
На мінулым тыдні ў мемарыяльным скверы ў в. Зарэчча адбыўся мітынг у памяць аб жыхарах вёскі — удзельніках Вялікай Айчынай вайны, які стаў ужо традыцыйным.
Зараслі шрамы акопаў, зніклі папялішчы спаленых вёсак і гарадоў, выраслі новыя пакаленні. Але ў памяці чалавечай 22 чэрвеня 1941 года засталося не проста як фатальная дата, а як мяжа — пачатак адліку доўгіх дзён і начэй самай страшнай і крывавай вайны для нашага народа. І ў гэтыя дні мы ўспамінаем тых, хто не вярнуўся з палёў бітваў, чые імёны беражліва высечаны на камені і ў сэрцы кожнага зарэчанца.
Памяць — адзінае, чым мы можам аддзячыць загінуўшым у гады ваеннага ліхалецця. І кожны з нас павінен ведаць аб стратах, якія панесла наша зямля ў гэты час, шанаваць і паважаць воінаў-вызваліцеляў, хто стаў ахвярай акупантаў. Беларускі народ здольны захаваць традыцыі, каштоўнасці, спадчыну, якія робяць нашу краіну моцнай і квітнеючай.
— Цяпер, калі Захад спрабуе адабраць у нас Вялікую Перамогу, сказіць праўду пра яе, наша задача захаваць і годна абараняць гісторыю. Зрабіць гэта мы можам толькі мірнымі стваральнымі справамі. Кожны на сваім месцы, сваёй працай і талентам можа ўнесці ўклад у развіццё нашага роднага краю, як гэта зрабіў ураджэнец Зарэчча Міхаіл Куц, увекавечыўшы памяць аднавяскоўцаў у мемарыяльным скверы, — адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Вадзім Краўчук.

58 мужчын з вёскі Зарэчча былі прызваны на фронт у апошні год вайны для абароны і вызвалення Радзімы і еўрапейскіх дзяржаў. І толькі 30 з іх вярнуліся дадому з раненнямі і ўзнагародамі. 28 герояў загінулі на тэрыторыях Беларусі і Украіны, Усходняй Прусіі, Венгрыі, Чэхіі і Германіі. Былі ўгнаны на прымусовыя работы 39 жыхароў.
У памяць пра ўсіх іх у 2018 годзе быў узведзены мемарыял. Да нашчадкаў слаўнага пакалення, якія абаранілі мір на нашай зямлі, звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.
— Прайшло 80 гадоў з таго пераможнага мая 45 года. Для ўсіх нас Дзень Перамогі — асаблівае свята. Гэта сімвал гонару за тых, хто адстаяў свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. За гэтым словам стаіць мужнасць і гераізм мільёнаў савецкіх салдат, напружаная і цяжкая праца ў тыле. Мы перамаглі, таму што нашы байцы ішлі ў атаку з гранатай супраць танка, параненыя не сыходзілі з поля бою, салдаты без патронаў білі прыкладам, а радысты выклікалі агонь на сябе. Светлая памяць аб іх захоўваецца на гэтым святым месцы, у сэрцах родных і блізкіх.

Мы Слухалі пранікнёныя словы выступоўцаў — і мурашкі беглі па скуры. Кожны ў такія хвіліны як быццам становіцца часткай нашай слаўнай гісторыі, яе мірным працягам. У гэтыя дні сэрцы і думкі ўсіх звернуты да ветэранаў, франтавікоў, падпольшчыкаў і працаўнікоў тылу. Да тых, хто праз буры і навальніцы нябачанай у гісторыі чалавецтва вайны з гонарам выстаяў і перамог. Яны ўсе здабылі права на неўміручасць, гэта ім мы абавязаны перамогай і вызваленнем.
Прыемна, што на мітынгу прысутнічалі не толькі кіраўнікі вобласці, раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, духавенства, маладзёжных аб’яднанняў, але і родныя загінуўшых зарэчанцаў, якія прымалі актыўны ўдзел у стварэнні мемарыяла.
— Гэты помнік устаноўлены на нашай сядзібе, прама насупраць дома № 70 па вул. Зарэчнай, у якім нарадзіўся і вырас наш дзядзька, Мікалай Міхайлавіч Гук. Мы ведаем, што на фронт ён пайшоў у 1945 годзе. Удзельнічаў у Вісла-Одэрскім наступе і загінуў пры фарсіраванні р.Одэр. Спрабавалі ўстанавіць яшчэ хоць якія-небудзь звесткі, але не ўдалося. І вось памяць аб ім ушанавана менавіта тут, у родным для дзядзькі месцы, — расказалі пляменнікі Леанід і Мікалай Гукі.
— Тут у нас дзядуля, Андрэй Сямёнавіч Кабрынец, які пайшоў на фронт услед за сваім родным братам у 1944 годзе. Яго адразу не бралі, бо з адной хаты, ды яшчэ і заставалася ў яго двое маленькіх дзяцей. Але калі старэйшы брат загінуў, Андрэй Кабрынец папрасіўся дабравольцам. Ваяваў пад Кёнігсбергам, там і загінуў. 45 гадоў лічыўся зніклым без вестак і толькі ў 1990 годзе чырвоныя следапыты даслалі ліст, што астанкі дзеда былі знойдзены і перапахаваны ў брацкай магіле пад Калінінградам. Наша бабуля ездзіла на туды. А тут, на роднай зямлі, імя дзеда ўшанавана ў гэтым памятным скверы, — падзяліўся ўспамінамі ўнук Віктар Швед.
Цяжка знайсці ў нашай краіне сям’ю, не пацярпелую ад вайны: хтосьці страціў сына ці дачку, бацьку ці маці, сястру ці брата… Перамога дасталася нам дарагой цаной. Мемарыяльны комплекс у Зарэччы — смутак не толькі зарэчанцаў, але і ўсяго народа. Вечная ўдзячнасць салдатам, якія не вярнуліся з вайны.
У гэты дзень успаміналі ўсіх пайменна. Яшчэ і яшчэ раз залпы стрэлаў прагучалі ў памяць аб воінах-земляках, нагадваючы аб іх ратным подзвігу ў імя міру і справядлівасці.
Мерапрыемства завяршылася ўскладаннем вянкоў і кветак.
Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік
