Зіма, ад якой у апошні час засталася толькі назва, таму ёсць вялікая верагоднасць, што сёлета, як і ў мінулым годзе, аграрыі нашай краіны яравую сяўбу таксама пачнуць значна раней. Ці паспявае Пружаншчына падрыхтавацца да такой важнай работы?

Усё ў гэтым свеце ідзе сваёй чарадой. Змяняюцца поры года, на змену ночы абавязкова прыйдзе дзень і з-за хмар выгляне сонейка, пачаўся рабочы тыдзень у панядзелак, а вось і доўгачаканая пятніца з’явілася на гарызонце. Здаецца, зусім нядаўна даводзілася калясіць па палетках і рабіць рэпартажы з сельскімі працаўнікамі, якія то сеялі, то падкормлівалі і палолі, а потым збіралі ўраджай, вырашчаны мазолістымі, натруджанымі рукамі. І вось не за гарамі чарговая сустрэча з шырокімі палеткамі, акружанымі спрадвечнымі лясамі, блакітным небам, гаючым паветрам і шчырым чалавекам працы на зямлі.
Але гэта пакуль пачакае. Трэба ўпэўніцца, што гаспадаркі раёна змогуць дружна выйсці на сяўбу, правесці яе якасна і ў тэрміны, адным словам, зрабіць усё так, як умеюць нашы аграрыі, з душой і любоўю да роднай зямлі.
Дзень добры, ААТ «Велікасельскае Агра»! І адразу на машынны двор, бо заклад поспеху ў пасяўной кампаніі залежыць як ад людзей, так і ад спраўнасці тэхнікі. У гаспадарцы працуюць шчырыя работнікі, якім не абыякава родная зямля, яны ведаюць цану кожнаму зярнятку, адчуваюць важнасць у цэлым для краіны веснавой сяўбы — што і як пасееш, тое і пажнеш. Але не трэба скідваць з разліку і тыя ж трактары з сеялкамі. Час засяваць палеткі ўручную даўно сышоў, ды і надвор’е ў апошні час дыктуе свае ўмовы — такую важкую работу патрэбна праводзіць у сціснутыя тэрміны, калі ў зямлі яшчэ трымаецца вільгаць, з захаваннем усіх агратэхнічных патрабаванняў.
Упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама штогод распрацоўваецца план па падрыхтоўцы да яравой сяўбы, дзе абавязкова прапісваюцца даты, калі ўся тэхніка павінна быць гатова на 100 %, тыя ж трактары і аўтамабілі прайсці тэхагляд. Па словах загадчыка машыннага двара Мікалая Радкевіча, у ААТ «Велікасельскае Агра» на панядзелак бягучага тыдня гатоўнасць на ўзроўні 90 %. Гаспадарка сёлета мяркуе правесці пасяўную кампанію 10 энерганасычанымі трактарамі. Яны падрыхтаваны да сяўбы. Што да пасяўных агрэгатаў, то пад кукурузу будзе задзейнічана 3 сеялкі, пад буракі — 2, па адной на яравыя і траву, для папярэдняй апрацоўкі зямлі ў гаспадарцы маецца 6 культыватараў. Усё пад кантролем і ўлічана, у такой рабоце дробязей ніяк быць не можа. Кожная дэталь павінна стаяць на сваім месцы, усё за-ціснута і, калі трэба, змазана.

Работы па рамонце праводзілі сваімі сіламі, для гэтага на машынным двары працуюць вопытныя слесары, для якіх любая справа па плячы. Калі не было ў наяўнасці запасных частак на складзе, аператыўна праводзіліся іх закупкі для тых жа культыватараў і сеялак. У сельгаставарыстве таксама маецца свой такарны цэх, дзе можна нават вытачыць патрэбную дэталь, на сумленне працуюць і электрагазазваршчыкі. Усім вядома, што на паветры не паедзеш. Таму да гаруча-змазачных матэрыялаў, якія маюцца, плануецца набыць яшчэ прыкладна 150 тон. Запас бяды не чыніць, гэта і ёсць гаспадарскі падыход да любой справы, калі хочаш быць упэўнены ў заўтрашнім дні.
Кіраўніцтва ААТ «Велікасельскае Агра» заўсёды клапоціцца і пра абнаўленне машынна-трактарнага парка, бо, як ты за тэхнікай ні сачы, усё роўна прыходзіць час, калі яе спісваюць ды і на рынку з’яўляецца больш удасканаленая, з лепшай прадукцыйнасцю. Напрыканцы мінулага года быў закуплены аўтамабіль «МАЗ-650128» з прычэпам. У гэтым — шаснаццацірадная сеялка «Kinze 3600» амерыканскай вытворчасці для высявання кукурузы. Дадзены агрэгат зарэкамендаваў сябе як надзейнае абсталяванне, якое забяспечвае эканамічную і эфектыўную сяўбу на палетках. Прадукцыйнасць складае 20 га ў гадзіну. Для ўнясення мінеральных угнаенняў купілі самаходны апырсквальнік «Туман-3», які збіраецца ў Расійскай Федэрацыі. Шырыня ахопу плошчы палетка складае 28 метраў, тэхніка аснашчана камп’ютарамі кантролю нормы, якія дазваляюць настройваць аўтаматычнае або ручное ўнясенне на кожнай секцыі. За той жа рабочы васьмігадзінны дзень апырсквальнік можа апрацоўваць да 160 га.
За ўсім трэба пільнае вока. Нічога нельга ўпусціць. Бо сяўба, азімая ці яравая, — самая што ні на ёсць важная работа ў сельскай гаспадарцы. І вельмі прыемна, што працаўнікі на вёсцы гэта разумеюць, стараюцца на поўную моц. Дзякуй за працу, паважаныя, няхай вам падчас пасяўной кампаніі ва ўсім спрыяе надвор’е і палеткі з цягам часу парадуюць дружнымі ўсходамі!
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік