Воскресенье, 19 апреля 2026

Задача — папярэдзіць пажары

393

У 2024 годзе выратавальнікі Пружанскага раёна здзейснілі больш за 40 выездаў на ліквідацыю пажараў і ўзгаранняў. Падводзячы вынікі мінулага года, начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Талстой адзначыў, што ў рэгіёне амаль на 6% павялічылася колькасць пажараў (37 здарэнняў супраць 35 за 2023 год), ад наступстваў якіх загінула 3 чалавекі. У выніку праводзімай баявой работы было выратавана 5 пацярпелых. Таксама выратавальнікаў тройчы прыцягвалі на ліквідацыю наступстваў ДТЗ, калі яны пры дапамозе спецыяльных прылад даставалі з пашкоджаных аўтамабіляў параненых.

Асноўнымі прычынамі пажараў сталі неасцярожнае карыстанне агнём, парушэнне правілаў устаноўкі, эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання, а таксама печак і іншых цеплагенератараў, гульні дзяцей з запалкамі. Практычна ўсе загінуўшыя пры пажарах былі мужчынамі і знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. У зоне рызыкі апынуліся і пенсіянеры, асабліва адзінокія, якім няма каму аказаць дапамогу ў рамонце пячнога ацяплення, электраправодкі і т. п. Такім катэгорыям грамадзян аказвалася маштабная сацыяльная дапамога з боку адказных службаў і мясцовай выканаўчай улады.

Летась на тэрыторыі раёна нават былі зарэгістраваны падпалы, вінаваты ў якіх устаноўлены і будзе адказваць згодна з дзеючым заканадаўствам.

Кіраўнік раённага падраздзялення МНС падкрэсліў, што выратавальнікі Пружаншчыны ўвесь час праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы.

— Летась было абследавана звыш 2600 домаўладанняў грамадзян сацыяльна ўразлівых катэгорый, — адзначыў Павел Міхайлавіч.— Выдадзены рэкамендацыі па рамонце 34 печак, электраабсталявання, а таксама па ўсталяванні аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.

Зладжаная работа суб’ектаў прафілактыкі дапамагае грамадзянам справіцца з праблемамі ў складанай жыццёвай сітуацыі, прадухіліць трагедыю. Таму дадзеная дзейнасць будзе працягвацца, і зусім нядаўна працаўнікі РАНС правялі чарговую пажарна-прафілактычную акцыю ў домаўладаннях пажылых грамадзян на тэрыторыі Зеляневіцкага сельсавета. Своеасаблівае навучальнае ўздзеянне аказвае і ўдзел інспектараў у дабрачынных акцыях: напачатку гэтага года з падарункамі выратавальнікі наведалі ў рамках акцыі «Ад усёй душы» Лыскаўскае аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, а таксама з акцыяй «Нашы дзеці» — цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў.

Павел Талстой адзначыў таксама, што паступальна вырашаецца кадравае пытанне: калектыў пружанскага падраздзялення ў 2024 годзе папоўніўся 4 супрацоўнікамі. Гэтаму спрыяе і тое, што ў рэгіёне выратавальнікам дапамагаюць вырашаць жыллёвае пытанне: летась 4 працаўнікам МНС прадастаўлены арэндныя кватэры.