Жыхарка вёскі Паддубна Валянціна Максімаўна Грышчук нядаўна адзначыла сваё 95-годдзе. Аднак, нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, у строгай паслядоўнасці ўпэўнена пералічвае ўсіх сваіх унукаў і праўнукаў, не забываючы закончыць пералік прапраўнучкай Ксюшай. І не дзіўна: яны частыя госці любімай бабулі і прабабулі.
Жыццё юбіляркі не было лёгкім. Разам з братам Іванам рана засталіся без бацькі. Замест вучобы ў польскай школе давялося дзяўчынцы цяжка працаваць. Дапамагала і араць, і сеяць, даглядала свойскую жывёлу.
— Пазычыла мама пастолікі, — успамінае Валянціна Максімаўна, — дала ў рукі кіёк, і я з сямі гадоў пайшла пасвіць кароў.
З будучым мужам — Аляксандрам Піліпавічам — знарок не знаёмілася: абое з адной вёскі. Проста, як заўважае Валянціна Максімаўна, на вячорках раз-два пасядзелі і ўпадабаліся адзін аднаму. Аднак неўзабаве Аляксандра забралі на службу ў польскую армію. А з пачаткам Другой сусветнай вайны на польскай тэрыторыі ён трапіў у нямецкі палон. Адтуль — на работы ў Германіі. Аднойчы яго адпусцілі на малую радзіму праведаць маці, бо, як і Валянціна, рос Аляксандр без бацькі. Ну, а там, сустрэўшыся з каханай, прапанаваў:
— Давай абвянчаемся. Калі загіну, знойдзеш іншага. А калі наканавана лёсам, то вярнуся і будзем жыць разам.
Гэта быў страшны 1943 год. Ішла вайна. Па дазвол звярнуліся ў гміну, якая ў той час размяшчалася ў Шчарчове. А затым селі на воз і паехалі ў Гарадзечненскую царкву, дзе і абвянчаліся. А затым зноў была разлука. Ён паехаў у Германію, яна засталася ў Паддубне: патрэбна было дапамагаць маці і свекрыві.
А хутка ўсіх вяскоўцаў аб’яднала вялікае гора. Пры адступленні немцы спалілі вёску. Валянціна Максімаўна разам з мамай знайшлі свабодны пакой у панскім маёнтку, які пакінуў гаспадар, уцякаючы разам з акупантамі. Тут і знайшоў іх Аляксандр Піліпавіч, які ў 1945 годзе вярнуўся як
удзельнік вайны: пры наступленні Савецкай арміі ён паспеў паваяваць з ворагам на яго тэрыторыі.
З будаўніцтва сваёй хаты пачалося іх мірнае жыццё. А ў пачатку пяцідзясятых гадоў завялі ўласнага коніка на калгасны двор і запісаліся ў калгас. Апрацоўвалі дзялкі. Уручную і жыта жалі, і бульбу капалі. Валянціна Максімаўна ўсё жыццё адпрацавала ў паляводстве, Аляксандр Піліпавіч даглядаў калгасных коней, працаваў у будаўнічай брыгадзе. Трымалі ўласную гаспадарку. Але галоўнае дасягненне, як зазначае юбілярка, — дзеці. Выхавалі трох сыноў і дачку. Прадаўжаюць род Грышчукоў шасцёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў, якія працуюць хто ў сферы грамадскага харчавання, хто ў гандлі, а хто на будоўлі. Але галоўнае, жыць стараюцца так, як некалі іх паважаныя бабуля з дзядулем — па-чалавечы і з людзьмі, і паміж сабой.
На жаль, прайшло шмат гадоў, як дом Грышчукоў у Паддубне апусцеў без гаспадара. Аднак сюды па-ранейшаму прыязджаюць дзеці і родныя. Галоўнай захавальніцай сямейнага гняздзечка застаецца Валянціна Максімаўна, якая дагэтуль па-мацярынску можа пашкадаваць і даць параду.
— У гасцінным бацькоўскім доме заўсёды было шматлюдна, — успамінае дачка Ніна, якая зараз сама жыве побач з маці. — Да таты прыходзілі мужчыны падстрыгчыся. Да мамы збіраліся жанчыны, каб нешта пазычыць і параіцца. А якія смачныя яна пякла бліны, ведала ўся вясковая дзятва. Мама заўсёды частавала імі нашых сяброў. І калі па вуліцы ішлі хлопцы і дзяўчаты з блінамі ў руках, усе ведалі: ад цёткі Валі. Тое ж магу сказаць і пра тату. Ён ніколі не прыязджаў на сваім веласіпедзе дамоў з пустой торбачкай. Хоць кавалачак хлеба, але заўсёды прывозіў нам, дзецям. І я дагэтуль памятаю, які ён быў смачны.
— Мы не жылі багата, — расказвае сын Яўген. — Ведаем цану бацькоўскаму хлебу, але таксама ведаем, што такое клопат і падтрымка родных. Мама з татам сябравалі з людзьмі, з вялікай увагай ставіліся як да чужых, так і да блізкіх. Мая жонка, напрыклад, часта любіць паўтараць, што ніколі не чула ад свекрыві дрэннага слова. Таму і называе яе мамай.
— Наша мамачка — самая лепшая, — зазначаюць пасівелыя ўжо дзеці.
А Валянціна Максімаўна, быццам адказваючы на такую любоў і клопат, прызнаецца, што шчаслівая не толькі ад таго, што выхавала такіх добрых дзяцей, але і што дажыла да гэтых дзён.
Галіна Каляда.
На здымках: Валянціна Максімаўна з братам Іванам; дружная сям’я ў зборы.