Воскресенье, 19 апреля 2026

Фігурысты Брэсцкага і Гомельскага рэгіёнаў правялі зборы ў Пружанах, а ў секцыю ДЮСШ №2 ідзе новы набор

219

У чаканні новага насычанага сезона пружанскія фігурысты. Безумоўна, яны далі сабе магчымасць адпачыць пасля мінулага «лядовага перыяду», напоўненага стартамі самага рознага ўзроўню. Але ж перадсезонка, лічы, — прыступка да далейшых удалых выступленняў.

Нагадаем, што чэрвень падарыў нашым спартсменкам магчымасць пазаймацца пад кіраўніцтвам алімпійскага чэмпіёна Аляксея Урманава. Ён прыязджаў у Пружаны па запрашэнні трэнера Вольгі Уважанай ужо ў другі раз.

А вось у ліпені для фігурыстак арганізавалі перадсезонныя зборы. Адметна, што ўдзельнічалі ў іх не толькі нашы дзяўчаты, але і спартсмены з Брэсцкай і Гомельскай абласцей.

На працягу дзесяці дзён фігурысты пад кіраўніцтвам трэнера ўдзельнікаў Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы па фігурным катанні Юрыя Бурэйкі, гомельскага трэнера Кацярыны Ляліхавай і добра вядомых пружанцам трэнера Вольгі Уважанай і харэографа Таццяны Хадаровіч працавалі на лёдзе і ў зале.

Падчас насычаных трэніровак вывучалі і ўдасканальвалі складаныя элементы, замацоўвалі плаўнасць слізгацення, засвойвалі новыя звязкі. Шмат часу надалі развіццю каардынацыі на лёдзе.

Тым часам аддзяленне фігурнага катання ДЮСШ № 2 г. Пружаны аб’яўляе аб наборы дзетак. Калі вашаму сынулі ці дачушцы, унуку або ўнучцы ад 4 да 6 гадоў, ён ці яна праяўляе цікавасць да спорту і хоча паспрабаваць свае сілы ў грацыёзным і неверагодна прыгожым яго відзе — фігурным катанні, раім паспрабаваць! Трэніроўкі будуць праходзіць пад кіраўніцтвам Вольгі Уважанай. Зацікавіла? Звяртайцеся ў ДЮСШ № 2 па тэлефоне 3-59-12.

Уладзіслаў Шпарла. Фота прадастаўлена Вольгай Уважанай