На пачатку 2000 года быў створаны філіял райспажыўтаварыства «Камбінат кааператыўнай прамысловасці». Па структуры прадпрыемства ўяўляе сабой адзіны вытворча-гаспадарчы комплекс, у склад якога ўваходзяць хлебазавод, безалкагольны цэх, цэхі па перапрацоўцы рыбы і выпуску мясных паўфабрыкатаў.
За 14 гадоў, на працягу якіх філіялам кіравала Н.М.Жук, асартымент пастаянна мяняўся і пашыраўся, практычна штогод пружанцаў здзіўлялі навінкі як майстроў-хлебапёкаў, так і іншай прадукцыі. Аднак, як лічыць цяперашні дырэктар ККП Павел Мікалаевіч Феранец, сёння гэтага недастаткова, патрэбна доўгатэрміновая стратэгія.
Не было шчасця, ды…
— У бягучым годзе састаў нашага камбіната значна пашырыўся,— расказвае Павел Мікалаевіч.— У структурны спіс уключаны 24 гандлёвыя аб’екты, пераважная большасць якіх знаходзіцца ў Ружанскай зоне. Сярод новых відаў дзейнасці, якія раней былі нехарактэрны для прадпрыемства,— паслугі грамадскага харчавання.
У выніку тое, што планавалася гадамі і пастаянна адкладвалася на «потым», цяпер трэба тэрмінова распрацоўваць. Гутарка ідзе пра новую стратэгію, якую зараз актыўна рыхтуюць на камбінаце. Базіруецца яна на трох асноўных «кітах»: асартымент, якасць і брэнд, або гандлёвая марка. У багацці першага кожны з пружанцаў пераконваецца літаральна штодня. Напрыклад, у сярэдзіне мінулага тыдня мы завіталі ў магазін «Гарачы хлеб», дзе толькі хлебабулачных вырабаў прапануецца звыш чатырох дзясяткаў найменняў. Тое ж самае можна сказаць пра новую краму на вуліцы Тармасава — «Мясная лаўка», дзе штодня бываюць сотні пакупнікоў, якіх прыцягваюць і нізкія кошты ў тым ліку. Спіс можна працягваць доўга, але гэта не будзе мець сэнсу, бо, магчыма, менавіта зараз на прылаўках з’яўляецца больш новая прадукцыя.
Летам, пабываўшы ў маці ў іншай вобласці, завёз ёй пружанскі хлеб і адчуў у адказ абсалютна чакаемае: «Такога смачнага хлеба даўно не ела». І так гавораць многія пружанцы, якія кожны дзень у бліжэйшых магазінах маюць магчымасць выбіраць розныя сарты хлебабулачных вырабаў. Такую ж магчымасць маюць жыхары сельскай мясцовасці, куды з хлебазавода штодня адпраўляюцца грузавыя аўтамабілі і аўталаўкі. Аднак у кожнага спажыўца асобны густ і меркаванне, таму лепш звернемся да аб’ектыўнай думкі. Той, якая прагучала падчас рэспубліканскага агляду якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў «Ласунак 2014», што днямі прайшоў у Мінску.
Трэба адразу сказаць, што прымалі ў ім удзел 67 прадпрыемстваў, якія прадэманстравалі звыш трох сотняў найменняў сваёй прадукцыі, прычым самых лепшых. Пружанскія хлебапёкі вырашылі выставіць на суд строгага журы свае чатыры творы, два з якіх атрымалі самыя высокія адзнакі ў выглядзе залатых медалёў: сладушка «Пружанская» і здобная булка «Вясенняя», створаныя рукамі брыгады хлебапёкаў Аксаны Аўдзейчык, Валянціны Касцюкевіч, Ніны Жыдзецкай, Алены Якутчык, Ірыны Більдзейка. Летась такую ж узнагароду вышэйшай пробы работа майстрых атрымала на рэспубліканскім конкурсе «Залаты ГУСТ». А яшчэ было прыемна назіраць за вялікай чаргой, якая стварылася з жыхароў і гасцей г.п.Ружаны падчас святкавання «Дажынак» у бягучым годзе, за кавалкам «дажыначнага» караваю вагой звыш 80 кілаграмаў!
А вось пытанне з гандлёвай маркай, як гаворыць дырэктар камбіната, пакуль яшчэ не вырашана. У неабходнасці яе распрацоўкі ніхто не сумняваецца, бо ў прадпрыемства ёсць далёка ідучыя планы па асваенні іншых рынкаў збыту. І для гэтага ёсць добра падрыхтаваная база. У рыбным цэху праведзена выдатная мадэрнізацыя, што дазво-ліла выпускаць не толькі якасную прадукцыю даволі шырокага асартыменту, але і павысіць тэрмін захоўвання. Згодна з патрабаваннямі сістэмы якасці і харчовай бяспекі HASSP, вядзецца рэканструкцыя цэха мясных паўфабрыкатаў, што дазволіць асвойваць рынкі суседняй Расіі, дзе сёння для беларускіх прадуктаў адкрываюцца новыя магчымасці.
— Відавочна, што нам патрэбна кароткая і запамінальная назва гандлёвай маркі, у якой будуць адлюстраваны як асартымент, так і яго якасць,— выказвае пажаданні П.М.Феранец.
Нестандартны — значыць паспяховы
Наўрад ці хто будзе спрачацца з гэтай аксіёмай: для дасягення эфектыўнасці патрэбны нестандартныя рашэнні. І яны ўжо выкарыстоўваюцца. Сёлета, напрыклад, было вырашана правесці акцыю па прыцягненні кліентаў у кафэ «Ружанка» і бар «Сустрэча» ў г.п.Ружаны. Для чаго былі падрыхтаваны флаеры, якія ўручаліся наведвальнікам экспазіцыі музея Ружанскага замка Сапегаў: пры прад’яўленні такой рэкламкі кліент атрымліваў скідку ў памеры 10% на ўсю прадукцыю. У выніку толькі за месяц колькасць наведваль-нікаў гэтых устаноў значна павялічылася. Укараняюцца і іншыя нетрадыцыйныя паслугі: зараз наведвальнікі кафэ «Ружанка» могуць правесці час за гульнёй у більярд. І такое спалучэнне традыцый і навінак абавязкова акупіцца. Гэта пацвярджае сёлетні яшчэ адзін прыклад: было вырашана набыць батут і побач з ім размясціць кропку па гандлі квасам. За два тыдні ўсе выдаткі акупіліся!
Ёсць і іншыя напрацоўкі, якія абавязкова будуць здзіўляць пакупнікоў прадукцыі камбіната і кліентаў устаноў грамадскага харчавання. Адкрываючы некаторыя тайны, Павел Мікалаевіч паабяцаў, што хутка ў г.п.Ружаны расчыніць дзверы фірменны магазін айчыннай шакаладнай фабрыкі «Спартак».
Без праблем не абыходзіцца
Аб’яднанне і пашырэнне структуры філіяла прынесла нямала праблем фінансавага характару. Але на камбінаце да іх пераадольвання прывыклі. Больш востра стаіць кадравае пытанне, якое вырашыць складана. Але і тут ёсць свае планы, якія паступова ажыццяўляюцца. Асабліва важна прыцягваць маладыя кадры, каб не толькі папоўніць запас энергіі, але і захаваць вопыт тых майстроў, якія аддалі рабоце на прадпрыемстве шмат гадоў. У будучым рэалізацыя стратэгічных задумак прынясе адпаведны прыбытак, што дазволіць павышаць заработную плату работнікаў, у чым у філіяле бачаць яшчэ адну магчымасць для паспяховага вырашэння кадравага пытання.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).
На здымках:
- Вось такія смачныя вырабы дэманстравалі на конкурсе пружанскія хлебапёкі. Іх разам з узнагародамі паказалі і нам лабарант А.І.Аўдзейчык, начальнік лабараторыі А.В. Якутчык, тэхнік-тэхнолаг В.У.Касцюкевіч і вядучы інжынер па якасці І.В.Більдзейка (злева направа).
- Выкладку робіць прадавец Т.С.Радзівончык.