Воскресенье, 19 апреля 2026

Калонка галоўнага рэдактара. Танцы на вадзе, ці Як добра адпачываем

612

Нарэшце лета па-сапраўднаму ўступіла ў свае правы, надышлі гарачыя, нават спякотныя дні. Душа, а больш цела, пачало патрабаваць прахалоды, магчымасці акунуцца ў жыватворную ваду. Берагі рэк і азёр, сажалак і нават невялічкіх ручаёў зараз самыя папулярныя месцы для адпачынку. У спякоту тут многа дзяцей, дарослых: плёскаюцца, загараюць — адным словам, адпачываюць.

Добра, калі дзеці прыйшлі з дарослымі, якія павінны сачыць за тым, каб малыя паводзілі сябе на вадзе па ўсіх правілах бяспекі: не заплывалі куды не дазволена, не сваволілі і гэтак далей. Ды не заўсёды ўвага дарослых сканцэнтравана на адным – пазбегнуць няшчаснага выпадку з малым. Асабліва калі маніць да сябе запацелая, халодненькая бутэлька піва, якая чакае, калі яе адкрыюць, і хмельны напой перальецца ў арганізм, разальецца млявай пяшчотай, затуманіць зрок, адцягне ўвагу… Тут ужо не да пільнасці, самому хочацца нырнуць, ды пажадана глыбей.

А яшчэ нярэдка на беразе можна сустрэць развясёлую кампанію людзей, якія падымаюць чарку за чаркай больш моцнага напою. Такое баўленне часу называюць “выездам на пікнік з добрым адпачынкам”. Пасля чаркі-другой, а магчыма, і намнога болей, людзі сябе адчуваюць усемагутнымі, здольнымі на подзвігі, вялікія, а можа і не зусім, учынкі. Такім любое мора – па калена, любая гара – да плеч. І тут пачынаецца: “Глядзі, як я ўмею плаваць, а як нырца магу даць!”

Дарэчы, такія кампанія выбіраюць месцы, дзе людзей мала, дзе няма пастоў выратавальнікаў, куды наўрад ці заглянуць нарады міліцыі. Справа ў тым, што адпачываючыя ведаюць, што ў грамадскіх месцах нельга ўжываць спіртныя напоі, можна атрымаць адміністрацыйнае спагнанне ці пачуць просьбу пакінуць зону адпачынку. Так было і з адной кампаніяй. На добрым падпітку яна адпачывала на беразе вадаёма, які з’яўляецца забароненай зонай. Адзін з адпачываючых вырашыў паказаць сваё валоданне мастацтвам нырца. Нырнуў, але ўжо не змог вярнуцца назад. Выратавальнік, які нёс свой пост там, дзе і належыць, не паспеў прыйсці на дапамогу ахвяры бяздумнасці, саманадзейнасці і алкаголю. Яно ж і зразумела. Будзь ты хоць самым вялікім плыўцом, або нырцом, на ўздзеянне алкаголю арганізм рэагуе па-свойму: можа не вытрымаць сасуд, мышцы прыхопіць сутарга, спыніць сваю работу сэрца. Патануць у падобным стане можна і ў лужыне, такія выпадкі таксама былі. А забароненая зона таму і ўстаноўлена, што ў гэтых месцах — вялікая глыбіня, невядомае дно вадаёма і інш.

Аднак, чалавек – такая істота, якая імкнецца да пратэсту: чым больш плод забаронены, тым хутчэй хочацца яго пакаштаваць. Асабліва такое жаданне абвастраецца пад уздзеяннем моцных напояў. Вынікі ад гэтага ў большасці выпадкаў даволі сумныя. Дык можа не варта рызыкаваць?

Маючы вушы – ды пачуе, маючы зрок – ды ўбачыць, а маючы розум – ды ўключыць яго.

Віктар Ільюшчанка