У рамках акцыі «За бяспеку разам» работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з прадстаўнікамі іншых адказных падраздзяленняў праводзяць абследаванне прыватнага жылля з мэтай папярэджання трагічных здарэнняў у бягучым ацяпляльным перыядзе.
Калі непарадак з печкай
Нярэдка прычынай пажараў, асабліва ў халодны перыяд года, становяцца печкі. Дакладней, парушэнні пры экс-плуатацыі пячнога ацяплення. Нягледзячы на архаічнасць падобных прылад, яны яшчэ актыўна выкарыстоўваюцца. Толькі ў нашым раёне іх колькасць можна смела лічыць сотнямі, калі не тысячамі. З аднаго боку печка ў хаце — вельмі зручнае прыстасаванне, за якое не трэба плаціць «камунальныя» грошы або афармляць дазвол на выкарыстанне. Вось толькі ёсць нямала такіх домаўласнікаў, якія нават думкі не маюць, што і гэтыя мураваныя збудаванні варта перыядычна рамантаваць, а таксама пільна кантраляваць. І самы нязначны «недагляд» у сезон штодзённай эксплуатацыі можа закончыцца бядой. Невялікая шчыліна ў топцы, расколіны на лежаку, залішак сажы ў коміне… Дастаткова адной іскры, каб сухая драўніна, з якой сабраны канструкцыі даху, успыхнула ў момант. І гарыць хутка, часта пажарным даводзіцца лакалізаваць агонь, каб ён не перакінуўся на іншыя пабудовы.
І калі, у тым ліку і карнымі метадамі можна прывучыць гаспадароў абавязкова мацаваць прытопачны ліст, не складзіраваць паліва каля печкі, не трымаць лёгкія на загаранне рэчы паблізу, то наконт рэгулярнага рамонту некаторыя забываюцца. Пра што сведчыць сумная статыстыка.
За «клопатам» і рады не дасі
А ёсць настолькі занятыя грамадзяне, што проста не маюць часу навесці парадак з печкай. Пры гэтым слова «занятасць» абавязкова трэба браць у двукоссе, таму што звязана яно са злоўжываннем спіртнымі напоямі. Менавіта ў гэтай катэгорыі грамадзян «рукі не даходзяць» не тое што да печкі, увогуле да хаты. І такія домаўладанні бачны здалёк. Падчас аднаго з такіх рэйдаў МНС па запрашэнні работніка РАНС Іны Хаваўкі трапіла і наша карэспандэнцкая група. Дык вось, на вул. Старая у в. Калядзічы падобныя дамы адразу кідаюцца ў вочы. Нават калі яны цагляныя і побач з імі яшчэ захаваўся які-ніякі плот. Апісваць тое бязладдзе, што назіраецца ўнутры, сэнсу няма, хопіць толькі рэальных фотаздымкаў. Падобнае, з мінімальнымі адрозненнямі, можна ўбачыць у кожнай такой хаце.
— Можна пагадзіцца, што не хапае грошай, каб памяняць кафлі або пафарбаваць печку з серабрэннем, наняць печніка для капітальнага рамонту, — зазначае Іна Аляксандраўна. — Вось толькі і ў такой сітуацыі можна падтрымліваць бяспеку.
У чым мы пераканаліся ў той жа вёсцы, але на вул. Новая. І на фоне ўбачанага адразу ўзнікае пытанне: як патлумачыць, што ў іншых няма сіл размяшаць гліну і замацаваць пару цаглін або пабяліць комін? Нават гультай задумаецца пра сваю небяспеку. Толькі не той, у каго штодня ў мазгах розуму менш, чым градусаў. Тых, хто паставіў на сваім жыцці крыж і апусціўся да ўзроўню (не будзем крыўдзіць свінняў, якія ўтрымліваюцца значна лепш за некаторых людзей) цвілі, не вярнуць у грамадства. Гэта не ўдасца тым жа работнікам МНС, якія папярэджваюць, рэкамендуюць і нават патрабуюць. Устанаўліваюць і правяраюць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, трымаюць на кантролі з рэгулярным маніторынгам нядобранадзейныя адрасы.
Бяда ўсяго «міра»
Раней абшчына, або «мір», такіх суседзяў проста адсяляла на выселкі, каб яны не стваралі пагрозы навакольным. Таму што дастаткова невялікага ветрыку, каб агонь з такой хаты перакінуўся на блізкія дамы. Для цяперашняга «міра» такі падыход немагчыма рэалізаваць, застаецца… маліцца, што Бог абароніць ад трагедыі. Таму што дзейсных мер па ўздзеянні на гэту катэгорыю грамадзян няма. Прадпісанні мясцовай улады? Паперкі добра пойдуць на самакруткі. Штраф ад міліцыі? Ды некаторыя ўжо па дзясятку тысяч рублёў павінны і працягваюць жыць гэтак жа. Ведаю, што маё меркаванне не ўсім спадабаецца, але як яго аспрэчыць, калі яно праўдзівае? Неабходна шукаць новыя падыходы, мяняць прымусовую сістэму, дапаўняць кароткія перыяды спакою (пры адпраўцы ў ЛПП) з гарантыяй добрасумленным грамадзянам, што дзяржава іх абароніць ад бяды. Толькі пры наяўнасці дзейсных інструментаў можна паабяцаць бязвінным рэальную ахову маёмасці і здароўя. А для гэтага нашым заканатворцам варта навучыцца жорсткасці, таму што ў дадзенай жыццёвай сітуацыі талерантнасць, міласэрнасць і гуманнасць можна прыраўняць да садзейнічання правапарушэнню.
Алег Сідарэнка
Фота Кацярыны Масік.
На здымках: вось так жывуць людзі.