Суббота, 7 марта 2026

«Зорныя» ўзнагароды для «Круцёлачак»

639

Узорны ансамбль народнага танца «Круцёлачкі» (кіраўнік Аксана Васільеўна Ільюшонак) прыняў удзел у XI Міжнародным фестывалі-конкурсе харэаграфічнага мастацтва «Запалі сваю зорку» ў г. Казань (Расія). Пружанскі калектыў неаднаразова паспяхова выступаў на гэтым фестывалі і ўжо заслужыў аўтарытэт і павагу яго арганізатараў, таму зноў атрымаў асобнае запрашэнне.

У гэтым годзе майстэрства юных пружанскіх танцораў кампетэнтнае журы адзначыла трыма дыпломамі лаўрэатаў І ступені ў намінацыі «Народны танец» ва ўзроставых групах 8–10 і 11–14 год, а таксама змешанай (11–16 год). Да таго ж, узорнаму ансамблю была ўручана спецыяльная ўзнагарода федэральнага агенцтва па справах СНД у знак падзякі за высокую творчую і прафесійную арганізацыю работы аматарскага калектыву.

Акрамя незабыўных эмоцый і ўражанняў, якія маленькія пружанцы атрымалі непасрэдна ад конкурснай праграмы, яны змаглі бліжэй пазнаёміцца з культурнай спадчынай аднаго з рэгіёнаў Расіі — Рэспублікі Татарстан, наведаць творчыя лабараторыі і майстар-класы ад вядучых спецыялістаў харэаграфіі міжнароднага ўзроўню і, канечне, набыць новых знаёмых і сяброў.

Узорны ансамбль народнага танца «Круцёлачкі» выказвае падзяку за дапамогу ў арганізацыі ўдзелу калектыву ў Міжнародным фестывалі-конкурсе старшыні Пружанскага раённага выканаўчага камітэта Міхаілу Грышкевічу, а таксама аддзелу культуры райвыканкама, Пружанскаму раённаму цэнтру культуры, ААТ «Пружанскі льнозавод», бацькам юных танцораў.

Наталля Пракаповіч