Воскресенье, 19 мая 2024

Беларус, які нарадзіўся ў Аргенціне, прыехаў з дачкой на радзіму продкаў і расказаў, як за акіянам беларускую культуру захоўваюць

1 384

Сёння па-за межамі Беларусі ў розных кутках планеты жывуць мільёны беларусаў і іх нашчадкаў у другім і трэцім пакаленнях. Шмат гадоў таму іх продкі пакінулі радзіму ў пошуках лепшага жыцця, аднак родная беларуская зямля ўсё заклікае сваіх “птушанят” назад… З адным з іх мне пашанцавала нядаўна пазнаёміцца. Жыхар г. Буэнас-Айрэса Мікалай Свібовіч прыехаў у Беларусь ужо ў другі раз, каб пабачыцца са сваімі роднымі і сябрамі, і завітаў на Пружаншчыну да пляменніцы Ганны Аляксееўны Таболіч. У яе доме ў аг. Калядзічы і адбылася наша сустрэча.
Спадар Мікалай прыехаў не адзін, а разам з дачкой Надзеяй. Смуглявая прыгажуня, у жылах якой цячэ і аргенцінская кроў, адразу кінулася да мяне, чужога чалавека, каб абняць і пацалаваць.
— Вы не здзіўляйцеся! У нас, у Аргенціне, так прынята! — бачачы маю збянтэжанасць, тлумачыць паводзіны дачкі спадар Мікалай. — Надзя гаворыць толькі па-іспанску і пры неабходнасці па-англійску, а вось беларускай мовы, на жаль, не ведае, таму сваім жэстам хацела выказаць Вам, а праз Вас — усяму беларускаму народу, сваю павагу.

Больш за 80 гадоў прайшло, як дзед Мікалая Герасім Свібовіч, ураджэнец в. Добрая Воля (Лунінецкі раён) вырашыў вывезці за акіян, у Паўднёвую Амерыку, усю сваю сям’ю — з дзецьмі і ўнукамі. Былы вайсковец, які чвэрць стагоддзя адслужыў у царскай, а потым у польскай арміі і з мноствам раненняў прайшоў Першую сусветную вайну, выдатна разумеў, што ў Еўропе наспявае новая вайна.
— Як бацька ўспамінаў, дзед строга загадаў усім: “Выязджаем!” — і даў усяго некалькі дзён на зборы. Родныя прыплылі ў Аргенціну ў 1937 годзе, а ўжо праз два гады фашысцкая Германія запатрабавала ў Польшчы вярнуць Гданьск (партовы горад, адкуль мы адплывалі). Дзед меў рацыю, — распавядае пра пачатак “лацінаамерыканскай эпапеі” сваіх родных мой суразмоўца (дарэчы, сам ён нарадзіўся ўжо на чужбіне ў 1950 годзе).
Яго бацькі Аляксей Свібовіч і Тэкля Нагорная, простыя беларускія сяляне, не захацелі заставацца разам з Герасімам і яго старэйшым сынам у Аргенціне, якая да таго часу яшчэ не паспела акрыяць ад перанесенага эканамічнага крызісу, і пераехалі ў Парагвай з сынам Філіпам і дачкой Аленай (сёння ёй ужо 93 гады). Жабрацкаму жыццю надгаладзь у горадзе Свібовічы аддалі перавагу сельскагаспадарчай працы на хутары, якая гарантавала хоць які-небудзь пражытак. У Парагваі да таго часу скончылася вайна з Балівіяй, на хутарскіх гаспадарках не хапала моцных мужчынскіх рук, і краіна з задавальненнем прымала еўрапейскіх эмігрантаў.
— Бацькі пасяліліся ў калоніі Сан-Хуан за 20 км ад пагранічнага горада Энкарнасьён і працавалі там на так званай “чакры”. Вырошчвалі пшаніцу, маіс. У Парагваі зямля такая ўдзячная: што ні пасееш — усё вырасце! Хутка разраслася і наша сям’я: адзін за адным на свет з’явіліся трое маіх братоў і я… Мы дапамагалі бацькам разводзіць коней, свіней, курэй і іншую жыўнасць. Тата нават лес валіў, а мама ў гэты час яго з вінтоўкай ахоўвала ад агрэсіўна настроеных індзейцаў. У вольны час бацька хадзіў на рыбалку. А рыба там, ведаеце, якая? Калі нясеш у руках, то яе хвост па зямлі цягнецца. Вадзіліся ў той мясцовасці і змеі да 4 метраў даўжынёй, і гепарды, і ягуары. Аднойчы велізарны мядзведзь у дом ламаўся, і бацька, каб выратаваць сям‘ю, вымушаны быў кінуць у яго сякеру. Сярод мясцовага насельніцтва тата лічыўся добрым спецыялістам па забоі свіней, і ў нас у гаспадарцы была асобная камора для апрацоўкі туш. Потым варылі квашаніну, боршч, сала смажылі. Увогуле мама гатавала простую беларускую ежу, — успамінае Мікалай Аляксеевіч.

Усіх імігрантаў, якія прыбылі з Польшчы, нават праз гады лацінаамерыканцы ўпарта называлі “паляко”, не спрабуючы разабрацца, хто з іх у рэчаіснасці паляк, украінец, рускі ці беларус.
— Сапраўды, там, за акіянам, адбылося асаблівае перапляценне культур. Дома мы гаварылі па-беларуску, часам дадаючы рускія словы. З украінцамі, якія жылі побач, размаўлялі па-ўкраінску, з мясцовым насельніцтвам — на адным з іспанскіх дыялектаў, які мы называем “касціжэ”. Сваіх беларускіх школ мы не мелі і вымушаныя былі вывучаць чужую мову, на якой сёння размаўляюць нашы дзеці ад змешаных шлюбаў. Дзеці, на жаль, усё больш англійскую мову імкнуцца вывучаць, беларускай і не ведаюць, — з непрыхаваным жалем у голасе кажа заакіянскі госць.

Нядзіўна, што жыццё ўдалечыні ад родных месцаў, у чужародным іншамоўным асяроддзі выклікала ў пажылых імігрантаў балючую настальгію, таму многія з іх, і ў тым ліку і дзед Мікалая Герасім і іншыя родныя, вырашылі вярнуцца на радзіму, як толькі з’явілася магчымасць. Справа ў тым, што пасля вайны Аргенціна ўстанавіла дыпламатычныя адносіны з Савецкім Саюзам, адкрыўшы ў Буэнас-Айрэсе пасольства. У СССР, у сваю чаргу, пасля смерці Сталіна быў выдадзены ўказ аб тым, што савецкія грамадзяне за мяжой могуць вярнуцца на радзіму. Герасім Свібовіч распрадаў маёмасць і разам з адным з сыноў з’ехаў у СССР.
— Сказаў нам, што хоча памерці на радзіме. Але мае бацькі засталіся. Мама сказала: «Там, у Еўропе, часта бывае вайна. Не хачу бачыць, як па нашай вуліцы будуць хадзіць нямецкія, польскія ці аўстралійскія салдаты»… Пазней, прадаўшы дом у Парагваі, у 1957 годзе бацькі пераехалі ў Аргенціну і пасяліліся ў правінцыі Буэнас-Айрэса недалёка ад сваякоў. Старэйшы брат бацькі дапамог набыць нам маленькі дом, які мы з часам адбудавалі…
У Буэнас-Айрэсе Мікалай Аляксеевіч атрымаў спецыяльнасць машыніста парахода, пазней чатыры гады вучыўся ў інстытуце на архітэктара, але па сямейных абставінах не змог яго скончыць. Уладкаваўся на працу, сам спраектаваў і пабудаваў уласны дом, ажаніўся з аргенцінкай, каталічкай па веравызнанні. Варта заўважыць, што дачку сваю мужчына ахрысціў у праваслаўнай царкве і назваў Надзеяй — у гонар таго светлага пачуцця, якое акрыляла яго ўсе гэтыя гады.
— Я нарадзіўся на чужой зямлі, але мае бацькі змаглі прывіць мне вялікую любоў да Беларусі, куды я доўгія гады імкнуўся прыехаць. У 1992 годзе, дзякуючы падтрымцы актывістаў нашага клуба імя Мікалая Астроўскага, мая мара здзейснілася. У цэлым, у Аргенціне налічваюцца дзясяткі такіх культурных цэнтраў, пабудаваных яшчэ пры падтрымцы СССР, дзе развіваюць усходнеславянскую культуру: украінцы — сваю, рускія — сваю, а мы не забываемся пра беларускія карані. Толькі ў нашым раёне каля сямі клубаў, наш “Астроўскі” — адзін з самых найстарэйшых у краіне.
Аказваецца, падчас разнастайных мерапрыемстваў члены клуба ствараюць для гледачоў сімвалічны маленькі куточак роднага краю: яны апранаюць традыцыйныя вышытыя строі і спяваюць народныя песні, размаўляюць на роднай мове, вывучаюць і рэканструююць старажытныя абрады. На Каляды, Новый год, Вялікдзень, Тройцу і іншыя святы гатуюць традыцыйныя стравы і такім чынам знаёмяць лацінаамерыканцаў з культурай прыгожай краіны Беларусь, якая размяшчаецца на другім канцы свету.
— Мы з вялікім задавальненнем папулярызуем нашу культуру на ўсіх урачыстасцях, прысвечаных этнічным меншасцям у Аргенціне, культывуем братэрства не толькі ўсходнеславянскіх, а ўсіх народаў свету, — раскрывае сваю грамадзянскую міратворчую пазіцыю Мікалай Свібовіч. Ён, дарэчы, спявае ў беларускім хоры “Світанак”, а яго дачка з уласцівым ёй іспанскім тэмпераментам на ўсіх імпрэзах імкнецца танцаваць беларускія, рускія і ўкраінскія народныя танцы (я з замілаваннем гляджу на прыгожы твар гэтай маўклівай аргенцінскай Эсмеральды і, здаецца, ужо бачу яе на сцэне ў прыгожай ільняной вышытай кашулі)…
— Я адчуваю, што ў гэтыя хвіліны Вы душой з намі. Вось так і мая душа ўсе гэтыя гады была з Беларуссю, — адчуваючы мой стан, напрыканцы прызнаецца Мікалай Аляксеевіч. — Мне тут падабаецца ўсё! Ветлівыя людзі, чыстыя вуліцы, дрэвы, пясок… Сэрца перапоўнена радасцю ад таго, што я зноў тут, на зямлі, на якой жылі мае бацькі і якую яны вымушаныя былі пакінуць з-за вайны…
Доўгі час я марыў пабываць у Брэсцкай крэпасці (некалькі гадоў таму ўбачыў мастацкі фільм пра яе абаронцаў, прачытаў кнігу пра апошняга салдата Мікалая, які некалькі месяцаў хаваўся ў падвалах крэпасці і сваімі вылазкамі наводзіў жах на фашыстаў) і, нарэшце, на гэты раз мая мара здзейснілася. А літаральна ўчора я пабываў у пружанскім музеі і ў адной з залаў убачыў сапраўдныя беларускія вышытыя кашулі, падобныя на тыя, якія засталіся мне на памяць пра маці і якія я беражліва захоўваю ў сваім аргенцінскім доме. Ваша краіна для мяне — гэта святое.
Алена Зялевіч.
Фота Сяргея Талашкевіча і з сямейнага архіва Мікалая Свібовіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *