На чым трымаецца зямля беларуская, хто яе аберагае, песціць, даглядае, як роднае дзіця? На роўнасці, справядлівасці, узаемаразуменні і, канечне, на людзях, самых працавітых у гэтым свеце, адданых сваёй справе, сумленных. Такіх, як працаўнікі з ААТ «Пружанскае».
Усе пагодзяцца, што за ўсё жыццё можна перабраць мноства прафесій, паспрабаваць сябе на розных пасадах. Ніхто гэтага і не забараняе. Але ёсць тут адна загвоздка. Калі чалавек не можа знайсці сваё месца на працы, ледзь не штогод шукае работу, дзе б нічога не рабіць, закрадваецца сумненне: ці можна давяраць такому працаўніку, даваць яму важныя даручэнні, быць упэўненым у ім? Іншая справа складваецца ў ААТ «Пружанскае». У сельгаставарыстве ёсць касцяк з тых лю-дзей, якія ведаюць, навошта прыйшлі ў сельскую гаспадарку, вядуць за сабой астатніх, паказваючы толькі станоўчы прыклад у рабоце. Давайце пазнаёмімся з такімі працаўнікамі.
Усе прафесіі добрыя і маюць права на жыццё. Але для Віктара Аліфера быць токарам — не проста работа, а больш прызванне, на працы ён адпачывае душой, бо займаецца любімай справай. Згадзіцеся, рэдка можна сустрэць чалавека, які ходзіць на работу, як на свята, асабліва на сённяшні дзень. І гэта не карэспандэнты «раёнкі» ўзялі з галавы, так на поўным сур’ёзе сцвярджае кіраўніцтва гаспадаркі: ён адзін такі, майстар на ўсе рукі.

Віктар Віктаравіч у 1990 годзе пераехаў на Пружаншчыну з Гродзенскай вобласці і ўжо дзесяць гадоў шчыруе ў ААТ «Пружанскае». Спачатку працаваў слесарам і ўжо тут паказаў сябе адказным работнікам, проста таварыскім чалавекам. А так як меў пасведчанне токара, то было вырашана даць магчымасць Віктару Аліферу раскрыцца ў гэтай прафесіі.
І не памыліліся. Усё ўмее віртуозны токар. Можа зрабіць закончаную дэталь, гатовую для выкарыстання або неабходную для работы якога-небудзь механізма. Выточванне, свідраванне, нарэзка разьбы — ніякіх праблем, толькі рабі заказ. Зробіць якасна, без браку, як на заводзе. І звяртаюцца часта, бо часам чакаць новую дэталь вельмі доўга, а работа павінна выконвацца, таму ж «МАЗу» трэба ехаць па кармы, тыя ж каровы чакаюць, калі прыедзе кормараздатчык. Ды якіх толькі непрадбачаных сітуацый у сельскай гаспадарцы не здараецца! А каб іх аператыўна вырашаць, і патрэбны такія людзі як Віктар Віктаравіч.
Калі прыйшоў у гэты свет, то працуй шчыра і сумленна, так вось каментуе сваю прысутнасць на зямлі токар з ААТ «Пружанскае». У адказ ён атрымлівае павагу ад кіраўніцтва сельгаставарыства, рабочае месца адпавядае ўсім патрабаванням тэхнікі бяспекі, кожны год Віктар Аліфер атрымлівае новае спецадзенне ды і на працу, і дадому возяць. Заработная плата таксама задавальняе. Што яшчэ? Проста радуйся, што жывеш у спакойнай краіне, і будзь шчаслівы кожны дзень.
Быць вадзіцелем — гэта прызванне, а не проста прафесія, лічыць Андрэй Ануфровіч. І ён мае рацыю, бо адна справа бяздумна круціць баранку, не адчуваючы еднасці з тэхнікай, і другая — быць адзіным цэлым, ведаць усё пра даручаны аўтамабіль, абслугоўваць яго па рэгламенце, пры неабходнасці рамантаваць скрупулёзна, з веданнем справы. Сапраўды, да ўсяго трэба адносіцца сур’ёзна, нават з душой. За гэтыя якасці і паважаюць Андрэя Аляксеевіча ў ААТ «Пружанскае».

Ураджэнец в. Юндзілы, што на Ружаншчыне, у свой час воляй лёсу апынуўся ў аг. Лінова і цяпер вось шчыруе ў сельскай гаспадарцы, з якой быў знаёмы змалку, бо вадзіцелем да выхаду на пенсію працаваў яшчэ бацька Аляксей Уладзіміравіч.
У сельгаставарыстве Андрэю Ануфровічу даручылі «МАЗ-Купава» для перавозкі людзей. У дадзеным выпадку даводзіцца адказваць не толькі за сябе, але і за пасажыраў, якіх перавозіш, удвая быць пільным на дарозе, бездакорна выконваць Правілы дарожнага руху. З цёмнай раніцы вадзіцель дастаўляе работнікаў у гаспадарку і толькі пад ноч ставіць тэхніку на спачын. Больш чым па дванаццаць гадзін калясіць дарогамі раёна, але не стамляецца, бо пры любімай справе і з жаданнем толькі наперад, да новых даляглядаў. Добра, што запал да працы не затухае, але пры такім рэжыме і адпачываць трэба. Згодна з графікам, Андрэй Ануфровіч працуе суткі праз двое, ёсць магчымасць узнавіць сілы, падрыхтаваць сябе да новага працоўнага дня. І самае галоўнае, што душа спакойная, бо па жыцці выбраў годную для сябе прафесію і цяпер толькі застаецца быць верным ёй яшчэ многія-многія гады.
А ці будуць павялічвацца надоі ў каровы, ці будзе ўзнаўляцца статак за кошт народжаных цялятак? Усё залежыць ад таго, як спрацуюць жывёлаводы, і не паасобку, а разам, камандай. Адзін своечасова пакорміць, другі правільна падоіць, трэці на належным узроўні прыме роды, чацвёрты акуратна прыбярэ памяшканні. Толькі камандай, перажываючы за канчатковы рэзультат, можна дамагчыся поўных малочных рэк і здаровых рагуль.
За апошні час МТК «Гарадняны» ААТ «Пружанскае» значна ператварылася, на тэрыторыі ўсюды чысціня, як і ўнутры цэхаў, стабільныя надоі, добры выхад цялят.
Апошняй акалічнасці як мага лепш спрыяе вартаўнік-жывёлавод Раіса Бебес, працоўны шлях у сельскай гаспадарцы якой пачынаецца ў 1998 годзе ў якасці даяркі. З 2015 года шчыруе ва ўзгаданым сельгаставарыстве. Спачатку даглядала за цяляткамі, цяпер вось крыху памяняла спецыялізацыю.
Сціплая жанчына, якая ніяк не выстаўляе напаказ сваю сумленную працу, быццам так яно і павінна быць. Але на самай справе Раіса Іванаўна, як ніхто іншы, заслугоўвае добрых слоў за старанне, любоў да справы і сваіх падапечных.
Вартаўнік-жывёлавод павінен выявіць карову, якая хутка ацеліцца, значыць, робім пастаянна абход статка. Потым падагнаць яе ў радзільнае аддзяленне, пры нараджэнні цялятка апрацаваць яго і павесіць бірку. Зрабіць усё правільна і стэрыльна. Карову пасля родаў абавязкова доім і правяраем малако на мастыт і імунаглабулін, калі адпавядае норме, разліваем у ёмістасці і замарожваем. На працягу гадзіны патрэбна выпаіць нованароджанага правераным малодзівам. Нічога складанага? Нішто сабе! Але дапусці халатнасць хоць на якім этапе Раіса Бебес — і можна не чакаць здаровых цялят і ў будучым малочных кароў.

Раіса Іванаўна не падвядзе, не той чалавек, яна з правільнымі поглядамі да працы і жыццёвай пазіцыяй: рабі ўсё так, каб не апускаць вочы перад людзьмі.
Ніколі не павінна быць сорамна браць прыклад з іншых людзей, якія паказваюць, як трэба жыць і працаваць па сумленні, быць чэснымі ва ўсім. Гэта будзе толькі на карысць для сябе і навакольных.
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік