Самы буйны населены пункт Ліноўскага сельсавета — сам аграгарадок Лінова: на тэрыторыі населенага пункта налічваецца без малога 700 двароў, а пражывае амаль 1700 чалавек. Натуральна, у яго старасты Дзмітрыя Каляды клопатаў больш, чым у яго калег, на якіх ускладзены гэтыя грамадскія абавязкі.

Грамадскі абавязак Дзмітрый Паўлавіч выконвае ўжо шэсць гадоў. Пра яго адгукаюцца добрымі словамі і паважае як кіраўніцтва сельвыканкама, так і аднавяскоўцы.
— Гэта той чалавек, якога не проста шануюць, але і да якога прыслухоўваюцца, — падкрэсліваюць у Лінове. — Ён праводзіць работу з людзьмі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, прычым мае на іх станоўчае ўздзеянне, дапамагае вырашаць пэўныя бытавыя пытанні нямоглым старым, арганізоўвае пахаванне адзінокіх людзей.
Мужчына знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Таму не шкадуе ўласнага часу на грамадскую дзейнасць: удзельнічае ў абследваннях домаўладанняў, апавяшчае насельніцтва, эфектыўна ўзаемадзейнічае з жыхарамі… За плячыма гэтага старасты ўжо нямала вырашаных пытанняў.
Што тычыцца парадку, Дзмітрый Каляда не толькі робіць заўвагі нядбайным гаспадарам, але і сам з’яўляецца для іх прыкладам: на яго сядзібе заўсёды ўзорны парадак.
Акрамя таго, сёлета Дзмітрый Паўлавіч стаў адным з ініцыятараў па зносе аварыйных дрэў на мясцовых могілках.
— Праблема не надуманая, а даволі вострая: мяркуйце самі: на Аранчыцкіх могілках налічылі каля 14 дзясяткаў дрэў, якія належаць выдаленню, — гаворыць старшыня сельвыканкама Т.М.Мардань. — Дзмітрый Паўлавіч узяўся дапамагчы яе вырашыць.
Разам з такімі ж актыўнымі людзьмі, як сам, збіраў на гэта грошы ў насельніцтва, шукаў родных тых, хто тут пахаваны, каб паўдзельнічалі ў добрай справе. Сабраных пяці тысяч рублёў хапіла, каб брыгада спецыялістаў знесла паўсотні дрэў, якія ўяўляюць сабой небяспеку. Збор сродкаў працягваецца.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).