Воскресенье, 20 января 2019

Помощь или избавление от мусора? Волонтеры Красного Креста рассказали, чем заполняется «контейнер добра»

473

Прайшло восем месяцаў, як каля будынка Пружанскага сельскага Савета,у якім размяшчаецца і кабінет раённага аддзялення Чырвонага Крыжа, была ўстаноўлена скарбонка для збору гуманітарнай дапамогі, а дакладней, вопраткі , для бедных людзей. Варта адзначыць, што пружанцы актыўна адгукнуліся на заклік Чырвонага Крыжа падтрымаць тых, каму цяпер матэрыяльна цяжка,— інвалідаў, шматдзетныя сем’і, адзінокіх пажылых людзей, пагарэльцаў, перасяленцаў і г.д.


Кожны тыдзень, а то і па два разы на тыдзень старшыня аддзялення Людміла Лелікоўская адчыняе поўнасцю запоўненую скарбонку і выгружае з яе цэлафанавыя пакеты з вопраткай. За гэты час падсобнае памяшканне Чырвонага Крыжа ператварылася ў сапраўдны склад. І для валанцёраў групы “Ветэраны” знайшлася новая работа: мы пачалі час ад часу збірацца тут, каб хоць крыху пасартыраваць гуманітарку, якая толькі што паступіла. Курткі — мужчынскія і жаночыя разам — складваем на стэлажы ў адным кутку, жаночую вопратку (яе паступае найбольш)—у другім, дзіцячую — пасярэдзіне прасторнага памяшкання. Асобна складваем абутак, шапкі, цацкі…


Безумоўна, трэба сказаць шчыры дзякуй людзям, якія перадаюць гэтую дапамогу. Многія з іх рыхтуюць яе з усёй цеплынёй і адказнасцю. Гэта бачна па рэчах у пакетах. Вопратка памыта, а часам, і адпрасавана, акуратна складзена. Асабліва гэта тычыцца дзіцячага адзення. Перабіралі мы такія пакеты з дзіцячымі сукенкамі, касцюмчыкамі, маечкамі і міжволі ўзнікала думка: вось сыночак ці дачушка выраслі і клапатлівая мама акуратна сабрала іх рэчы, каб данасілі іншыя дзеткі…


Але, на жаль, здараецца і іншае. І адмоўных момантаў у дадзеным выпадку чамусьці намнога больш. У пакеты складваецца не толькі непатрэбнае самім гаспадарам, але і тое, што трэба без роздуму выкідваць на сметнік, спальваць ці здаваць у спецыяльныя пункты прыёму.


Я сумняваюся, што жанчыны, якія адпраўлялі ў якасці гуманітарнай дапамогі свае рваныя нейлонавыя сукенкі, брудныя сарочкі, выцягнутыя, дзіравыя світары і стаптаныя туфлі, думалі аб тым, каб іх нехта панасіў. Не, яны проста збаўляліся ад непатрэбнага хламу ў доме. Інакш як можна патлумачыць знаходжанне ў адным вялікім пакеце з падобнай вопраткай і дзіравымі шкарпэткамі чорнай (відаць, спаленай) каструлі…І падобных прыкладаў можна прывесці шмат. Невыпадкова куток, у які валанцёры адкідваюць усё непатрэбнае — брудныя, ірваныя, паедзеныя моллю і мышамі рэчы — запаўняецца ледзь не тымі ж тэмпамі, як і вялікія дзіцячыя стэлажы. Што ж, мы самі занясём іх качагарам. Балазе, кацельня знаходзіцца побач.


Ці, магчыма, хто-небудзь з падобных «дабрадзеяў» падкажа, як можна іх «вопратку» перадаць людзям у якасці дапамогі?


Закончыць свой артыкул мне хочацца ўсё-такі на станоўчай ноце. Мы з вамі робім добрую справу. Паверце, вакол нямала людзей, якія маюць у ёй патрэбу і якім ваш старанна памыты і нават зацыраваны світар ці дзіцячая куртачка дапамогуць перажыць сёлетнюю зіму. Давайце адносіцца да гэтага больш сур’ёзна і адказна. Дабрыня патрабуе клопату і спачування.
Ганна Хадаровіч

P.S. Раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа пераканаўча просіць добрых людзей часова прыпыніць здачу вопраткі ў скарбонку. На складзе трэба зрабіць хаця б невялікі касметычны рамонт і ўстанавіць стэлажы і вешалкі. А да тых, хто мае патрэбу ў гуманітарнай дапамозе, звяртаемся асобна: не саромейцеся — прыязджайце ў будынак Чырвонага Крыжа (вул. Лазо, 6). Вам дапамогуць выбраць неабходнае.

*фота носіць ілюстрацыйны характар.