Суббота, 8 августа 2020

Наш опрос: кто самая авторитетная белоруска?

807

Пяшчотныя, добрыя, працавітыя, усмешлівыя, самыя прыгожыя і любімыя… Усё гэта пра жанчын. Напярэдадні цудоўнага вясновага свята – Дня жанчын — нашы карэспандэнты выйшлі на вуліцы горада і пацікавіліся ў мужчын, якую беларускую жанчыну можна назваць самай вядомай і аўтарытэтнай?

Максім:


—Паколькі я лёгкаатлет, то для мяне адна з самых вядомых і паспяховых беларускіх жанчын – Вольга Мазуронак. Гэта марафонка, неаднаразовая чэмпіёнка прэстыжных спаборніцтваў, чэмпіёнка Еўропы. У некаторым плане гэта мой асабісты арыенцір, таму што ў тым ліку і яе поспехі матывуюць на новыя спартыўныя дасягненні. У прыватнасці, я двойчы займаў 2-е месца на чэмпіянаце рэспублікі па лёгкай атлетыцы сярод навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў. Поспехі такіх спартсменак, як Вольга, па-сапраўднаму натхняюць і прымушаюць не спыняцца на дасягнутым.

Мікалай:


—Ведаю адну вельмі мудрую бабулю, якую завуць Ганна. Яна неаднойчы казала: “На месцы і камень мохам абрастае”. Гэта значыць, што моладзь не павінна збягаць за мяжу, а рабіць лепшай сваю краіну. Чамусьці маладыя людзі вельмі зайздросцяць поспехам іншых краін і не разумеюць, што Беларусь – цудоўная і прыгожая. Да прыкладу, мой брат з’ехаў у Канаду і вельмі шкадуе, што не застаўся жыць на радзіме. Думаю, што варта прыслухоўвацца да парад старэйшага пакалення. Іх вопыт – сапраўдная крыніца мудрасці.

Мікалай:


—Самая добрая, прыгожая і мудрая для мяне — гэта мая жонка Алена. Займаецца ўласным бізнесам. Яе вельмі любяць дзеці і ўнукі, яна добрая гаспадыня. Шаную жонку за тое, што яна ўмее стварыць утульнасць у доме, за падтрымку і добры настрой і віншую з надыходзячым святам!

Ілья:


—Люблю глядзець спартыўныя трансляцыі, асабліва біятлон і тэніс. Зараз адна з самых вядомых жанчын Беларусі – біятланістка Ірына Крыўко. Рэгулярна сачу за яе поспехамі, глядзеў і выступленне на нядаўнім чэмпіянаце Еўропы ў Раўбічах. Што ж тычыцца тэніса, то тут, канечне ж, варта назваць Арыну Сабаленка, першую ракетку Беларусі. Поспехі гэтых жанчын дораць незабыўныя эмоцыі ўсім аматарам спорту!

Іван:


—Безумоўна, гэта Дар’я Домрачава – чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, Герой Беларусі. Гэта вельмі прэстыжнае званне, таму мне здаецца, што гэтая жанчына мае права называцца самай аўтарытэтнай і вядомай у нашай краіне. Я не асабліва сачу за выступленнямі біятланістаў, але са спортам сябрую, таму што вучуся ў абласным кадэцкім вучылішчы ў Баранавічах, дзе займаюся лёгкай і цяжкай атлетыкай.

Дзмітрый:


— Якая жанчына самая вядомая і аўтарытэтная? Мая жонка Жанна! Кахаю яе і паважаю за дабрыню і пяшчоту. Яна ў мяне лепшая за ўсіх: самая прыгожая і клапатлівая.
З задавальненнем віншую яе з 8 Сакавіка і з надыходзячым днём нараджэння!

Думкамі цікавіўся Уладзіслаў Шпарла, студэнт БрДУ імя А.С. Пушкіна.
Фота Сяргея Талашкевіча