Четверг, 16 июля 2026

«Звіняць цымбалы і гармонік»

321

Народны ансамбль народных інструментаў «Пружанскі палацык» дзіцячай школы мастацтваў імя Р. Р. Шырмы прыняў удзел у юбілейным 35-м Міжнароднымфестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» у г. Паставы. Гэта адзіны інструментальны калектыў, які прадстаўляў Брэсцкую вобласць на такім высокім узроўні.

Створаны ў 1989 годзе з мэтай развіцця традыцый народнага выканальніцкага мастацтва, гурт і да гэтага часу ўяўляе сабою самабытны калектыў настаўнікаў, якія 28 гадоў таму вырашылі выйсці за рамкі ўстановы і заявіць пра сябе на іншых пляцоўках. Праз дзевяць гадоў ансамблю было прысвоена ганаровае званне «народны».

Ідэйным натхняльнікам стварэння ансамбля выступіла педагог школы Таццяна Папова, якую тут жа падтрымалі яе калегі Іраіда Багамолава і Інэса Галаўніцкая. Яны разам прыдумалі назву і сталі працаваць над рэпертуарам. Арыгінальная музыка, напісаная для струннашчыпковых інструментаў, творы замежных, рускіх, беларускіх кампазітараў, народныя апрацоўкі, перакладанні сучаснай музыкі, эстрадныя мініяцюры, творы для саліста-вакаліста склалі аснову праграмы выступленняў. Паступова ў калектыў прыйшлі іншыя выкладчыкі, а таксама салісты, якія гарманічна ўліліся і дапоўнілі гучанне разнастайнасцю гукаў і мелодый. Цудоўныя беларускія народныя песні «Звіняць цымбалы», «Каліна ў полі», «Бульбачка» і многія іншыя і сёння карыстаюцца папулярнасцю, як у былыя часы.

Мэтай дзейнасці калектыву з’яўляецца папулярызацыя народных інструментаў, інструментальнай музыкі, выхаванне падрастаючага пакалення на каларыце жывога гучання. Гэтыя асноўныя напрамкі сталі тым самым трывалым падмуркам, на якім і сёння трымаецца ансамбль. У кожны твор выканаўцы ўкладваюць усю сваю душу, нібы раствараюцца ў музычных пераборах падачы матэрыялу.

За час свайго існавання састаў шмат разоў мяняўся, але непахіснай засталася пераемнасць традыцый, якія беражліва захоўваюцца і перадаюцца з года ў год. У цяперашні час ансамбль «Пружанскі палацык» — гэта згуртаваны калектыў, які мае вялікі вопыт канцэртнай дзейнасці. Яго яркую і смелую ігру слухачы прымаюць з захапленнем. Усе ўдзельнікі валодаюць тонкім музычным густам, яркай эмацыянальнасцю і вялікім вопытам  музыцыравання. Выкладчыкі ўмела сумяшчаюць асноўную педагагічную дзейнасць і ўдзел у ансамблі. На сённяшні дзень значна пашырыўся рэпертуар. Каб крочыць у нагу з часам і зацікавіць гледача, у праграму выступлення ўведзены кампазіцыі з кінафільмаў, замежная папулярная музыка, эстрадныя песні.

Прызнаннем высокага выканальніцкага майстэрства гурта з’яўляюцца шматлікая ўзнагароды рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Зусім нядаўна ансамбль «Пружанскі палацык» яскрава і прафесійна выступіў на пастаўскіх пляцоўках.

— Нас запрасілі на два фестывальныя дні. Спачатку прымалі ўдзел у конкурснай праграме «Хто каго». Канечне, узровень правядзення мерапрыемства і саміх канкурсантаў вельмі высокі. Гэта і заслужаныя калектывы Беларусі, Расіі, Сербіі, студэнты музычнага каледжа і народныя ансамблі. Мы выступалі з інструментальным нумарам «Беларускія танцы» І. Жыновіча і атрымалі дыплом удзельнікаў. Ізюмінкай адкрыцця стаў абрад «Кумленне», калі калектывы абменьваліся традыцыйнымі сувенірамі, якія адлюстроўваюць вобласць або раён. Нам выпала Віцебская вобласць, мы падарылі калегам вялікі гліняны збан з гербам Пружан. У сваю чаргу, ад віцябчан мы атрымалі каравай, карціны і пано мясцовых майстроў з сімволікай Паставаў, — расказала кіраўнік Святлана Бартноўская.

На другі дзень фестывалю пружанскі ансамбль удзельнічаў у вулічным шэсці, а пасля выступіў у гала-канцэрце з цікавым нумарам «Рок-попуры» на песні 80-х гадоў. Выканаўцы вырашылі адысці ад конкурснай тэматыкі і паказаць, што яны іграюць не толькі беларускія кампазіцыі, але і знакамітыя папулярныя мелодыі. Для гледача гэта сапраўднае дзіва, якое з задавальненнем падхапляюць і абсыпаюць музыкаў бурнымі авацыямі. Калектыў атрымаў пуцёўку на фестываль дзякуючы падтрымцы аддзела культуры райвыканкама пры непасрэдным удзеле начальніка аддзела Алены Кубарка, якая дапамагла ў арганізацыі паездкі.

Разнастайныя канцэртныя праграмы калектыву карыстаюцца нязменным поспехам. Асаблівы творчы почырк, зарад энергіі, экспрэсія выканання музычных нумароў пакараюць гледачоў сваёй шчырасцю і творчым энтузіязмам. У наступным годзе ансамбль рыхтуецца зноў пакарыць членаў абласнога журы на пацвярджэнні звання «народны». Нанова збіраць партфоліа і працаваць над рэпертуарам пачынаюць ужо зараз.

Безумоўна, поспех гурта складае высокі прафесіяналізм педагогаў, адданасць любімай справе і цудоўны мастацкі густ. Сёння народны ансамбль народных інструментаў «Пружанскі палацык» поўны творчых сіл і натхнення, а таксама імкнення далей развіваць і ўдасканальваць сваё майстэрства, дарыць людзям радасць і ўзнёслы настрой, абавязкова з захаваннем самабытных беларускіх традыцый.


Ірына Велясевіч
Фота з архіва ансамбля