы https://vk.com/ і праз дадатак Viber. Я стварала маляўнічыя канспекты і дадавала іх у агульныя чаты. Сёння, зразумела ж, работа з дзецьмі, што засталіся дома, патрабуе больш сур’ёзнага падыходу. Я і мае калегі запісаліся на бясплатны курс асацыяцыі па садзейнічанні развіццю адукацыйных ініцыятыў у галіне дакладных навук і высокіх тэхналогій «Адукацыя для будучыні». Жадаючых аказалася так многа, што мы не трапілі ў першы паток і чакаем сваёй чаргі.
Пакуль жа для заняткаў выкарыстоўваю дадатак Zoom. Аб’ядноўваю вучняў па ўзроўні іх ведаў і даю асобныя для кожнай групы кансультацыі. На самай справе дадаткаў, якімі можа сёння карыстацца настаўнік, вельмі многа. Я стараюся выбіраць тыя, што працуюць і праз мабільны тэлефон: магчыма, не ўсе маюць камп’ютар ці ноўтбук. Для праверкі ведаў рыхтую тэсты, якія правяраюцца ў аўтаматычным рэжыме. Мае вучні любяць і “гуляць” у “Што? Дзе? Калі?”, і “Хто жадае стаць мільянерам?”.

Алена Трафімчук, настаўніца англійскай мовы СШ №1:
— Працаваць з дапамогай інтэрнэту я пачала даўно. Гэта і чаты ў сацыяльных сетках, і блог на сайце школы. Што тычыцца сённяшняй сітуацыі, я карыстаюся платформай learning.aps. Думаю, многім яна вядома. Тут ужо ёсць добрая база, але ёсць і магчымасць дадаваць свае гульні, тэсты і іншае. Раю і дадатак Kahoot, тут мноства гульняў і пазлаў, праз якія дзеці могуць праверыць свае веды і замацаваць матэрыял.
Маім вучням вельмі палюбіліся заданні, якія я даю ім праз генератар QR-кодаў. Яны з задавальненнем вывучаюць звычайную гутарковую тэму, якую я спачатку “шыфрую”.
Тлумачу новы матэрыял, як і многія мае калегі, праз Zoom. Мае вучні – гэта мой асабісты стымул рухацца наперад. Я вельмі сумую па тых, каго пакуль няма ў школе і рада, што сучасныя сродкі сувязі даюць магчымасць бачыць іх усіх і з імі займацца.

Міхаіл Хвісюк, настаўнік фізікі, матэматыкі, астраноміі і дапрызыўнай падрыхтоўкі Шарашоўскай СШ:
— Я і раней выкарыстоўваў “Я класс” для вучняў, якія хварэюць і прапускаюць заняткі. Звярнуўся да гэтай платформы і цяпер, нягледзячы на тое, што ў нашай пасялковай школе праблема адсутнасці дзяцей на занятках не стаіць так востра, як у гарадскіх.
Як і мае калегі, выкарыстоўваю базу платформы, але і ўдасканальваю так, як мне патрэбна. Для найбольш складаных тэм запісваю відэаінструкцыі, для зваротнай сувязі рыхтую тэсты.
Атрымліваецца, што на тыдзень такіх заданняў неабходна падрыхтаваць вельмі многа, а часу не хапае. Але мы не апускаем рукі і стараемся ўдзяляць увагу ўсім нашым вучням.


P.S.Пакуль нумар рыхтаваўся да друку, стала вядома, што настаўнікі СШ №1 В.У.Сямашка і А.М.Трафімчук былі залічаны на курс дыстанцыйнага навучання, які арганізавала «Адукацыя для будучыні».

Падобных настаўнікаў шмат, мы пагутарылі толькі з некаторымі з іх. Калі вы лічыце, што ваш настаўнік таксама праводзіць цікавыя ўрокі для дзяцей, якія засталіся дома, раскажыце нам пра гэта па нумары 9-15-02 або напішыце https://vk.com/id16647181.
Падрыхтавала Кацярына Пашкевіч.
Фота з архіва рэдакцыі і сеткі інтэрнэт.