На мінулым тыдні працоўны дэсант шчыраваў і на добраўпарадкаванні тэрыторыі помніка архітэктуры XVIII стагоддзя — Троіцкага касцёла ў аграгарадке Лыскава. Задача стаяла — ачысціць тэрыторыю ад дзікарослага кустоўя.

Калі мы разам з намеснікам старшыні райвыканкама Русланам Супрыновічам і галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Сяргеем Дзямідавым пад’язджалі да Лыскава, здалёк храм уражваў сваёй веліччу. Я ўявіў, якім гэта культавае збудаванне было, калі дзейнічала.
На самой тэрыторыі, акрамя збудавання, знаходзяцца дзве магілы: адна паэта XVIII стагодзя Францішка Карпінскага, другая — былога настаяцеля місіянерскага манастыра. Што характэрна, гэтыя пахаванні і цяпер дагледжаны: тут жывыя кветкі, гараць лампадкі. А вось сам старажытны будынак…

Самае небяспечнае для любога збудавання, якое не эксплуатуецца, — гэта расліннасць на дахах, каля фундамента. Карані паступова разбураюць кладку, якой бы яна трывалай ні была, асабліва, калі ёй больш за дзвесце гадоў.
Побач з намі працавалі супрацоўнікі аддзела культуры. Далучыліся і работнікі сельвыканкама і ААТ «Радзіма». Разам мы хутка справіліся з вызначаным участкам работы. За некалькі гадзін выраслі дзве даволі высокія кучы галін. Мне здаецца, гэтая бясплатная драўніна магла б спатрэбіцца прадпрымальнікам, якія займаюцца вытворчасцю пелетаў. Каб толькі самі вывезлі. Вельмі не хочацца, каб усё гэта ляжала працяглы час на тэрыторыі такога велічнага помніка архітэктуры.
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара
