Прыемная навіна прыйшла ў гімназію: настаўнік фізікі Аляксандр Канстанцінавіч Момлік атрымаў пасведчанне стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь як пераможца рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі.
Спатрэбіўся час, каб яго навуковыя даследаванні, якімі ён займаўся яшчэ падчас вучобы ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна, былі з годнасцю ацэнены.
— Калі вучыўся ва ўніверсітэце, — расказвае ён, — не пераставаў захапляцца талентам, культурай, адукаванасцю многіх прафесараў, якія ў нас выкладалі. Хацелася на іх быць падобным, таму і захапіўся навуковай працай сам. З вынікамі ўласных даследаванняў давялося выступаць на разнастайных канферэнцыях, апублікаваць некалькі навуковых артыкулаў. Так, відаць, мяне і заўважылі. Аднак зусім нечакана, яшчэ на пятым курсе ўніверсітэта, паступіла прапанова настаўнічаць у пружанскай гімназіі. Доўга вагацца не давялося: перспектыва працаваць у роднай школе, якую скончыў сам, прываблівала. Да ўсяго, з разуменнем аднесліся ў дэканаце і прапанавалі магчымасць вольнага наведвання заняткаў ва ўніверсітэце, ды і маладая жонка жыла ў Пружанах…
Так фізік стаў выключна педагогам. Навуковыя доследы праводзіць цяпер са сваімі вучнямі. І, як сведчаць вынікі, дастаткова паспяхова. У першы ж год працы ў гімназіі студэнт пятага курса ўніверсітэта Аляксандр Момлік здолеў на высокім узроўні падрыхтаваць сваіх вучняў да ўдзелу ў раённай алімпіядзе. Тады тры яго вучні сталі прызёрамі. У мінулым навучальным годзе Антон Шаўчэня заняў на раённай алімпіядзе першае месца па фізіцы, а Улад Ланінскі — першае па інфарматыцы.
Класны кіраўнік — тонкі псіхолаг. І гэта цяпер з уласнага вопыту ведае настаўнік фізікі і кіраўнік 10”А” класа гімназіі А.К.Момлік. Таму, як лічыць, акрамя шчырых і даверлівых адносін паміж настаўнікам і вучнем, найперш павінны быць — дзелавыя, што і гарантуе поспех.
Галіна Каляда.