Воскресенье, 19 апреля 2026

Неацэнны памочнік, напарнік і сябар. Пра тандэм чалавека і сабакі

400

На днях ветэрынарны ўрач Пружанскай ветлячэбніцы Алена Астудзіна пазнаёміла мяне са сваімі незвычайнымі падапечнымі. Незвычайнымі не таму, што гэта нейкі рэдкі від жывёл, не. Проста вядомыя ўсім нам нямецкія аўчаркі знаходзяцца на службе ў Пружанскім аддзеле Дэпартамента аховы і выконваюць разам з міліцыянерамі-кінолагамі вельмі важныя і патрэбныя задачы.

Міліцыянер-кінолаг Станіслаў Місюля са сваёй падапечнай Саці

На сённяшні дзень у аддзеле – пяць дарослых сабак і адзін шчанюк, які толькі рыхтуецца да службовых будняў. Усе сабакі жывуць разам са сваім кінолагам, а на тэрыторыі Дэпартамента аховы для іх абсталяваны вальеры з будкамі і тэрыторыя для выгулу. Там аўчаркі знаходзяцца ў перыяд збораў і вучэнняў.

Вядома, у кожнага сабакі свой характар, але ўсе яны ідэальна выдрэсіраваны і выдатна нясуць службу нараўне са сваімі міліцыянерамі-кінолагамі. У сярэднім сабака служыць каля васьмі гадоў пры ўмове адсутнасці паталогій і захворванняў. Потым аўчарку спісваюць і прапануюць кінолагу, які з ёй працаваў, забраць дадому на бязвыплатнай аснове альбо іншаму чалавеку.

Паколькі служба – гэта вельмі адказная справа, фізічнаму і псіхалагічнаму здароўю сабак надаецца вялікая ўвага. Таму Алена Міраславаўна – часты госць у аддзеле Дэпартамента аховы. Штомесяц сабакі праходзяць клінічны агляд: апрацоўваюцца ад экта- і эндапаразітаў, ацэньваецца фізічны і псіхалагічны стан жывёлы, выгляд і якасць поўсці, асаблівая ўвага надаецца кіпцюрам. А гэта вельмі важна для службовага сабакі, бо «на працы» ён схільны да вялікіх фізічных нагрузак і яму павінна быць камфортна. Калі падчас агляду выяўлена паталогія, то сабака адпраўляецца на лячэнне, а міліцыянеру-кінолагу даводзіцца выходзіць на дзяжурства без свайго падапечнага.

Асобна хочацца расказаць пра Саці, якую мне ўдалося нават пагладзіць. Дарэчы, паставілася яна да гэтага даволі спагадліва.

Нядаўна Саці вызначылася на службе і з поспехам раскрыла злачынства ў гарадскім пасёлку Ружаны, выдатна адпрацаваўшы месца злачынства і напаўшы на след чалавека, які здзейсніў крадзеж.

Мне здаецца, што, паназіраўшы за міліцыянерамі-кінолагамі і іх падапечнымі, я ўбачыла не проста супрацоўнікаў з сабакамі. У гэтым тандэме сабака – неацэнны памочнік, напарнік і сябар. Гэта менавіта той выпадак, калі паміж чалавекам і жывёлай усталёўваюцца бязмежны давер і поўнае разуменне. Бо разам яны выконваюць адказную, складаную і часта небяспечную працу.

Вольга Вадзяновіч. Фота аўтара