Воскресенье, 19 мая 2024

Ружаны. Будучыня пасёлка ў яго мінулым?

3 139

З моманту адкрыцця музея «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў» прайшло няшмат часу. Але супрацоўнікі не перастаюць пераконваць наведвальнікаў, што музей у прыватнасці ды Ружаншчына ўвогуле — адметныя: ніводная экскурсія, ніводнае наведванне гэтага куточка Беларусі не будуць падобнымі на папярэднія.

— Вяселле — бадай, самая значная падзея ў жыцці чалавека, — гаворыць дырэктар музея Р.С.Кніга.

— Як жа зрабіць вяселле запамінальным у правінцыі? Мы вырашылі стварыць новую паслугу — для маладажонаў.

І вось літаральна з лютага бягучага года ў музеі праводзіцца тэатралізаваная цырымонія рэгістрацыі шлюбу. Пакуль ёй скарысталіся тры маладыя пары, але «ў чарзе» запісаны каля двух дзясяткаў — з Ружан, Пружан і Косава.

Цырымонія рэгістрацыі шлюбу праходзіць пад жывую музыку ў шыкоўна аформленай зале «Гасцёўня канцлера», інтэр’ер якой вяртае ў ХVІІ — ХVІІІ стагоддзі. Маладых сустракаюць пад фанфары прыдворныя шляхціц і шляхцянка, вітаюць і даюць наказ канцлер Леў Сапега і яго жонка Лізавета (народжаная Радзівіл). Пасля рэгістрацыі шлюбу гаспадары рэзідэнцыі ўручаюць маладым ліст з пячаткай Льва Сапегі. Справа не абыходзіцца без старажытнай традыцыі — пачастунку гасцей з трохлітровага кубка «Іван». Менавіта з гэтага кубка ў 1644 годзе падканцлер Казімір Леў Сапега частаваў самаго караля Уладзіслава ІV Вазу. На памяць аб падзеі маладыя атрымаюць не толькі сучаснае пасведчанне аб узяцці шлюбу, але і грамату на састаранай паперы, замацаваную пячаткай, якая з’яўляецца копіяй той, што была ў Сапегаў у ХVІІ стагоддзі. Па завяршэнні тэатралізаванай цырымоніі маладым і гасцям прапануецца зрабіць памятныя фотаздымкі ў залах музея і на тэрыторыі палацавага комплексу.

Руслан Сяргеевіч пераконвае:

— «Ізюмінка» вясельнай цырымоніі ў Ружанскім палацы ёсць: музей не проста прадастаўляе памяшканне, але і ладзіць тэатралізаваную цырымонію. Усяго за 350 тысяч рублёў.

Калі вы збіраецеся стварыць сям’ю і хочаце атрымаць блаславенне ад самаго Сапегі, можаце запісацца па тэлефонах — 32-2-32, (+37539) 228-75-96 (мтс).

Аўтэнтычных экспанатаў становіцца больш

Любы музейны фонд уяўляе сабой сукупнасць гісторыка-культурных каштоўнасцяў, і менавіта ён у некаторай ступені з’яўляецца меркай значнасці кожнай асобнай установы.

— Пасля майго выступлення на калегіі ў Міністэрстве культуры, — расказвае Руслан Сяргеевіч, — і «на версе» звярнулі ўвагу на праблему напаўняльнасці фондаў нашага музея.

Справа ў тым, што спецыфіка музея — дэманстрацыя аўтэнтычных, інакш кажучы, сапраўдных экспанатаў, каб паказаць дух, адметнасць архітэктуры. І тут паўстала праблема: вялікая колькасць такіх каштоўнасцяў была вывезена з краіны ў якасці трафеяў падчас войнаў, якія прайшлі праз тэрыторыю Беларусі. Натуральна, дэфіцыт экспанатаў назіраецца не толькі ў Ружанскім музеі, але і ў краіне ў цэлым. Таму на вышэйшым узроўні было прынята рашэнне вы-дзяляць канфіскаваныя аўтэнтычныя рэчы ў музейныя фонды не толькі Нясвіжскага і Мірскага, але і Ружанскага замкаў.

Так, інтэр’ер адной з залаў з нядаўняга часу ўпрыгожвае сапраўдны саксонскі фарфор канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. У набор, праўда, уваходзіла каля 80 прадметаў, Ружанскаму музею дасталася невялікая яго частка.

Вялізная партыя музейнай мэблі была канфіскавана на брэсцкай мытні ў грамадзяніна РФ, які перавозіў антыкварыят з Францыі ў Расію. Было вырашана перадаць яе музеям краіны, у тым ліку каля 40 адзінак — і Ружанскаму.

— Асобнае дзякуй і простым грамадзянам, якія не  засталіся ў баку ад праблемы напаўняльнасці фондаў музея яшчэ пры яго стварэнні. Гэта і мясцовыя краязнаўцы Мікола Папека і Юрый Малышэўскі, і мастак Віктар Хлебест, каштоўныя экспанаты перадала абшчына каталіцкага прыходу. Для добраўпарадкавання тэрыторыі сям’я Бондараў падарыла каля 50 кустоў дэкаратыўнай туі.

Пасёлак-музей

Апошнім часам Ружаны ўсё актыўней пераўтвараюцца ў турыстычны пасёлак.

— З пачатку бягучага года нават у зімовыя месяцы, якія лічацца «мёртвым» сезонам, з ружанскімі славутасцямі азнаёміліся амаль дзве тысячы чалавек. Гавару ў множным ліку, паколькі мы расказваем і паказваем турыстам не толькі наш музей, але і ўключаем у экскурсію знаёмства з Траецкім касцёлам, Петрапаўлаўскай царквой, паказваем іншыя помнікі архітэктуры. І больш таго, прапаноўваем людзям уключыць у свой турмаршрут вёску Лыскава — там таксама ёсць што паглядзець. А нядаўна ў гэтай вёсцы з’явілася адметнае кафэ, у стварэнні інтэр’еру якога — ён выкананы ў гісторыка-культурнай тэматыцы — удзельнічалі і супрацоўнікі музея.

Тым часам вядзецца гаворка і будуюцца планы па музеіфікацыі ўсяго пасёлка. Безумоўна, каб дасягнуць узроўню Нясвіжа і Міра, у Ружанах трэба яшчэ вельмі шмат працаваць. У першую чаргу, стварыць структуру па прыцягненні турыстаў на Пружаншчыну ўвогуле. У Ружанах ёсць шмат будынкаў, якія маюць гістарычную каштоўнасць, але пра гэта ведаюць нават не ўсе мясцовыя жыхары. Так, напрыклад, сваю гісторыю мае будынак, дзе сёння размешчаны… пункт прыёму шклотары.

Але гэта ўсё доўгатэрміновыя планы. Пакуль жа вядуцца рэстаўрацыйныя работы ва ўсходнім корпусе палацавага комплексу, дзе згодна з праектам размесцяцца тэатр і кафэ. На сённяшні дзень на работы выдзелена 1,2 мільярда рублёў. Рабочыя ААТ «Брэстрэстаўрацыя» займаюцца ўмацавальнымі работамі на першым паверсе рэшткаў будынка. Наконт заходняга корпуса таксама ёсць планы: у перспектыве там можа размясціцца гасцініца — інвестара для будаўніцтва шукаюць.

Тым часам супрацоўнікі
музея сумесна з Брэсцкім грамадска-культурным цэнтрам і раённым метадычным цэнтрам аддзела культуры распрацоўваюць канцэпцыю правядзення «Ружанскай брамы». Паводле слоў Руслана Сяргеевіча Кнігі, сёлета мерапрыемства, якое збірае на тэрыторыі былой рэзідэнцыі Сапегаў тысячы людзей, перарасце ў міжнароднае.

— Улічваючы заўвагі і пажаданні, якія госці «Ружанскай брамы» пакідалі пры абмеркаванні ўжо прайшоўшых двух святаў, мы распрацоўваем крыху іншую канцэпцыю — свята праз прызму гісторыі.

Ну, а наколькі гэта атрымаецца ў арганізатараў, можна будзе ўбачыць зусім хутка: чэрвень, абраны для правядзення «Ружанскай брамы», не за гарамі.

Марына Вакульская.

2 комментариев

  • Охрана культуры

    О! Оказывается Микола Папека свою лепту в культуру Беларуси вносит написанием стихов на родном языке, переводом Крашевского на белорусский, участием в восстановлении памятников истории, а ещё и наполняет фонды ГОСУДАРСТВЕННОГО музея своими артефактами!!!

    А то тут ЕЖЕВИКА постоянно спрашивает, что Папека сделал для культуры….

    Человек делает и не кичиться этим. Благо, что директора музеев благодарят человека дела, а не болтунов, а вот ЕЖЕВИКУ вряд ли поблагодарят — не за что…

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • levira

    Здорово!!Сразу захотелось театрализованно обыграть еще раз свою свадьбу!
    И цена отличная,даже можно сказать дешево!!(в Минске, я думаю такая услуга миллиона 2 стоила бы)
    Так что, народ, айда на театрализованное оформление браков(это что-то новенькое и экзотическое для Пружан и нетолько:))

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *