Вторник, 21 мая 2019

К 75-летию освобождения Беларуси. В момент поседевшие

268

«Хутка 9 мая… Вялікае свята, якое выклікае ў маёй душы асаблівыя пачуцці і ўспаміны. Я накуплю кветак і паеду ў Слабудку да брацкай магілы, дзе знайшлі апошні прытулак тысячы байцоў Чырвонай Арміі, мірных жыхароў і падпольшчыкаў. Сярод іх ляжыць і мой навечна 39-гадовы бацька, бязлітасна забіты фашыстамі», — са слязамі на вачах пачынае нашу размову Мікалай Мацвеевіч Казловіч. Пажылы мужчына, дарэчы, былы школьны інспектар раёна, прыйшоў у рэдакцыю, каб праз газету ўшанаваць памяць свайго роднага героя.

Шмат гадоў мой суразмоўца шукаў якія-небудзь дакументальныя звесткі пра падпольную дзейнасць былога кіраўніка ячэйкі КПЗБ у в.Загор’е Мацвея Еўдакімавіча Казловіча, перапісваўся з іншымі былымі падпольшчыкамі, апытваў старажылаў, каб разабрацца ва ўсіх абставінах жудаснай смерці бацькі.
Аказваецца, жыццё Мацвея Казловіча вісела на валаску задоўга да прыходу немцаў. Нядобранадзейным Казловіча лічылі і польскія ўлады. Ён быў патрыётам Радзімы: імкнуўся як мага хутчэй дабіцца ўз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй.
Згодна з дакументамі Дзяржархіва Брэсцкай вобласці, Мацвей Еўдакімавіч у 1925 годзе стаў камуністам і пачаў сумесна з аднапартыйцамі арганізоўваць партыйныя ячэйкі на Пружаншчыне. Удзельнічаў у розных масавых мерапрыемствах, якія праводзіліся КПЗБ у тыя гады. Выконваючы партыйныя даручэнні, загорскі актывіст па мянушцы Матрос нават тройчы пераходзіў граніцу.
Матрос — таму што ў свой час, пасля рэвалюцыі, бацька паспеў паслужыць на расійскім флоце, — тлумачыць Мікалай Мацвеевіч. — Бачыце як?! Ад’язджаў «пры цары» (падчас эвакуацыі ў Першую сусветную вайну), служыў «пры бальшавіках», а дадому вярнуўся ўжо «пры паляках».
І адразу М.Е.Казловіч пачаў сваю антыпольскую дзейнасць, за што неаднаразова арыштоўваўся польскай паліцыяй, быў судзімы і адбываў зняволенне ў Івацэвіцкай, Бярозаўскай і Пружанскай турмах.
Упершыню Мацвей Еўдакімавіч, у хаце якога неаднаразова адбываўся канспіратыўны сход членаў КПЗБ, быў пасаджаны ў пружанскі астрог 21-га верасня 1925 года, аднак праз некаторы час выйшаў на волю. Ніякіх дакладных дадзеных пра яго судзімасць і вызваленне ў архіве выяўлена не было.
У 1926 годзе Мацвей Казловіч ажаніўся і стаў спалучаць сямейныя справы з «падпольнымі». За што быў зноў арыштаваны. Аднак рашэннем Гродзенскага акруговага суда ад 20 чэрвеня 1927 года на выязной сесіі ў Слоніме быў выпушчаны на волю. Не прайшло і года, як 19 лютага 1928 года той жа суд прыгаварыў беларускага актывіста-падпольшчыка да паўтара года турмы (дакладная дата арышту, месца зняволення і дата вызвалення ў архіўных дакументах не пазначаныя).
— Дзякуючы суседзям-«добразычліўцам», у прыватнасці стараннаму паведамляльніку па прозвішчы Цімашко, тата быў пастаяннай жывой мішэнню для польскіх уладаў. Увогуле «пры паляках» паўсюль хадзілі шпікі і агенты, — сведчыць мой суразмоўца, якому, дарэчы, шмат пра бацьку расказаў Іван Данілавіч Казловіч. Член КПЗБ з 1933 года, інструктар Пружанскага райкама партыі, ён, як і Мацвей Еўдакімавіч, у свой час узначальваў загорскую камсамольскую ячэйку.
— Вось што Іван Данілавіч пісаў у сваіх лістах да мяне: «Ваш бацька быў узорам мужнасці, стойкасці, прынцыповасці і добрасумленнасці. Ён паўплываў на фарміраванне патрыятычнага светапогляду многіх маладых людзей. Яго служба Радзіме пачалася яшчэ тады, калі я «пад стол пешшу хадзіў», — з непрыхаванай дрыготкай у голасе зачытвае Мікалай Мацвеевіч.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй яго бацька працаваў загадчыкам Бортнавіцкай пачатковай школы, паколькі ў свой час у Самары паспеў скончыць настаўніцкую гімназію. І толькі страшны 1941 год прымусіў яго вярнуцца да падпольнай работы. Мацвей Казловіч стаў падтрымліваць сувязь з партызанамі, за што і быў у 1942 годзе арыштаваны немцамі.
У тыя дні ў Загор’і стаяў невялікі нямецкі гарнізон да сарака чалавек, якія па пэўным графіку прачэсвалі мясцовасць. І вось неяк каля вёскі з’явіўся савецкі афіцэр, якому, як пазней высветлілася, удалося прарвацца з Брэсцкай крэпасці праз акружэнне і прайсці дзясяткі кіламетраў незаўважаным для нямецкіх пастоў. Вайсковец прасіў жыхароў Загор’я падказаць, як прайсці праз балота, каб дабрацца ў Ружанскую пушчу да партызан. Адзін вясковец аказаўся здраднікам: падказаў «патрэбную» дарогу, якая прывяла не ў пушчу, а да нямецкага ачаплення…
Праз некаторы час партызаны адпомсцілі за забітага савецкага афіцэра. Гэта і справакавала арышт Мацвея Казловіча, якога ўжо даўно падазравалі ў сувязі з партызанамі.


— Я добра памятаю падзеі тых дзён, — успамінае Мікалай Казловіч, якому тады споўнілася 14 гадоў. — На досвітку ў хату ўварваліся немцы і пачалі патрабаваць, каб бацька паказаў дарогу да партызан. Ён маўчаў… Калі тату забралі, мы ўсе моцна плакалі… Я выбег на вуліцу, бачу: яшчэ адзін служка нямецкі едзе. «Тату вярніце!» — крычу яму. А ён моўчкі глянуў на мяне і далей паехаў. Пазней на вочнай стаўцы ў турме (спачатку тату ў «чырвонай» турме трымалі, потым — у «белай») высветлілася, што менавіта ён тату і выдаў… Аднойчы… нават прыгразіў маме, маўляў, дзякуй, што ўсю сям’ю не выдаў… 20 чэрвеня 1942 года майго бацьку, Мацвея Еўдакімавіча Казловіча, разам з іншымі актывістамі вывезлі ў Мікіцкае ўрочышча і расстралялі… Мы, трое братоў, умомант асірацелі, а мама наша на вачах пасівела…
Алена Зялевіч.
Фота Сяргея Талашкевіча і з уласнага архіва М.М.Казловіча.