Суббота, 18 мая 2024

І фельчары, і дэпутаты. Святлана Жук і Алена Мазан лечаць вяскоўцаў і вырашаюць іх праблемы

1 361

Святлана Жук і Алена Мазан — не толькі мясцовыя «дактары», але і дэпутаты сельскага Савета.


Святлана Вітальеўна вось ужо каторы год сумяшчае абавязкі загадчыцы Чахецкага ФАПа з грамадскай работай: трэцяе скліканне жанчына з’яўляецца дэпутатам па Чахецкай выбарчай акрузе і старастай вёскі.


— На жаль, насельніцтва на маім участку старэе, —зазначае жанчына. — Са 154 чалавек, якія прыпісаны да ФАПа, пераважная большасць — пажылыя людзі. Пусцеюць вёскі: у Козім Бродзе жыхароў не засталося наогул, усяго некалькі чалавек жыве ў Хомна.

На ўчастку Алены Іванаўны, загадчыцы Гарадзечненскага ФАПа, сітуацыя больш аптымістычная: да медустановы прыпісана каля 300 чалавек. Гарадзечна і Сасноўка пакуль прывабліваюць працаздольнае насельніцтва — відавочна, блізкасць да чыгункі ўплывае. А на лета сюды з’язджаюцца яшчэ і дачнікі.


Без перабольшання, жанчыны жывуць не толькі сваімі клопатамі, але і праблемамі вяскоўцаў.


— Многія з іх сезонныя. Зараз, напрыклад, гэта пасадка бульбы, — гавораць субяседніцы. — А вось дарогі — тэма, бадай, круглагадовая.
Сёння жыхары Гарадзечна ў чаканні асфальтавання дарогі ад трасы Відамля-Пружаны да вёскі. Дарожнікі ўжо рыхтуюць гэтыя чатыры кіламетры да ўкладкі асфальтавага пакрыцця.


У сельвыканкаме падкрэсліваюць, што абедзве жанчыны — вельмі паважаныя на вёсцы людзі, якія ведаюць кожнага мясцовага жыхара. Ім давяраюць, да іх звяртаюцца, на іх спадзяюцца. Работы медыкам дадаў яшчэ і каранавірус: фельчар — пярвічнае звяно па прафілактыцы і дыягностыцы захворвання сярод вяскоўцаў.
Марына Вакульская, Кацярына Масік (фота).