Воскресенье, 26 сентября 2021

Чаму жонкі святароў у царкве маўчаць? На гэтае і іншыя пытанні адказвае матушка Людміла Сысаляціна

1 750

Бацюшкі даюць “інтэрв’ю” ўсяму прыходу кожную нядзелю, а вось што кажуць матушкі, ніхто не чуе. Яны толькі зрэдку выглядваюць з-за пляча мужа, але ніколі — наадварот. Але ў многіх з іх — надзвычай цікавы жаночы лёс, сваё бачанне таго, што адбываецца ў царкве, у свеце.

— Чаму жонкі святароў у царкве маўчаць? — пытаюся ў Людмілы Якаўлеўны Сысаляцінай, якую прыхаджане Навазасімавіцкага храма з любоўю называюць “матушкай”. — Мабыць, таму, што хочуць, як і ўсе, проста памаліцца.

Мая гераіня прыгожая, добрая, тактоўная, шчырая, як дзіця, і вельмі адкрытая. Пра такіх асоб звычайна кажуць “лагодныя, як галубы, і мудрыя, як змеі”. Жанчына мае вышэйшую адукацыю, па спецыяльнасці — выкладчык педагогікі і псіхалогіі. Доўгі час працавала ў дзіцячым садку № 3 г.Пружаны, потым загадвала дзіцячым садком № 4, а заканчвала прафесійную дзейнасць у дашкольнай установе в.Новыя Засімавічы. Месяц таму пайшла на заслужаны адпачынак і сёння ўвесь свой вольны час прысвячае сям’і (мужу-святару і дачцэ Арыне), невялікаму фруктоваму саду, прыгожаму кветніку і… жывёлам, якіх любіць бязмерна, незалежна ад таго, жывуць яны ў яе доме або пад чужым дахам.


Нядзіўна, што і сустрэліся мы з Людмілай Якаўлеўнай пры асаблівых, нават надзвычайных, абставінах — жанчына заканчвала чарговую аперацыю па выратаванні мясцовага коціка і з цяжкасцю стрымлівала слёзы: “Прабачце, зараз перадам Топу ветэрынару і адкажу на ўсе пытанні”…


Чакаць давялося нядоўга, да таго ж, знаходзіцца ў падобным на райскі сад месцы было задавальненнем… І вось клапатлівая гаспадыня вярнулася, прычым не адна — у суправаджэнні сваіх пухнатых сяброў.

— Знаёмцеся, гэта Хлоя, Моніка і Шанэль. Апошняя, дарэчы, названа ў гонар вядомай парфумы, якую люблю.
Прызнацца, гэтая адкрытасць і ўвогуле непадобнасць маёй суразмоўцы на прыняты ў асаблівым асяроддзі стандарт “матушкі” толькі імпануюць. Людміле Сысаляцінай не чужыя маленькія жаночыя радасці: яна надае пільную ўвагу свайму выгляду, разумеючы, што па ёй, магчыма, будуць меркаваць і пра мужа, і пра прыход у цэлым. Становішча жонак святароў, на мой погляд, у гэтым сэнсе ў чымсьці можна параўнаць з жонкамі палітыкаў: ад іх чакаюць эталонных паводзін.


— Я не перастала быць жанчынай ад таго, што муж вырашыў стаць святаром. Паглядзіце, да слова, на фатаграфіі сем’яў святароў пачатку ХХ стагоддзя — матушкі выглядаюць як сапраўдныя заканадаўцы мод: ахайныя, элегантныя, дагледжаныя, да пары сваім мужам…
Так, святарства мужа — важная вяха ў жыцці жанчыны, яно накладае пэўныя абавязацельствы. Але ў сан высвячаецца ўсё ж такі толькі бацюшка, яго ж жонка застаецца свецкім чалавекам… На шчасце, мне дазволілі цалкам рэалізавацца ў сваёй педагагічнай сферы і не рабіць выбар паміж сям’ёй і працай.


Бог кожнаму, і жанчыне ў тым ліку, даў таленты, і закопваць іх ні ў якім разе нельга. Так, у святара асаблівы рытм жыцця, чыста арганізацыйна я заклікана ствараць для мужа асаблівую цішыню: ён мусіць знаходзіць час для малітвы і падрыхтоўкі да службы, ён павінен надаваць увагу мноству іншых людзей, якія яго таксама называюць “бацюшкам” і маюць у ім вялікую патрэбу. Вядома, калі тата дома, у нас свята. З іншага боку, у нас таксама свята, калі кожны з нас не губляе сябе, — кажа жанчына.

На пытанне, а ці ёсць цяжкасці ў святарскай сям‘і, Людміла Якаўлеўна прызнаецца, што, вядома, ёсць, як і ў любых іншых сем‘ях. Але яны яе не палохаюць.
— З праблемамі мы спраўляемся. А калі не спраўляемся — не ўпадаем у роспач. Проста молімся і давяраем іх рашэнне Богу. І звычайна ўсё наладжваецца.


Вядома, бывалі і ў мяне моманты суму і нават адчаю, калі душу асільвала нейкая крыўда на Бога: чаму дапусціў бяду?.. А потым, у самы цяжкі момант, Ён умацоўваў маральна — і хацелася жыць далей. Кожнаму з нас Бог дае крыж па сілах, не варта апускаць рукі. Усе паспеюць выканаць сваё прызначэнне. Маё, мабыць, у тым, каб клапаціцца пра братоў нашых меншых. Лічыце гэта маёй жыццёвай неабходнасцю. Я часта думаю пра тое, што Гасподзь нездарма пасяліў ў Раі жывёл: ён без іх не быў бы поўным. Чалавек можа павучыцца ў звяроў, як клапаціцца адзін пра аднаго, як не пакідаць сваіх дзяцей, як ратаваць чужое патомства… Мы — адна вялікая сям’я. Часам мой бацюшка жартуе, што я на сваіх катах “уеду” ў Рай. А я лічу, што ў дзіўны Райскі сад чалавек трапіць на Любові.

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік.