Гэта не мая школа, я вучылася зусім у іншых мясцінах… Але гэта школа многіх вядомых педагогаў і праслаўленых выпускнікоў, таму абмінуць увагай яе юбілей не змагла. І, прызнаюся, крануў ён мяне да глыбіні душы. Уся характэрная для падобных святаў «мішура» — сэрцайкі з пажаданнямі, паветраныя шарыкі, каляровыя стужачкі, фанфары — адышла на задні план. Галоўнымі тут сталі асаблівыя людзі, адзначаныя глыбокімі маршчынамі на тварах і скупымі слязінкамі ў вачах… Яе былыя педагогі. Яе першыя вучні.
Шэсцьдзясят гадоў мінула. Для сусветнай гісторыі гэта ўсяго толькі кароткае імгненне, для школы – цэлае жыццё, шэсць поўных выпускаў. Падобны юбілей, як трапна адзначылі вядучыя свята (у той вечар у іх ролі выступілі цяперашнія настаўнікі школы), – важны гістарычны рубеж, які дае магчымасць ацаніць пройдзены шлях, успомніць добрым словам тых, хто прысвяціў сваё жыццё, свой педагагічны талент роднай школе.
І ўспомнілі пра тое, як усё пачыналася…
У школу-інтэрнат прыйшлі дзеці, пазбаўленыя цяпла і дзяцінства, з душамі, разбітымі на часткі, з вачыма, перапоўненымі горам. Бацькі і маці многіх з іх не вярнуліся з фронту ці проста заўчасна пайшлі з жыцця. І школа паклапацілася і аб гэтых сіротах, і аб тых дзецях, чыім бацькам было не пад сілу падняць вялікую сям’ю ў цяжкія пасляваенныя гады, – яна стала для іх домам.
Для таго, каб дзеткі не ведалі ні ў чым патрэбы, настаўнікам і выхавацелям пад чулым клапатлівым кіраўніцтвам першага дырэктара Васіля Максімавіча Зелянкевіча кім толькі ні даводзілася працаваць! Будаўнікамі і садоўнікамі, паляводамі і жывёлаводамі. Фронт працы быў велізарны: участак зямлі ў 14 гектараў, свінаферма і птушкаферма, майстэрні па дрэва- і металаапрацоўцы, швейнай справе, вялікія кветнікі. За вывядзенне і вырошчванне новых сартоў раслін школа нават атрымлівала прызы і ўзнагароды на ВДНХ (заўважу, што гэтыя традыцыі яна захоўвае і зараз: у сезон цвіцення яе клумбы вылучаюцца на фоне астатніх у горадзе). Вялікую падтрымку аказвалі дарослым і старшакласнікі. Атрыманыя працоўныя навыкі дапамаглі ім у далейшым жыцці.
У гэты вечар успаміналі пайменна ўсіх дырэктараў, настаўнікаў і выхавацеляў. А гэта цэлае сузор’е прафе-сіяналаў: Эльвіра Васільеўна Зелянкевіч, Мікалай Мацвеевіч Казловіч, Ала Георгіеўна Федарук, Алена Уладзіміраўна Ходар, Яўгенія Пятроўна Раманава, Расціслаў Іванавіч Вашкевіч, Уладзімір Яфімавіч Цубер, Марыя Васільеўна Плеска і многія-многія іншыя. Не забылі нікога, дзякавалі ўсяму персаналу.
Шмат цёплых слоў у адрас сваіх папярэднікаў сказаў былы дырэктар І.Ю.Здановіч, які перавярнуў заключную старонку гісторыі інтэрната і першую старонку сярэдняй школы №4:
– Шмат клопату і нерваў патрабавала арганізацыя дзейнасці новай школы: набор вучняў, уладкаванне на працу работнікаў былой школы, аб‘яднанне вучнёўскіх калектываў, — сказаў ён. —Зразумела, нам аддавалі найперш слабапаспяваючых і, так званых, “цяжкіх”, таму клопату было шмат. Але мною заўсёды кіраваў адзіны прынцып у працы: навучыць дзяцей быць сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны. Хацелася, каб яны ведалі гісторыю краіны, яе культуру, а таксама родную мову.
Услед за Іванам Юльянавічам выступаў М.А.Шарашовец, які прыняў кіраўніцтва ў 1986 годзе:
– Мы правялі шырокую кампанію па знешняй і ўнутранай эстэтызацыі школы. Былі цалкам перааформлены ўсе вучэбныя класы, набыта новая мэбля. Але пасля распаду СССР сітуацыя крута змянілася. Тым не менш, правялі капітальны рамонт корпуса №2. Ужо тады ўзнікла думка стварыць у гэтым корпусе ліцэй. Рабіць гэта было складана, у выніку атрымаўся гібрыд: «Сярэдняя школа №4 з ліцэйскімі класамі». Аднак галоўная задача – даць магчымасць здольным вучням з аддаленых вёсак атрымаць годныя веды – на той час была вырашана, – падагульніў свае ўспаміны Мікалай Антонавіч.
Сапраўды, школа жыла цікавым жыццём нават у самыя цяжкія часы, прыкладаючы ўсе намаганні, каб не проста выжываць, але і развівацца далей. І яны, яе славутыя выпускнікі, такія, як вядомы маскоўскі навуковец-фізік Іван Токар, санкт-пецярбургскі навуковец-геолаг Яўген Сушко, сябра беларускага Саюза пісьменнікаў Антаніна Хатэнка, віцэ-чэмпіён СССР па шашках Уладзімір Селех, урач крамлёўскай бальніцы Яўген Мяньшоў і многія іншыя ўрачы і педагогі, інжынеры і будаўнікі, юрысты і эканамісты – ніколі не забывалі гэтых сцен.
– А як гэта можна забыць? Школа дапамагла нам вельмі хутка адаптавацца і згуртавацца. Забяспечыла нас, галодных і басаногіх, усім неабходным. Я ж з мамай жыў у зямлянцы, ёй даводзілася цяжка працаваць на заводзе, ды яшчэ і ў начныя змены. Пакідаць мяне аднаго яна не магла, таму і прывезла ў інтэрнат. І я ўдзячны ўсім, хто на доўгі час замяніў мне яе, – падкрэсліў першы выпускнік школы Анатоль Казакевіч, які выступіў ад імя ўсіх былых вучняў, і расчуліў да слёз усю залу.
Цяперашні дырэктар школы Юрый Андрэевіч Яльцоў пакланіўся ў ногі сваім папярэднікам і паабяцаў захоўваць і памнажаць традыцыі, закладзеныя імі ў школе. А пасля запрасіў на сцэну для ўрачыстага ўзнагароджання з нагоды юбілею лепшых настаўнікаў, падкрэсліўшы, што з такім калектывам, дружным і згуртаваным, як бы цяжка ні было, можна горы звярнуць.
Так, сярэдняй школе № 4 ёсць чым ганарыцца: за ўсе гэтыя гады яна дала пуцёўку ў жыццё тысячам юнакоў і дзяўчат. Усе яны ўжо сталі часткай яе гісторыі і назаўсёды застануцца у яе памяці хлопчыкамі-гарэзамі і дзяўчынкамі з банцікамі ў косках.
Гэта казка без канца. Кожны год будуць прыходзіць новыя і новыя вучні, і ўсіх іх будуць сустракаць ужо стаўшыя своеасаблівым сімвалам школы кветкі амарыліса, якія стаяць на кожным акне.
Алена Зялевіч,
фота аўтара і М.М.Бегера