Суббота, 12 октября 2024

Заспяваў арган, які маўчаў дагэтуль

444

У Ружанах гучаў арган, які быў безгалосым каля 80 гадоў. На першы канцэрт у касцёл Найсвяцейшай Тройцы прыехаў знакаміты арганіст з Расіі, які зараз выкладае ў кансерваторыях Германіі, Сяргей Чарапанаў.

Перад пачаткам канцэрта да прысутных звярнуўся святар касцёла айцец Януш Пуліт. Ён падзякаваў рэстаўратарам старажытнага аргана, арганізатарам фестывалю за магчымасць пачуць чароўныя гукі музычнага інструмента.

Нагадаем, што серыя канцэртаў праходзіць у рамках арганнага фестывалю «Ars magna organi». Першыя канцэрты адбыліся ў Пінскім кафедральным касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі і касцёле Святога Міхаіла Архангела ў Навагрудку. Прайшлі яны таксама ў касцёле Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Мядзведзічах і касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Іванаве. Пра гэта расказаў фундатар, аўтар і мастацкі кіраўнік фестывалю Аляксандр Бурдзялёў. А яшчэ Аляксандр паведаміў гісторыю аргана ў Ружанскім касцёле. Велічны барочны інструмент выкананы невядомым майстрам, верагодна, у апошняй чвэрці XVIII стагоддзя. Перабудаваны таксама невядомым майстрам у ХІХ стагоддзі. У 1828 годзе ў касцёльных дакументах гэты інструмент занатаваны як 12-рэгістравы арган. Гэта самы стары і адзіны барочны арган, які захаваўся на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі (Брэсцкая і Гомельская вобласці). Педальная клавіятура мае незвычайна кароткі дыяпазон і з’яўляецца самай старой у Беларусі.

Першыя гукі разнесліся ў велічным храме, які ў 1617-м быў пабудаваны па ўказе і фінансаванні канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі. Творы Баха, Бетховена і іншых, менш вядомых кампазітараў, зачароўвалі, натхнялі, узносілі. Майстэрства, з якім іграў музыкант Сяргей Чарапанаў, захапляла. Сам маэстра сядзеў за клавішамі на хорах. Але дзякуючы інтэрактыўнай трансляцыі мы маглі бачыць ігру майстра на вялікім экране. Цікава было назіраць, як яго памочнік пераключаў рычагі рэгістраў, а музыкант нагамі перабіраў педалі, а рукі, быццам матылькі, луналі над клавішамі інструмента.

Адгучалі апошнія акорды музыкі Бетховена, удзячныя гледачы апладзіравалі майстру стоячы. Пад апладысменты і воклічы «Брава!» маэстра сышоў з другога паверха і сціпла падзякаваў за цёплы прыём. Яму і Аляксандру Бурдзялёву ўручылі самабытныя выцінанкі майстра з Ружан Юрыя Малышэўскага.

У невялікім інтэрв’ю нашай газеце Аляксандр расказаў, што з фестывалем пабываў ужо ў шматлікіх гарадах і, нарэшце, аказаўся ў Ружанах.

— Мы стараліся ахапіць тыя мясціны, дзе ёсць старадаўнія арганы, — падзяліўся Аляксандр. — Вось і ў Ружанскім касцёле праз дзеся-цігоддзі маўчання ўдалося адрадзціць арган, які, спадзяюся, загучаў тым жа голасам, які чулі прыхаджане храма напрыканцы XVIII стагоддзя. Сёння — першы канцэрт фэсту. А працягнецца фестываль аж да 13 кастрычніка. Сёння вы чулі выступленне маэстра з Расіі Сяргея Чарапанава. Акрамя яго можна будзе пачуць ігру нашай знакамітай Ксеніі Пагарэлай з Полацка, народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава і многіх іншых. Усе канцэрты пройдуць у выхадныя дні.

Нагадаем, што 21 верасня ў 14.00 перад гледачамі выступіць ансамбль «Камерныя салісты Мінска» пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Зубава. Вы адчуеце асалоду ад нямецкіх кантат і духоўных канцэртаў XVII стагоддзя. 22 верасня выступіць «Загорскі-квартэт» (Мінск).

Самае грандыёзнае мерапрыемства адбудзецца 28 верасня. У касцёле выступіць знакамітая арганістка Полацкага Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая. Акрамя канцэрта адбудуцца рэканструкцыі падзей мінуўшчыны і многае іншае. Сачыце за рэкламай.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік