
Сёння мы адзначаем чарговы Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, які для ўсіх нас стаў і днём памяці вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Тых, хто загінуў у той перыяд падчас выканання свайго салдацкага абавязку. І тых, хто за мінулыя гады пакінуў гэты свет…
ля педагогаў і вучняў Ружанскай школы гэтае свята асацыіруецца перш за ўсё з героем вайны ў далёкім
Афганістане — Аляксандрам Іванавічам Ганчарэнка. У гэты дзень мы запрашалі Аляксандра Іванавіча на сустрэчу з вучнямі. Не было такога выпадку, каб ён нам адмовіў. Прыходзіў да нас і дзяліўся сваімі цяжкімі ўспамінамі. Мы сустракаліся з ім і на мітынгу ў Дзень Перамогі, і на іншых мерапрыемствах пасёлка. Сярод яго пажаданняў галоўным заўсёды было захаванне міру. Аляксандр Іванавіч добра ведаў яму цану.
На жаль, 30 снежня 2020 года А.І. Ганчарэнка памёр, але ў нашай памяці ён будзе жыць яшчэ доўга. Гэта быў сапраўдны патрыёт, а для нас ён быў і застаецца героем. Такіх людзей мы не павінны забываць, бо не маем на гэта маральнага права.
Я хачу расказаць пра яго чытачам газеты.
Аляксандр Ганчарэнка нарадзіўся 19 студзеня 1954 года. Дзяцінства і юнацтва яго прайшло на Браншчыне (Старадубскі раён, вёска Буда). Закончыў Харкаўскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча. На службу быў накіраваны ў Кобрын, затым пераведзены ў Гродна. Да вываду савецкіх войскаў з Германіі давялося служыць і там. Затым была Украіна.
Калі 25 снежня 1979 года ў Афганістан быў уведзены абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў, Аляксандр Іванавіч амаль адразу ж апынуўся там. Гэта была самая трагічная старонка ў яго біяграфіі. Спачатку ён апынуўся на базе ў Джалалабадзе, затым яго экіпаж адправіўся ў Кабул. Іх накіравалі на выкананне маштабнай ваеннай аперацыі
Аляксандр Іванавіч успамінаў адзін выпадак. Банда душманаў сабралася ў ваколіцах Кабула, каб захапіць аэрадром, на якім базіраваліся савецкія самалёты і верталёты. Нашы верталёты падняліся, каб нанесці папераджальны ўдар па душманах. За ўдзел у першым масавым вылеце ў гісторыі афганскай вайны Ганчарэнка быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Пасля Афганістана Аляксандр Іванавіч працягваў службу на Украіне, затым у Польшчы. Апошнім месцам службы быў Улан-Удэ. У 1990 го-дзе А.І. Ганчарэнка атрымаў магчымасць выйсці на пенсію па выслузе гадоў, таму што вылетаў у яго ўжо было дастаткова. Камандаванне не хацела адпускаць, а прапанавала паступаць у ваенную акадэмію ў Маскву. Але ўсёж у званні капітана ён выйшаў на пенсію і пераехаў з сям’ёй у Ружаны.
Выбар месца жыхарства не быў выпадковым: адсюль родам Людміла Пятроўна — яго жонка. Усе гэтыя гады яны, як самі адзначалі, пражылі ў адным з самых прыгожых мясцін зямлі. У архіве сям’і Ганчарэнка захоўваюцца фота-здымкі розных гадоў, а таксама ўзнагароды Аляксандра Іванавіча. Ёсць тут і Грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР воіну-інтэрнацыяналісту «За мужнасць і воінскую доблесць, праяўленыя пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан».
А ў памяці вучняў і ўсіх жыхароў Ружан Аляксандр Іванавіч Ганчарэнка застаўся як сціплы, вельмі адказны, працавіты чалавек. А самае галоўнае — патрыёт, які гэтае пачуццё імкнуўся прывіць і нашым вучням. Ён заўсёды жадаў усім нам мірнага неба над галавой і заклікаў цаніць і берагчы мір як самы дарагі скарб.
Вера Наумік,
педагог-арганізатар Ружанскай СШ
імя К. Марач
