Воскресенье, 19 мая 2024

Иосиф Дробов: партизанские будни шерешевского фельдшера

598

На тым канцы проваду хваляваліся. Тэлефанавала жыхарка г.Гродна Ларыса Аляксееўна Шаткевіч, якая цяпер займаецца добраўпарадкаваннем бацькоўскага дома ў Шарашэве. Жанчына не змагла схаваць свайго абурэння з нагоды адной з тэлеперадач, якая прысвячалася партызанскаму руху ў Беларусі:
— Я часта праглядаю навіны ў інтэрнэце. І вось напярэдадні 9 Мая натыкнулася на перадачу аднаго незалежнага тэлеканала, у якой савецкіх партызан паказалі як нейкіх, прабачце, адшчапенцаў і п’яніц. Я была абражана да слёз такім перапісваннем гісторыі і абагульненнем. І стала падымаць кнігі ўспамінаў, гістарычныя часопісы і фатаграфіі, на якіх — мой стрыечны дзядзька, былы партызан атрада імя Кірава брыгады Панамарэнкі, паважаны ў свой час фельчар хуткай дапамогі Шарашоўскай бальніцы Іосіф Іванавіч Дробаў. Прыязджайце, я вам усё пакажу і раскажу.

Мы паехалі. І былі прыемна здзіўлены вялікім фотаархівам, сабраным пляменніцай, чалавека, які быў у ліку тых, хто змагаўся ў гады вайны ў тыле ворага, а пасля вайны шчыра працаваў над добраўпарадкаваннем пасёлка і лячыў людзей.
— Пачну з таго, што ў 2008 годзе мама перад смерцю завяшчала мне наведаць месцы партызанскай славы ў Мінскім раёне і абавязкова могілкі ў Любані. А там, аказалася, ажно 32 магілы сваякоў! Усе Дробавы. І ўсе ўдзельнічалі ў партызанскім руху… А адзін Дробаў пахаваны тут, на шарашоўскіх могілках, — распавядае Ларыса Аляксееўна.
Што ёй вядома пра дзядзьку? Нарадзіўся Іосіф Іванавіч у 1918 годзе ў в. Рэпін Кастрычніцкага раёна Гомельскай вобласці. Пасля школы скончыў Бабруйскае медыцынскае вучылішча, уступіў у партыю. У Вялікую Айчынную вайну ў ліку іншых быў накіраваны штабам партызанскага руху ў Брэсцкую вобласць для арганізацыі тут партызанскага руху.

— Як бачна з гэтага пасведчання, Іосіф Іванавіч са студзеня 1943 па 15 лютага 1944 года быў удзельнікам аперацый атрада імя Кірава брыгады Панамарэнкі Брэсцкага злучэння, потым да 1 ліпеня таго ж года ўзначальваў санітарную службу атрада. Ведаю, што быў паранены ў руку… Сярод яго паплечнікаў былі многія вядомыя ў Шарашэве людзі, пра што, дарэчы, сведчаць шматлікія фатаграфіі. Вось глядзіце: у прыватнасці, тут мой дзядзька з парторгам атрада Вікенціем Іванавічам Рыгіным і яго жонкай Зінаідай Васільеўнай, якая была сувязной. Але дзядзька быў сціплым чалавекам, нічога асаблівага не расказваў, — тлумачыць мая суразмоўца.
Сапраўды, пра “партызанскія будні” Дробава Ларысе Аляксееўне вядома няшмат, таму да нядаўняга часу яна планавала папрацаваць у архівах, каб высветліць канкрэтныя факты пра дзейнасць яго атрада. Але ў планы ўмяшалася цяжкая хвароба, наступствы якой адбіліся на агульным самаадчуванні. Тым не менш, ад сваёй мары жанчына не адмаўляецца.
— Калісьці да нас прыязджаў нейкі пісьменнік. Ён пісаў кнігу пра партызан, але нічога не расказаў. Я ведаю адно: Іосіф Іванавіч быў вельмі паважаным чалавекам. Пасля вайны так і застаўся жыць у Шарашове, потым і маму сюды перавёз. Усё казаў ёй: месцы тут добрыя — абавязкова спадабаецца. 44 гады яна адпрацавала ў лабараторыі Шарашоўскай бальніцы, тут і памерла…

Доўгі час Іосіф Іванавіч выбіраўся дэпутатам сельскага Савета. Але асноўным месцам яго працы была станцыя хуткай дапамогі. Практычна да самай смерці там працаваў.

За шматгадовую добрасумленную працу, добрыя паказчыкі ў рабоце і актыўны ўдзел у творчым жыцці пасёлка фельчар-партызан неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі.
— Ён быў вельмі добрым чалавекам, па-бацькоўску клапаціўся пра нас з мамай. Памятаю, у дзяцінстве я цяжка хварэла і ляжала дома адна: мама была на працы. Дык дзядзька, праязджаючы міма, заўсёды спыняўся і забягаў мяне праведаць. І ўсё супакойваў: паправішся… Іншых ратаваў, а сябе не змог. Памёр у 64 гады ад інсульту. Медыкі да апошняга змагаліся за яго жыццё, — уздыхае жанчына. — На сённяшні момант у пасёлку засталося вельмі мала ветэранаў. А калісьці, як узгадаю, на 9 Мая выйдуць на парад у сваіх пінжаках з ордэнамі — любата!

І дзядзька — у першых шэрагах. Пастаянна выступаў на мітынгах, з трыбуны вёў парады. Узнагарод у яго было шмат. Бывала, прыходзіў на свята ў адным пінжаку, а цётка несла следам іншы — з узнагародамі.

— Вось глядзіце на гэтых людзей, якія былі ў атрадзе або дапамагалі партызанам, — кажа Ларыса Аляксееўна і пачынае пальцам вадзіць па фотаздымку. — Гэта галоўны ўрач бальніцы, а гэта жонка ляснічага. Мая цётка Анастасія Іосіфаўна Алёшына, пры якой быў пабудаваны будынак аптэкі. А гэта — журналіст вашай “раёнкі” Аляксей Марціновіч, у яго таксама было шмат медалёў.

— Паглядзіце на гэтыя цудоўныя твары! Усе прыстойныя і сумленныя людзі. Скажыце, як можна іх ганьбіць? Я аднойчы ехала ў аўтобусе. — Чыя ты будзеш? — запыталася ў мяне старэнькая жанчына. — Я адказваю: Пракопчык (маё дзявочае прозвішча). — Не, — кажа, — не ведаю. – Дык мой дзядзька Дробаў! — Яна: Ой, Божачкі! Такіх сумленных людзей цяпер няма!

Адным з доказаў таго, што Іосіфа Іванавіча Дробава ў пасёлку паважалі і захоўваюць памяць аб ім, можа служыць жаданне людзей дапамагчы яго пляменніцы ў добраўпарадкаванні магілы.
— Адзіная дачка Іосіфа Іванавіча памерла. Засталіся ўнукі, якія жывуць вельмі далёка. Калі помнік пачаў крышыцца, я вырашыла яго сваімі сіламі ўмацаваць. Вызвалася дапамагчы сям’я Мяркулавых. Я хачу сказаць ім вялікі дзякуй за тое, што замянілі помнік, паднялі кветачніцу, зацэментавалі і замовілі новую шыльдачку.

…Разам з Ларысай Аляксееўнай мы наведалі могілкі, каб ушанаваць памяць аб былым партызане. Асабліва ўразілі словы на помніку: “Ноччу зняўшы белы халат, ты годна пакінуў пост”.

Алена ЗЯЛЕВІЧ