На гэтым тыдні ў рэдакцыю патэлефанавалі некалькі чалавек: маўляў, прыязджайце ў вёску Шубічы і паглядзіце, які танк зрабілі тут са снегу. Як высветлілася, танк мадэлі КВ-5 у натуральную велічыню змайстравалі аматары анлайн гульні World of Tanks з Пружан. Справа ў тым, што на гульнёвым форуме быў аб’яўлены конкурс на лепшы танк, злеплены са снегу.
На працягу тыдня восем хлопцаў выношвалі ідэю, выбіралі мадэль, шукалі малюнкі і чарцяжы. У выніку спыніліся на танку КВ-5, мадэлі, якая была распрацавана, але не трапіла на ўзбраенне Чырвонай арміі. Тым не менш, яна вельмі папулярна ў камп‘ютарнай гульні.
На вылепліванне было затрачана два дні. У якасці матэрыялу сабралі ўвесь снег у радыусе 70 метраў. А потым танк пафарбавалі спецыяльна купленай фарбай з балончыкаў.
Вынікі конкурсу будуць вядомы толькі 5 лютага. Але танк стаў ужо сапраўднай славутасцю маленькай вёскі: ля яго адразу пачалі фатаграфавацца праязджаючыя міма аўтамабілісты.
Кацярына Пашкевіч, фота Алесі Супруновіч.