У Беларусі на асушаных балотах знаходзіцца больш за трэць сельскагаспадарчых зямель. Вельмі важна, каб спецыялісты даглядалі іх, падтрымлівалі ў спраўным тэхнічным стане меліярацыйныя сістэмы, ад чаго непасрэдна залежыць, наколькі ўдалым будзе ўраджай. На асабістым кантролі трымае пытанне Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка, які, наведваючы ў лістападзе мінулага года Віцебшчыну, падкрэсліў, што меліярацыя ў Беларусі ні ў якім разе не будзе збаўляць тэмпаў. Таксама прагучала патрабаванне, каб кожны кавалачак такой зямлі быў задзейнічаны на карысць дзяржавы. Слушныя словы, бо важкасць агульнага каравая мае значэнне для кожнага беларуса.

Не застаюцца ўбаку ад пастаўленай Кіраўніком дзяржавы задачы і работнікі УП «Пружанскае ПМС», якія сёння адзначаюць сваё прафесійнае свята. Якая работа праводзіцца ў гэтым накірунку, гутарка з дырэктарам прадпрыемства Аляксеем Шахновічам.
— Напомніце, калі ласка, Аляксей Аляксеевіч, чытачам, якія віды работ прыярытэтныя ў вашай арганізацыі?
— Асноўныя намаганні калектыву накіраваны на ўтрыманне ў спраўным і працаздольным стане ўсіх элементаў меліярацыйных сістэм, стварэнне і падтрыманне ў каранёвым слаі асушаных зямель аптымальнага воднага і паветранага рэжыму глебаў. Сюды можна аднесці паляпшэнне тэхнічнага стану, удасканаленне меліярацыйнай сеткі ў мэтах стварэння аптымальных умоў для вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, павышэння прадукцыйнасці меліярацыйных зямель і эфектыўнага выкарыстання.

Як бачым, работа разнапланавая, патрабуе сур’ёзнага падыходу і адказнага стаўлення падчас выканання. Пралікаў у любым выпадку быць не павінна.
— Чым адметны быў год мінулы і як ідуць справы ў бягучым?
— Давайце паспрабуем параўнаць. Калі ў мінулым годзе рэканструкцыя на водных аб’ектах была праведзена на 501 га (у ААТ «Жураўлінае»), то сёлета план складае 1605 га. Больш чым у тры разы! Калі разглядаць работу ў грашовым эквіваленце, то ў 2022 годзе было асвоена 4 млн 225 тыс. руб., а на бягучы год выдзелена каля 8 млн. Дарэчы, асноўныя крыніцы фінансавання прадпрыемства — абласны і рэспубліканскі бюджэты.

Балансавы прыбытак у мінулым годзе склаў 216 тыс. руб., рэнтабельнасць продажу — 10,8 %. Сярэднямесячная заработная плата на аднаго работніка — 1187 руб. Каб трымаць такую планку, пазбягаць адтоку людзей, працавалі па ўсёй краіне: і ў Оршы, і ў Мінску, і ў іншых рэгіёнах.
ПМС і сельгаставарыствамі раёна ў 2022 годзе праведзена работа па аднаўленні меліярацыйнай сеткі і павышэнні эфектыўнасці выкарыстання асушаных зямель. Праведзены месячнікі па навядзенні парадку на ўнутрыгаспадарчай тэрыторыі. Каналы абкошваліся, ачышчаліся каналы ад заілення і дрэўна-хмызняковай расліннасці.

У бягучым годзе ўвялі ў эксплуатацыю меліярацыйны аб’ект Вінец (229 га) на землях філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі» за сродкі рэспубліканскага бюджэту. Дарэчы, у наступныя тры гады, згодна з Указам № 146 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, па краіне патрэбна павялічыць меліярацыйныя работы ў 3-4 разы. У 2023 годзе павялічаны фізічныя паказчыкі: калі ў мінулым годзе абкошвалі 1000 га, то ў бягучым — 1300 га. Рамонт збудаванняў вырас да 42, у 2022-ім — 10-12.
Як бачна, аб’ём вялікі, але разлічваем толькі на сябе. Зразумела, імкнёмся закупляць новую тэхніку, якая дае магчымасць падняць эфектыўнасць і якасць работы. Калі яшчэ крышку лічбаў, то на бягучы момант спрацавалі на 127 % адносна таго ж перыяду 2022 года. Цяпер шчыруем на рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы Лясная Левая (72 га), якая пралягае па землях ААТ «Велікасельскае Агра» і «Пружанскі райаграсэрвіс».
— Тэхніка тэхнікай, але ж, думаю, многае ў вашай рабоце залежыць ад сумленнасці і шчырасці кожнага працаўніка.
— Чыстая праўда. Калектыў у нас дружны, хоць і, на жаль, не малады. На дадзены момант гэта 71 чалавек, з іх толькі восем жанчын.
Ёсць, канечне, і працаўнікі, якія задаюць тэмп астатнім, зараджаюць, так сказаць, энергіяй. Сярод такіх можна вызначыць машыністаў экскаватараў Уладзіміра Ігнашэвіча, Юрыя Солада, Вячаслава Кухарава, вадзіцеляў аўтакрана Юрыя Венска, Барыса Канцэвіча, механізатараў Івана Каралькевіча, Юрыя Лук’яновіча і Дзмітрыя Навумчыка, машыністаў бульдозера Мікалая Суцько і Аляксандра Пахалева. Яны робяць сваю справу без лішніх слоў і нараканняў, ведаюць цану сваёй рабоце. Ды і астатнія працуюць на сумленне. На тым і трымаемся.

— А з моладдзю зусім усё сумна?
— На дадзены момант замацавалася два чалавекі, якія паспелі зарэкамендаваць сябе добрымі спецыялістамі. Гэта начальнік участка Дзмітрый Асіпчук і майстар Іван Русс. Радуе і такая лічба, бо за апошнія 15 гадоў прытоку маладых кадраў зусім не назіралася. Многія маладыя людзі чамусьці думаюць, што, прыйшоўшы на прадпрыемства (і гэта датычыцца не толькі нашай галіны), яны адразу ж павінны атрымаць усе выгоды. А што выгоды гэтыя трэба зарабіць, не ўлічваюць. І атрымліваецца: вы мне ўсё, а я вам нічога. Будзем спадзявацца, што сітуацыя зменіцца і моладзь зразумее: лёгкіх грошай няма, на любым месцы трэба прыкладаць намаганні, быць сумленным перад сабой і таварышамі па рабоце.
— Аляксей Аляксеевіч, што б Вы хацелі пажадаць калектыву з нагоды свята?
— Жадаю сіл фізічных і маральных, упэўненасці, здароўя і бездакорнага прафесіяналізму. Новых дасягненняў і значных перспектыў для развіцця асобы і свайго майстэрства. Дабрабыту, сямейнага шчасця, павагі на рабоце і дастатку ў жыцці. Жадаю заўсёды заставацца лепшымі ў сваёй прафесіі, ісці толькі наперад і не аглядвацца назад.
Усяго самага найлепшага!
Гутарыў Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
