Суббота, 7 марта 2026

Встречи в «реале»: Елена и ее куклы

2 479

Магчыма, не ўсе знаёмыя ведаюць, што Алена Зубко (дзявочае прозвішча Фёдарава) захапляецца шыццём мяккай цацкі. А вось на форумах папулярных беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў для бацькоў пружанскую майстрыху паважаюць, а работы яе хваляць.

Шыць Алена ўмее даўно, некалі наведвала разнастайныя гурткі, займалася ў Веры Міхайлаўны Лапукі. Да таго ж, выдатна шые Аленіна мама, а хросная (выкладчыца ва ўніверсітэце) у часы дэфіцыту рабіла цацкі сваімі рукамі. Падчас першага дэкрэтнага адпачынку Алена шыла сыну розныя развіваючыя цацкі, з карабкоў ад запалак рабіла машынкі. Але новае дыханне жаданне майстраваць сваімі рукамі набыло падчас другога дэкрэту. Наогул Алена лічыць, што дэкрэт – самая пара рэалізоўваць творчыя задумы, маўляў, вольнага часу шмат.

На партале http://rebenok.by/ маладая мама ўбачыла прыгожыя цацкі, якія аб’ядноўваліся назвай Tilda. Аўтар гэтых цацак нарвежка Тоне Фінангер, менавіта яна пачала шыць мілых звяркоў з румянымі шчочкамі і маленькімі вочкамі. Сёння ў Тоне тысячы паслядоўніц, а Tilda стала папулярнай гандлёвай маркай. Захапілася гэтай тэхнікай і Алена. Наогул “цільды” — прадметы інтэр’еру, але шасцігадовы Андрэй і паўтарагадовая Алінка бавяцца толькі імі. Алена прызнаецца, што ўсе цільды вельмі “зацалаваныя”.

Набіўшы руку на цільдах, Алена перайшла на шыццё амерыканскіх “прымітываў”. З імі працаваць больш цікава: можна праяўляць фантазію.

Адметнасць гэтых лялек у тым, што іх шыюць такім чынам, каб здавалася, што лялька праляжала на гарышчы шмат гадоў. Іх адрозніваюць простыя формы, няроўныя лініі, колеры не заўсёды спалучаюцца адзін з адным. А самая пікантнасць — цацкі прамочваюцца кавай з карыцай ці ваніллю. Робіцца гэта, каб надаць ім від пацёртых часам.

— Але пах, які яны набываюць пасля апрацоўкі, вяртае ў дзяцінства, стварае ўтульнасць, — дзеліцца вопытам Алена.

Свае цацкі Алена звычайна дарыць сябрам і знаёмым, а нядаўна яна стала ўдзельніцай дабрачыннага аўкцыёну на партале. На продаж яна выставіла зробленага сваімі рукамі зайца. Яго купілі за 55 тысяч рублёў, якія пойдуць на лячэнне хворага дзіцяці.

Дарэчы, шыццё мяккай цацкі — не адзінае захапленне Алены: яна выдатна валодае тэхнікай дэкупажу, пляце з бісеру, займаецца нават мылавараннем. Сваім вопытам майстрыха з задавальненнем падзеліцца з кожным, а больш падрабязна з яе работамі можна пазнаёміцца на форуме http://rebenok.by/.
Кацярына Пашкевіч, фота Аляксандра МЕЛЕША.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *