Пятница, 29 марта 2024

В Пружанах во второй раз выбрали Королеву

2 441

Кожная жанчына дастойна звання каралевы. Гэтую думку ўзялі за аснову арганізатары конкурсу прыгажосці, грацыі і таленту “Queens-шоу”. У мінулую суботу сцэна Палаца культуры ззяла нібыта карона каралевы, а сапраўдным яе ўпрыгожаннем сталі 8 удзельніц.


Сёлета конкурс праводзіўся ўжо ў другі раз, нягледзячы на гэта некаторыя жыхары горада блытаюць яго з “Міс Пружаны”. Аднак у “Queens-шоу” зусім іншы фармат: усе яго ўдзельніцы – жанчыны ва ўзросце ад 30 да 40 гадоў, шчаслівыя мамы і жонкі. Выхад на сцэну для некаторых з іх стаў іспытам сябе. Але хваляванне – далёка не адзінае, праз што прыйшлося прайсці прыгажуням. На шляху да перамогі кожную з іх чакалі чатыры творчыя выпрабаванні.
Падчас першага конкурсу ўдзельніцам трэба было крэатыўна прадставіць сябе гледачам і, канечне ж, членам журы. Трэба сказаць, што абсалютна кожная падышла да конкурсу творча. Судзіце самі: канкурсантка пад першым нумарам, інспектар па кадрах каледжа Вікторыя Саханевіч расказала пра сябе ў вершаванай форме. Пра ўрача-валеолага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, удзельніцу пад нумарам 2 Кацярыну Каляду распавяла дачка Соня ў міні-мультфільме, які намалявала сама.

Работніца завода радыёдэталяў Маргарыта Максімовіч (№3) выканала песню пра сябе. Дарэчы, з яе стала зразумела, што да публічнасці Маргарыце не прывыкаць: у малым узросце яна нават пабывала на вядомым тэлешоу “Поле цудаў”. А вось удзельніца пад 4-ым нумарам, музычны кіраўнік д/с №3 Таццяна Сёмуха ў 5 гадоў стала “Міс Дзюймовачкай”. Яна пазнаёміла з сабой пры дапамозе відэафільма. У прыгажуні пад 5-ым нумарам, рытуальнага агента Вікторыі Насытка, у дзень конкурсу сеў голас, аднак гэта не перашкодзіла ёй дастойна прадставіць сябе. Зрабіла яна гэта пры дапамозе мальберта і фарбаў, якімі намалявала колеры, што характарызуюць яе. Фельчару хуткай дапамогі Вользе Кардзіс (№6) у стварэнні візітоўкі дапамаглі верш і фотаздымкі.

У форме фотапрэзентацыі прадставіла сябе апаратчык хімводаачысткі цеплавой станцыі Наталья Кунда, якая выступала пад №7. Намеснік начальніка Пружанскага філіяла Брэсцкага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры Юлія Кунда (№8) здзівіла камандай падтрымкі, харызматычнасцю — і таксама выбрала вершаваную форму прадстаўлення.


Наступны конкурс – “Fashion-мадэльер” – паказаў, што канкурсанткі – выдатныя рукадзельніцы і добрыя дызайнеры.

Па яго ўмовах удзельніцам неабходна было зрабіць сукенку.

Кожная з прыгажунь прадстала перад гледачамі ў выглядзе пэўнай кветкі.

Атрымаўся цудоўны букет з васьмі кветак: духмянай півоні, строгай папараць-кветкі, сціплай герберы, пяшчотнай фуксіі, незвычайнай магноліі, каралевы кветак ружы, рамонка і сімвала Беларусі васілька.

Працягам шоу стаў конкурс “Арт-queen”. У ім прыгажуні-канкурсанткі дэманстравалі свае таленты і творчыя здольнасці. Удзельніцы па-сапраўднаму здзівілі. Так, Наталья Кунда паказала, што добра спявае і грае на гітары. Маргарыта Максімовіч прачытала маналог з расказа А.П. Чэхава.

Усходнім танцам парадавала Вікторыя Саханевіч, а Таццяна Сёмуха разам з дачкой Валерыяй станцавалі цыганскі танец. Таксама з дачкой выступіла Вольга Кардзіс.

А вось Юлія Кунда пры дапамозе мужа і дачкі паказала замалёўку з жыцця сціплых прыгажунь.


У якасці фінальнага выпрабавання арганізатары падрыхтавалі “Парад прыгажунь”. Падчас яго канкурсанткі прадэфіліравалі ў вячэрніх сукенках – зала не скупілася на апладысменты. Тым больш што дэфіліраваць давялося па сапраўдным подыуме, які спецыяльна для конкурсу зрабілі арганізатары.


Пакуль журы падводзіла вынікі, гледачам было паказана відэаінтэрв’ю, якое яшчэ больш раскрыла жанчын. Парадавалі сваімі нумарамі артысты і танцавальныя калектывы Палаца культуры. Таксама была праведзена латарэя сярод гледачоў: тром шчасліўкам дасталіся падарункі ад кампаніі Faberlic. Дарэчы, у сёлетняга шоу было многа партнёраў. Удзельніцы атрымалі сертыфікаты на наведванне клуба аматараў ёгі ад Палаца культуры, трэнажорнай залы і аквапарку – ад ДЮСШ №2, падарункі ад прафсаюзных арганізацый, візажыста Яны Гурыч, студыі прыгажосці “Beauty Rai”. Рабіла канкурсантак прыгожымі, працавала над прычоскамі і макіяжам цырульнік-візажыст Марына Чарных.


Але ж конкурс ёсць конкурс. Вядучыя шоу Марыяна Строк і Юрый Ліпіч аб’явілі вынікі. Такім чынам, самай стыльнай каралевай прызнана Вікторыя Саханевіч.

Тытул “крутой каралевы” атрымала Юлія Кунда, а палымянай названа Вольга Кардзіс. Званне каралевы моды прысуджана Таццяне Сёмухе,

самая элегантная па выніках шоу – Вікторыя Насытка, а самая творчая – Наталля Кунда. Віцэ-каралевай названа Кацярына Каляда.

А вось абсалютнай пераможцай “Queens-шоу-2020” і ўладальніцай кароны стала Маргарыта Максімовіч. Пасля конкурсу Маргарыта расказала, што перамогі не чакала. Атрымаць тытул каралевы ёй дапамагла падтрымка сям’і і сяброў. Менавіта яны былі побач пры падрыхтоўцы да конкурсу і, зразумела, падтрымлівалі падчас шоу. Уласна, і перамогу Маргарыта прысвяціла родным і блізкім.


Тым часам Палац культуры абяцае здзіўляць і далей, таму ў наступным годзе чакаем трэці сезон “Queens-шоу”. А, магчыма, у хуткім часе з’явіцца падобны конкурс і для мужчын.
Уладзіслаў Шпарла, студэнт БрДУ імя А.С. Пушкіна.
Фота Сяргея Талашкевіча. Больш фота тут: https://vk.com/album-23306785_270764902