Пятница, 21 сентября 2018

В агроусадьбе «Жаденский дворик» отдыхают… аистята

2 700

Аграсядзіба “Жадзенскі дворык” адрозніваецца ад іншых найперш тым, што  адпачываючым даецца магчымасць паклапаціцца пра хатнюю жывёлу. Жыхары вялікіх гарадоў з задавальненнем дояць тут казу ці карову, а вясною гасцям з Расіі пашанцавала ўбачыць нараджэнне двух цялят-двайнятак.  Гэтым летам да статка разнастайнай хатняй жывёлы далучыліся… трое буслянят.

Падчас непагадзі буслянка з чатырма буслянятамі развалілася, магчыма, таму, што не вытрымала іх цяжару, бо чацвёра птушанят для буслоў – рэдкасць. На жаль, за ноч адно з іх загінула. Астатніх жа ўнукі гаспадыні сядзібы Ніны Рамановіч прывялі на прасторны двор. Перапалоханыя птушкі не адразу пасябравалі з усімі “гаспадарамі” двара. Найбольш не спадабаліся новыя суседзі індыкам, яны доўга спрабавалі прагнаць чужых, але ў рэшце рэшт прымірыліся.

Унукі Ніны Аляксандраўны адразу накіраваліся на рыбалку, каб накарміць «кватарантаў», спрабавалі лавіць жаб і мышэй. Хутка ім на дапамогу прыйшлі бацькі буслянят. Прыкладна праз суткі дарослыя птушкі даверыліся чалавеку і пачалі прылятаць на двор з правізіяй.

— Старыя буслы абавязкова падыходзяць да кожнага буслянятка, каб асабіста перадаць ежу, інакш малыя пачынаюць сварыцца, — дзеляцца ўражаннямі Паша і Віка, якія ўвесь вольны час праводзяць цяпер ля птушак.

Птушаняты падпускаюць дзяцей блізка да сябе, з рук частуюцца вішнямі. Найбольш дужы буслік ужо нават спрабуе ўзляцець. Гаспадары спадзяюцца, што птушаняты набяруцца сіл і восенню разам з бацькамі паляцяць у вырай.

Кацярына ПАШКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *