Четверг, 13 февраля 2025

Вынужденные каникулы, переписывание цен и пустые полки. Как отреагировали пружанские предприниматели на ситуацию на валютном рынке?

2 666

Ажыятажная хваля, якая ўзнікла ў Расіі з-за рэзкай дэвальвацыі нацыянальнай валюты, перад новым годам дакацілася і да нашага краю. Спачатку стварыліся чэргі за замежнай валютай, а з увядзеннем вядомых абмежаванняў яны традыцыйна перамясціліся ў магазіны, дзе халадзільнікі, тэлевізары, пральныя машыны і многія іншыя прамысловыя тавары нават без скідак ішлі нарасхват.

Падобную карціну можна  было назіраць практычна ва ўсіх магазінах райцэнтра, дзе прадаецца бытавая тэхніка. Думкі наконт мэтазгоднасці такога ўкладання капіталаў можна і крытыкаваць, і абгрунтоўваць эканамічнай абстаноўкай. Хаця пры больш дакладным падліку становіцца зразумелым, што набыццё трэцяга-чацвёртага халадзільніка, некалькіх прасаў або мікрахвалёвак робіцца для таго, каб потым даць аб’явы і рэалізаваць за валюту тым, хто не паспеў «зрабіць запас». Аднак з улікам росту курсу долара ЗША і таго, што ў прыватнай рэалізацыі давядзецца зніжаць кошт з-за канкурэнцыі, атрыманне прыбытку ад падобных дзеянняў можна паставіць пад сумненне.пустая полка

Між тым, павелічэнне пакуп-ніцкага попыту па-рознаму ацанілі і самі прадстаўнікі гандлю. Мараторый на цэны да 15 студзеня кожны расцаніў па-свойму. Адны закрыліся «на канікулы», каб не прадаваць тавар па тых жа цэнах у беларускіх рублях, але танней у доларавым эквіваленце. З аднаго боку такая пазіцыя мае рацыю: большасць прыватных магазінаў рэалізуе імпартную бытавую тэхніку, якая набываецца за валюту. А значыць, стратэгія продажу па больш нізкім кошце створыць складанасці з далейшым імпартам. Як расказалі ў прыватнай гутарцы прадпрымальнікі, пэўныя цяжкасці стварылі і расійскія пастаўшчыкі, з якімі ў асноўным наладжана кааперацыйнае супрацоўніцтва: даволі істотна знізіліся аб’ёмы паставак, патрабуецца перадаплата без адпаведных гарантый.

Былі і такія, хто, нягледзячы на строгія пагрозы Міністэрства гандлю, перапісваў цэннікі: маўляў, наўрад ці ў чыноўнікаў хопіць магчымасцей пракантраляваць усюды і ўсё. Прычым тлумачылася такая стратэгія не складанасцямі на валютным рынку, а падаражаннем… кілават-гадзіны. Другія ж, як нам тэлефанавалі ў рэдакцыю абураныя пакупнікі, пакідалі старыя кошты, але пры разліку «вусна» накідвалі тыя ж 30%.

Аднак не ўсе пайшлі па гэтым шляху. У якасці прыкладу можна прывесці стратэгію самага буйнога іграка на пружанскім рынку прамысловых тавараў — філіяла райспажыўтаварыства «Гандлёвы цэнтр», які ва ўнівермагу і іншых сваіх магазінах правёў сапраўдныя распродажы.

— Мы не закрывалі свае магазіны і не рабілі перапісванне цэннікаў у бок павышэння,— расказвае дырэктар філіяла В.А.Яскунова.— Больш таго, мы не адмянялі ўсе запланаваныя акцыі па зніжэнні коштаў. І на практыцы атрымалі пацвярджэнне правільнасці такога падыходу: у дзеючых коштах па выніку года, толькі дзякуючы апошняму месяцу і нават дням года, філіял выйшаў на станоўчую дынаміку.

Самае галоўнае, што па сцвярджэнні Вольгі Аляксандраўны, былі рэалізаваны астаткі са складоў, прычым разышлася прадукцыя, якая заляжалася на даволі працяглы тэрмін. Напрыклад, толькі за адну ноч зніжаных цэн, якая прайшла 20 снежня, выручка перавысіла паўмільярда рублёў. Далейшыя акцыі толькі павялічылі гэты паказчык.

— Безумоўна, мы перапынілі дзеянне растэрміновак на цяперашнія пакупкі, бо такая стратэгія сапраўды губляе сэнс, хаця і без іх паліцы пусцелі вельмі хутка. Бытавая тэхніка, мэбля, прылады для інтэр’еру і многае іншае добра раскуплялася.

— Вольга Аляксандраўна, аднак ёсць  меркаванне, што ў хуткім часе кааператыўны гандаль будзе сустракаць пакупнікоў паўпустымі паліцамі: маўляў, для набыцця новых тавараў вам проста не хопіць грошай.

— Гэта абсалютна няправільная думка, бо пераважная большасць прапануемых намі тавараў — беларускай вытворчасці. З уласнай гандлёвай практыкі бачым, што сцвяр-джэнне наконт захаплення пакупнікамі толькі імпартнай бытавой тэхнікай не адпавядае рэчаіснасці. Айчынная прадукцыя таксама паляпшае сваю якасць і па цане больш прыцягальная. Да прыкладу, за год мы прадалі айчынных хала-дзільнікаў у дзясяткі разоў больш, чым замежных. Пры гэтым у нас створаны трывалыя партнёрскія сувязі з усімі заводамі і фабрыкамі, якія пастаянна нам прапануюць свае скідкі. У выніку мы выставілі на паліцы прадукцыю са зніжэннем — ад 10 да 45%. І дадам, што мы завезлі яшчэ шмат прадукцыі да Новага года: ні адзін з нашых партнёраў не ўзняў цэны. Таму пустых паліц нашы наведвальнікі не ўбачаць.

— Ці варта чакаць пасля сярэдзіны студзеня рэзкага павелічэння цэн?

— Мы зараз і не думаем пра нейкія «перапісванні» цэннікаў. Магчыма, змяненні будуць, але, нам здаецца, толькі з улікам інфляцыйных працэсаў, а не сітуацыі на валютным рынку. Мы не станем мяняць леташнюю стратэгію і зноў распрацоўваем свае мерапрыемствы па продажы тавараў са скідкамі.

Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *