Суббота, 6 декабря 2025

Радасць у кожны дом

478

Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» ў чарговы раз завітала ў сацыяльны прытулак у пасёлку Сонечны. Напярэдадні Новага года ад кіраўніцтва раёна, аддзела па адукацыі райвыканкама,
ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» прымалі віншаванні выхаванцы ўстановы.

Вось ужо трэці год запар хлапчукі і дзяўчынкі, якія апынуліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі, з нецярпеннем чакаюць дарагіх гасцей. Яркія карнавальныя касцюмы, прыбраная ёлка, розныя фотазоны, мільгаценне агеньчыкаў і чароўная музыка — тут усё дыхае святам, каб малыя хоць на імгненне забыліся аб праблемах, якія ўзніклі ў жыцці зусім не па іх віне. Больш за ўсё яны чакаюць цудаў, каб аднойчы вярнуцца дадому і разам з роднымі сустрэць Новы год. І пакуль чакаюць, сацыяльны прытулак стаў для іх другім домам, а выхавальнікі — сапраўднымі чараўнікамі, якія выконваюць няхай не ўсе, але многія іх жаданні.

— Дабрачынная акцыя, якая атрымала назву «Нашы дзеці», прыносіць радасць і светлыя пачуцці не толькі маленькім жыхарам прытулка, але і ўсім, хто прымае ўдзел у гэтай добрай справе. Чужых дзяцей не бывае — яны ўсе нашы і патрабуюць увагі і клопату. Кожны год выхаванцы атрымліваюць мноства падарункаў: мяккія цацкі, развіваючыя гульні, кнігі і, вядома ж, прысмакі.

— Але самае галоўнае — акружыць іх увагай і цяплом, каб яны адчулі сябе патрэбнымі і любімымі, паверылі ў цуды і надзею на лепшае, — падкрэсліў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч.

У гэты дзень, апроч салодкіх падарункаў, дзеці атрымалі зарад бадзёрасці і выдатнага настрою, сталі ўдзельнікамі музычна-забаўляльнай праграмы «Няхай свята ўсім падорыць цуд!». Насычаная гульнёвая праграма, вясёлыя конкурсы, навагоднія песні і танцы, і, вядома ж, сустрэча з Дзедам Марозам і Снягуркай — усё гэта стварыла незабыўную атмасферу свята і падарыла масу станоўчых эмоцый.

— Мы дакладна разумеем, наколькі важна падтрымліваць такія ініцыятывы і працягваць традыцыю добрых спраў. Дарослыя, як і дзеці, пад Новы год таксама вераць у Дзеда Мароза і яго чароўны посах, ва ўладзе якога выканаць любыя жаданні. І як важна з гэтай верай ісці па жыцці і дапамагаць верыць іншым, — адзначыў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Момлік.

Навагодняе свята атрымалася сапраўды казачным, а сацыяльны прытулак атрымаў у падарунак новы тэлевізар, планшэт і аргтэхніку.

Ірына Велясевіч