Понедельник, 20 мая 2024

Брыльянтавыя юбіляры Філімовічы з Шарашэва падзяліліся сакрэтам сямейнага шчасця

434

2020 год для многіх з людзей аказаўся не самым лёгкім перыядам у жыцці… А вось жыхары Шарашэва Уладзімір Аляксандравіч і Анастасія Міхайлаўна Філімовічы, упэўнена, будуць успамінаць пра яго з асаблівай настальгіяй. І на тое ў іх ёсць важкая прычына – брыльянтавае вяселле, якое адсвяткавалі некалькі месяцаў таму.
І далёкі 1960-ы Філімовічы таксама ўспамінаюць з удзячнасцю за незабыўную сустрэчу, за каханне з першага позірку, за блаславенне на моцны сямейны саюз.


— Гэта быў асаблівы час: у пасёлку моладзі шмат, а значыць, і выбраць было з каго. Але прыгажуня Насця адразу запала ў сэрца, — успамінае Уладзімір Аляксандравіч, які на той момант служыў на марскім флоце і прыехаў у адпачынак.


А Анастасія Міхайлаўна працавала ў магазіне:
— Ладнага хлопца, ды яшчэ ў форме, цяжка было не заўважыць… Ён потым, пакуль служыў, пастаянна лісты мне дасылаў, у якіх прызнаваўся, што сумуе. І я сумавала. І чакала…


Як аказалася, яе жаніх, да ўсяго, аказаўся яшчэ вельмі адказным і працавітым чалавекам. Пасля дэмбелю, перш чым згуляць вяселле, тры гады будаваў уласны дом.


— Каб было куды прывесці маладую жонку, — усміхаецца “брыльянтавы” юбіляр.


— Валодзя хацеў зрабіць мяне шчаслівай, і ў яго гэта атрымалася. Лёс у мяне, дзякуючы яму, аказаўся лёгкім і светлым. Можа, яшчэ і таму, што сама Багародзіца спрыяла нашаму саюзу: вяселле ж згулялі на Пакроў! Да ўсяго, у гэты дзень, 14 кастрычніка, быў дзень нараджэння Валодзі, — прызнаецца жанчына, якая 60 гадоў таму стала для свайго мужа самым лепшым падарункам у жыцці.


Але слова “лёгкі” ў яе прызнанні трэба ўспрымаць асаблівым чынам. Анастасіі Філімовіч было лёгка маральна: муж і жонка практычна ніколі не сварыліся, вельмі хутка ўсё адзін аднаму прабачалі, давяралі ва ўсім і ніколі не давалі падстаў для рэўнасці. А вось фізічна працавалі не менш за іншых.


— Таму што хацелася дзетак на ногі паставіць. Мы і гаспадарку падсобную заўсёды трымалі, і кармоў шмат на зіму нарыхтоўвалі. Акрамя таго, як і належыць у вёсцы, у нас быў вялікі агарод і кветнік. Не баяліся ніякай працы, — дзеліцца “брыльянтавым” рэцэптам шчасця жанчына.


— У працы нашы дзеці і ўнукі выраслі, — дадае Уладзімір Аляксандравіч. — Мы на іх і нарадавацца не можам: і рукі ў іх залатыя, і характары лёгкія, рахманыя. Дачушка Ірачка ўжо 17 гадоў як аперацыйнай медсястрой у Бараўлянах працуе, сынок Аляксандр — у Брэсце будаўніком. Ведаеце, ён кожны год дзеліць свой адпачынак на некалькі частак, каб дапамагчы нам, старым, вясной бульбу пасадзіць, у канцы лета яе выкапаць, восенню агароды прыбраць, а зімой зрабіць генеральную ўборку дома і сядзібы, каб у чысціні сустракаць Новы год і Каляды. І гэты год не стаў выключэннем. Добрыя дзеці, паспяховы ўнук, прыгажуня праўнучка — хіба гэта не лепшы падарунак на юбілей? Яны і ёсць нашы галоўныя “брыльянты”.
Алена Зялевіч.