Четверг, 29 октября 2020

Итоги областной коллегии: видеть проблемы и решать их

345

У сераду наш горад і раён прымалі ўдзельнікаў выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама.


Акрамя спецыялістаў, якія курыруюць пытанні ідэалагічнай работы і маладзёжнай палітыкі, а таксама кіраўнікоў дзяржаўных друкаваных і электронных СМІ рэгіёна, удзел у рабоце калегіі прынялі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці А.М.Маркевіч, намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай і інфармацыйнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.М.Ліпніцкі, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь А.М.Карлюкевіч, вядучы спецыяліст інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь А.В. Рошчанка, галоўны рэдактар “Сельскай газеты” С.Р.Міховіч, старшыня Пружанскага райвыканкама Ю.Ю.Бісун, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.


Па прыбыцці ў Пружаны госці наведалі музейныя экспазіцыі ў пакоі воінскай славы ў Палацы культуры і музейным пакоі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. Таксама адбылося ўскладанне кветак да помніка спаленым вёскам, пасля чаго прысутныя накіраваліся ў Кляпацкі СДК, дзе і прайшло пасяджэнне калегіі.
У прывітальным слове да ўдзельнікаў старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, які, дарэчы, у студзені адзначыў сваё 80-годдзе. Больш падрабязна кіраўнік раёна спыніўся на наладжванні палітычна-культурных сувязяў, якія складваюцца на тэрыторыі Пружаншчыны.
З дакладам аб выніках работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама за 2019 год і задачах на 2020 год выступіла начальнік галоўнага ўпраўлення Т.М.Гагакава. Працягам тэмы, як бы сказалі журналісты, — аб набалелым стала выступленне памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектара па Брэсцкай вобласці А.М. Маркевіча. Найперш ён акрэсліў такую праблему, як памяншэнне колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва і нізкія заробкі людзей.


—А праблемы мы самі бачым? Працуем на апярэджанне? – ужо не сцвярджаў, а пытаўся Анатоль Мечыслававіч.
Дакор гучаў і ў адрас дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, у якіх назіраецца недастаткова крытычных публікацый і перадач. У тым ліку і з-за гэтага чытацкая і глядацкая аўдыторыі паступова сыходзяць да сумніўных крыніц інфармацыі, і найчасцей — у інтэрнэт-прасторы, дзе, як вядома, нялёгка знайсці даставерную інфармацыю ці наогул вызначыць яе праўдзівасць.
Таму, як заклік да дзеяння прагучалі словы міністра інфармацыі ісці за спажыўцом, незалежна ад таго, дзе ён бярэ неабходную інфармацыю: з газет, радыё, тэлебачання ці інтэрнэту. Галоўнае – данесці яе праўдзіва і зрабіць гэта аператыўна, чым і адрозніваецца прафесійная журналістыка.


За лепшыя прафесійныя вынікі былі адзначаны многія ідэалагічныя работнікі. У іх была магчымасць не толькі падзяліцца вопытам, але таксама і павучыцца: у фае СДК працавалі выставы разнастайных устаноў і арганізацый. Сярод іх цікавасць ( і найперш — у калег-журналістаў) выклікала выстава “Раённых будняў”. Радавалі вока экспазіцыі Кляпацкага СДК, патрыятычнасцю адрознівалася выстава цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Засіма, шмат карыснай інфармацыі можна было атрымаць з даведачнай літаратуры, якую прадаставіла галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама.


Аднак увагу мінскіх гасцей найбольш прыцягнулі выставы раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”, захапляльна пазнаёміла з якой яе кіраўнік Т.К.Кашкан, і Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Навучэнцы каледжа не толькі расказалі, але і паказалі, як прымнажаць дасягненні – для сябе, для краіны, для будучыні.
Галіна КАЛЯДА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).