Вторник, 23 января 2018

Пусть еще долго цветут для тебя розы, бабушка Ирена!

924

Заўтра 90-гадовы юбілей адзначыць мая бабуля Ірэна Антонаўна Шпарла.

На сённяшні дзень яна – старэйшая жыхарка вёскі Ляхі.

Можа, нехта нават і не чуў  пра гэтую маленькую вёсачку, што ў двух кіламетрах ад ільнозавода. Для маёй жа бабулі Ляхі – не проста назва. Яна тут нарадзілася, вырасла і пражыла ўсё жыццё.

Другі дзень жніўня, які ў 1925 годзе прыпаў на ня-дзелю, стаў вельмі радасным для сям’і Уластоўскіх – Антонія Іосіфавіча, Фяліцыі Феліксаўны і маленькага Тэофіля: нарадзілася доўгачаканая дачушка і сястрычка. Ёй далі імя Ірэна.Шпарло Ирена Антоновна

Скончыўшы пачатковую школу ў Ляхах, дзяўчынка пайшла ў пяты клас пружанскай школы (яна размяшчалася ў цяперашнім будынку вучэбна-вытворчага камбіната). У 1939-м яна скончыла шосты клас. У верасні войскі Чырвонай Арміі ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь, і  бабулі давялося зноў вяртацца ў пяты: асвойваць навукі ўжо не на польскай, а на рускай мове. Але і тут правучылася толькі два гады: на гэты раз перашкодзіла вайна.

Цяжкім выпрабаваннем стала яна для сям’і. У 1943-м Ірэна Антонаўна была вывезена на прымусовыя работы ў Германію, у горад Кёнігсберг. У гэтым жа годзе ад хваробы памёр яе бацька, мой прадзед Антоній Іосіфавіч.

Як успамінала бабуля, да Кёнігсберга ехала яна разам з сотнямі іншых дзяўчат у вагонах для перавозкі жывёлы. Працавала на мясной фабрыцы, а жыла разам з трыма дзяўчынамі з Польшчы. Па нашыўках, якія паднявольныя рабочыя насілі на грудзях, пазнавалі нацыянальнасць: у рускіх былі тры літары – “OST”, у палякаў – літара “Р”.

Бабуля расказвала, што ў 44-ым  Кёнігсберг сталі часта бамбіць. Успамінала, як цэлую ноч сядзелі ў падвале, хаваючыся ад бамбёжкі. Камусьці з дзяўчат прыйшла думка, што трэба ўцякаць. На здзіўленне, іх уцёкі ўдаліся, але шлях дадому таксама не быў лёгкім. Бабуля нейкі час жыла ў Польшчы, у сваёй сяброўкі па працы на мясной фабрыцы Уладзі Шмігель. Калі нарэшце вярнулася на радзіму, на парозе роднай хаты яе сустрэла матуля…  Вось была радасць!

Вайна скончылася.  Бабуля стала працаваць на спіртзаводзе ў суседняй Каштанаўцы таксіроўшчыкам, потым касірам. У будынку цяперашняга музея-сядзібы “Пружанскі палацык” працавалі курсы па падрыхтоўцы бухгалтараў і жывёлаводаў, бабуля закончыла іх і ў 1949 годзе перайшла на работу ў калгас імя Панамарэнкі ў Сланімцах, працавала галоўным бухгалтарам.

А ў хуткім часе сустрэла сваё каханне, свой лёс. Мой будучы дзядуля Міхаіл таксама жыў у Ляхах, а працаваў кладаўшчыком у Плябанцах. У 1956 годзе ў іх нарадзіўся першынец Віця, а потым – адзін за адным – яшчэ пяцёра дзяцей, сярод якіх толькі адна дзяўчынка, мая мама Марыя.

Шчаслівае жыццё абарвалася ў 1966 годзе. У лютым нарадзіўся малодшы сын Міхаіл, а ў жніўні здарылася жудасная трагедыя. Майго дзеда, які вяртаўся позна вечарам з работы, як заўсёды, на матацыкле “Ява”, збіла машына. Ён ляжаў на дарозе ажно да раніцы, пакуль яго заўважылі людзі. Гэта была субота, а ў панядзелак, 8 жніўня, з Брэста прыехала брыгада ўрачоў для правядзення аперацыі. Позна…

Так бабуля засталася сама з шасцю дзецьмі, гадаваць іх ёй дапамагала мама Феліцыя. У хуткім часе бабуля пайшла працаваць паштальёнам. З вялікай сумкай амаль штодня абыходзіла яна Плябанцы, Ляхі і Яцы. Газет тады выпісвалі шмат і пісьмаў пісалі нямала. Асабліва цяжка было зімой: сумёты надзімала роўныя з плотам, таму часам прыходзілася развозіць пошту на лыжах… І так 12 гадоў.

Калі прыйшоў час ісці на заслужаны адпачынак,  аказалася, што ў бабулі… не хапае стажу: гады работы калгасным бухгалтарам проста прапалі. Таму і  працавала яшчэ восем гадоў малаказборшчыцай. Гэта ўжо потым выйшаў указ аб тым, што і праца ў калгасе, і гады прымусовых работ у Германіі залічваюцца ў стаж. У выніку бабуля ад-працавала без малога 40 гадоў.

У працоўнай кніжцы Ірэны Антонаўны на лістках пра звесткі аб падзяках і ўзнагародах няма свабоднага месца. Бабуля – і  пераможца сацспаборніцтваў, і ўдарнік камуністычнай працы. Ёсць у яе і два «Медалі мацярынства» – першай і другой ступені, іншыя ўзнагароды, да якіх сёлета дабавіўся і юбілейны медаль да 70-годдзя Перамогі.

Але галоўная яе ўзнагарода, як кажа бабуля, гэта любоў дзяцей, унукаў і праўнучка Міколкі, які з’явіўся на свет у мінулым годзе, і, вядома ж, наша падтрымка.

У твой дзень нараджэння, бабуля, вельмі  хочацца пажадаць табе моцнага здароўя, шчасця, невычэрпнай энергіі і сіл, а самае галоўнае – доўгіх гадоў жыцця. І няхай заўсёды сустракаюць нас каля парога тваёй хаты твае любімыя квітнеючыя ружы.

Уладзіслаў Шпарла.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *