А вы ведаеце, што сёння не толькі Дзень аховы дзяцей, але і асаблівае свята — адданне Вялікадня. Сёння – апошні з сарака дзён у гэтым годзе, калі людзі вітаюць адзін аднаго словамі «Хрыстос Уваскрэс!»

Увесь велікодны перыяд у студыях дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва заняткі праходзілі пад гэтай тэматыкай. Выхаванцы ўзорных студый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва гарадскога Палаца культуры «Шклінка-маляванка» і «Вытокі» пад кіраўніцтвам Веры Волчык і Святланы Тагіевай нават наладзілі цудоўную выставу сваіх велікодных работ. На ёй прадэманстравалі карціны, створаныя ў тэхніцы «роспіс па шкле», традыцыйныя «яйкі-пісанкі» у кошычках, сплеценых з «папяровай лазы», шмат мастацкіх кампазіцый у выглядзе шпакоўняў з сімвалічнымі гнёздамі, вязаныя і пашытыя лялькі-«курачкі» і многае іншае.

А Дар’я Шылава і Яўгенія Хатулёва, якія займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах «Мукасолька» ЦТДМ у педагога Алёны Шышко, навучыліся ляпіць з салёнага цеста сувеніры-падвескі ў выглядзе распісных яек, карціны на велікодную тэматыку і нават лялькі.
На здымку: Дар’я Шылава і Яўгенія Хатулёва.
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік
Святу Вялікадня прысвяцілі некалькі мерапрыемстваў і ў нашым сацыяльным прытулку.
Наш папячыцель айцец Вячаслаў Левы наладзіў для нас цікавую экскурсію ў Белавежскую пушчу. У рэзідэнцыі Дзеда Мароза сустрэла цётка Алеся і захапіла сваімі апавяданнямі. Дзед Мароз засыпаў загадкамі, ад якіх стала вельмі весела. Пагулялі з шышкамі, памарылі на паляне Дванаццаці месяцаў, распавялі Чароўнаму Млыну пра свае ўчынкі, не ўтоілі нічога. Праспявалі песню ля самай вялікай ёлкі. З задавальненнем паназіралі за паводзінамі жывёл, якія жывуць у вальерах, і, вядома, пакаштавалі пушчанскіх пачастункаў.

У адказ мы запрасілі бацюшку на сваю святочную праграму «Ад усёй душы». Старэйшыя дзяўчынкі малявалі плакаты, выразалі з каляровай паперы ўпрыгожанні, разам з выхавацелем рыхтавалі сцэнарый. Малодшыя дзеці дапамагалі ім ва ўсім.
І вось прыйшоў час сустрэчы! Гасцей было шмат, нават з Брэста – яны завіталі да нас на чале з сакратаром Епархіяльнага Упраўлення айцом Сергіем. Усе з цікавасцю слухалі нашы канцэртныя нумары. А потым мы сустрэліся… з нашымі бацькамі. Слёз радасці немагчыма было стрымаць!
Выступалі на свяце і «выпускнікі»: яшчэ ў далёкім 2006 годзе Аляксандр, Ірына і Андрэй Гумінскія воляй лёсу апынуліся ў нашым прытулку. Яны расказалі нам пра сябе, свае сем’і, працу і ўручылі падарунак, зроблены сваімі рукамі.
Велікодная сустрэча атрымалася вельмі кранальнай. Мы праявілі свае творчыя здольнасці, парадавалі прысутных і парадаваліся самі. Да таго ж, атрымалі ад гасцей падарункі.
Пасля такіх сустрэч дзецям, ды і нашы выхавальніцы кажуць, што і ім таксама, здаецца, што сонца свеціць ярчэй, птушкі спяваюць званчэй, становіцца лягчэй дыхаць. Хочацца марыць, думаць пра будучыню і проста ўсіх любіць! Няхай у душах усіх людзей прарастае надзея і ўмацоўваецца вера ў добрае!
Выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулку
