У мінулую суботу на базе СШ №5 прайшлі традыцыйныя раённыя спаборніцтвы юных інспектараў дарожнага руху, якія ладзяцца пад патранажам Дзяржаўтаінспекцыі.

Сёлета веданне тэорыі і спрыт вырашылі паказаць 15 каманд са школ раёна.

Спартсмены рыхтаваліся цэлы год, каб стаць лепшымі ажно ў пяці відах выпрабаванняў. І трэба адзначыць, што многім удалося паказаць сапраўдны «клас».

Напрыклад, мураўскія юныя інспектары лепш за ўсё авалодалі фігурным ваджэннем веласіпеда. Іх каманда амаль што не дапусціла памылак пры пераадоленні «паласы перашкод», у выніку чаго ў гэтым відзе заняла першае месца. Аднак падчас іспытаў на веданне Правілаў дарожнага руху, у конкурсе дзіцячых тэматычных малюнкаў, а таксама на мастацкіх выступленнях агітацыйных брыгад іх абышлі вучні Хараўской школы.

А ў выпрабаваннях на аказанне першай медыцынскай дапамогі, якія праводзілі прадстаўнікі раённай арганізацыі Чырвонага крыжа, першае месца занялі юныя інспектары з СШ №3.

Таму пры размеркаванні агульнакамандных прызавых месцаў безумоўным лідарам была прызнана каманда з Харавы. Другое і трэцяе месцы прысуджаны юным інспектарам з Мураўскай школы і СШ №3. Пераможцам і лепшым удзельнікам былі ўручаны каштоўныя падарункі, набытыя ДАІ і аддзелам адукацыі пры фундатарскай падтрымцы ААТ «Агра-Калядзічы». Абсалютных пераможцаў раённага этапу чакаюць занальныя спаборніцтвы, якія плануецца правесці ў бліжэйшы час у г.Баранавічы.
Алег Сідарэнка. Фота Уладзіслава Шпарлы
Больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/939139631752
