Воскресенье, 18 февраля 2018

Спасибо за Победу, Георгий Иванович!

449

Георгій Ільяшэвіч сціскае ў руках сціплы букет чырвоных цюльпанаў. Столькі гадоў прайшло з таго часу, як ён пачуў доўгачаканую вестку, а слова «Перамога!» і сёння выклікае непадробную радасную ўсмешку на твары ветэрана…

Георгій Іванавіч — ураджэнец Пружаншчыны. Ільяшэвічы нямала паездзілі па раёне: жылі на хутары Белка, што некалі існаваў  паблізу Смаляніцы, затым пераехалі ў  Палянова пад Пружаны, дзе пражылі каля дзесяці гадоў, пакуль у 1939 годзе новыя ўлады не перасялілі ў Клетнае. Тут і аселі.

Няхітрыя сялянскія клопаты — бадай, вось і ўсе дзіцячыя ўспаміны Георгія Ільяшэвіча.

— За школьную парту сеў позна. І тое толькі таму, што пачалі палохаць бацькоў штрафам. Простыя сяляне, яны  сапраўды не разумелі, навошта патрэбна тая навука, калі самі ўсё  жыццё пражылі без граматы.

Калі пачалася вайна, Георгію Ільяшэвічу было сямнаццаць гадоў. Старэйшага брата Сяргея якраз прызвалі ў армію на тэрміновую службу, але ён так і  не паспеў  апрануць вайсковую форму, застаўся ў вёсцы. Яго цудам удалося выратаваць ад нямецкай расправы. Праўда, трагічнага лёсу Сяргею ўсё-такі не ўдалося пазбегнуць: яго мабілізавалі пасля вызвалення Пружаншчыны, франтавік  амаль дайшоў да Берліна, але ў баях на Одэры загінуў, пакінуўшы ўдавой жонку, сіратамі — дзетак.

Наколькі цяжкія выпрабаванні ў гады акупацыі выпалі на долю Георгія Іванавіча, ён памятае і дагэтуль. Па падазрэнні ў сувязі з партызанамі юнак разам з бацькам трапіў у Пружанскую турму. Над імі моцна здзекваліся, катавалі.

— Я ўжо нават прасіў, каб мяне забілі: настолькі невыносна было, — успамінае пажылы мужчына. — І толькі калі падчас чарговага допыту я перахрысціўся, запэўніваючы, што не хлушу (а мы сапраўды не мелі ніякага дачынення да партызанаў), нас вырашылі адпусціць: маўляў, сапраўдны савецкі камуніст ніколі не перахрысціцца…

Малады арганізм аправіўся пасля турэмнага зняволення, а вось пажылы бацька праз некалькі дзён ад перанесеных пабояў памёр.

— Усяго, што давялося перажыць, і не раскажаш.

Гаваркі пенсіянер успамінае і свой франтавы  шлях, які пачаўся напрыканцы ліпеня 1944-га:

— Ніякай ваеннай падрыхтоўкі ў нас не было: мабілізавалі — і на фронт.

Георгій Іванавіч ваяваў у складзе Першага Беларускага фронту, быў аўтаматчыкам у 74 гвардзейскім стралковым палку. Варшава, Лодзь, Познань…  Зімой 1945-га баец трапіў у шпіталь: у вулічных баях  атрымаў раненне ў руку. Вось як сам удзельнік тых падзей успамінае пра гэта:

— У якасці сувязнога мне даручылі перабрацца на другі бок шырачэзнай познаньскай вуліцы. Нягледзячы на перакрыжаваны агонь, перабег туды паспяхова: кроў на лбе сведчыла, што мне пашанцавала, — снайперская куля  толькі падрапала скуру. А калі бег назад, «злавіў» варожы падарунак у правую руку, вышэй локця. Там жа мне дасталі кулю і адправілі лячыцца. Пра Вялікую Перамогу пачуў ужо ў шпіталі. Як мы ўсе радаваліся гэтай навіне, памятаю і дагэтуль.

За гэты эпізод з франтавой біяграфіі Г.І.Ільяшэвіч быў адзначаны медалём «За баявыя заслугі», таксама атрымаў медаль «За ўзяцце Варшавы», а пазней франтавіка знайшлі і іншыя ўзнагароды, у тым ліку, ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені.

Пасля вайны Георгій Іванавіч вярнуўся ў Клетнае. Тым часам у вёсцы пачала наладжвацца вытворчасць цэглы. Рабоце на цагельным  заводзе Г.І.Ільяшэвіч аддаў усё сваё жыццё. Пачаў з рабочых пасад,  вырас да старшага майстра ці «малодшага дырэктара», як у калектыве называлі мужчыну, неаднойчы станавіўся пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва. Паралельна ладзіў і асабістае жыццё: абзавёўся сям’ёй, пабудаваў дом, разам з жонкай гадаваў  сыноў, дачакаўся  праўнучкі. 

Сёння 93-гадовы Георгій Ільяшэвіч жыве ў гарадской шматпавярхоўцы, куды некалькі гадоў таму перабраўся з сяла. Нягледзячы на паважаны ўзрост, вядзе даволі актыўны лад жыцця: ездзіць у Клетнае, дзе прайшла большая частка яго жыцця, трымае там вуллі, прымае запрашэнні на гарадскія мерапрыемствы для пажылых людзей.

Вось і сёлета 9 мая ізноў апране свой пінжак з дарагімі сэрцу ўзнагародамі   і пойдзе на мітынг, дзе зойме ганаровае месца ў апусцелых радах ветэранаў. Каб успомніць пра баявую маладосць, згадаць тых, хто не вярнуўся з фронту і не дажыў да чарговага Пераможнага мая.

Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *