Четверг, 13 февраля 2025

З прафсаюзамі разам будуем дзяржаву

563

Напрыканцы студзеня ў Мінску прайшоў Х з’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Адной з дэлегатаў з’езду была старшыня Пружанскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольга Зубкова.

Адзначым, што ў пачатку было падпісана Генеральнае пагадненне на 2025 – 2027 гады. Гэта важнейшы дакумент, які замацоўвае дамоўленасці ўрада, рэспубліканскіх аб’яднанняў прафсаюзаў і наймальнікаў у самых розных пытаннях — ад аплаты працы, занятасці да давання дадатковых гарантый работнікам. На яго аснове ў рэгіёнах і галінах заключаюцца мясцовыя і тарыфныя пагадненні, а ў арганізацыях і на прадпрыемствах — калектыўныя дагаворы.

Генеральнае пагадненне падпісалі намеснік Прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч, старшыня Саюза некамерцыйных арганізацый «Канфедэрацыя прамыславікоў і прадпрымальнікаў (наймальнікаў)» Анатолій Харлап і старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько.

Па словах Вольгі Зубковай, прафсаюзы аграрыяў Пружанскага раёна матывуюць моладзь для таго, каб яна заставалася на першым працоўным месцы, замацоўвалася на вёсцы, выбірала аграрныя прафесіі, спецыялістаў, якіх так не хапае ў сельгаспрадпрыемствах раёна. Для матывацыі ў калектыўныя дагаворы ўключаюцца дадатковыя сацыяльныя гарантыі і льготы, накіраваныя на падтрымку пры стварэнні сям’і, нараджэнні дзіцяці, рашэнні жыллёвых і бытавых праблем.

Дарэчы, Вольга Васільеўна разам са старшынёй Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандрам Саланевічам абрана ў склад Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Там яны будуць прадстаўляць аграрыяў Брэстчыны.

На чарговы пяцігадовы тэрмін старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі абраны Юрый Сянько. Віктар Ільюшчанка