Ты ўжо трывала стаіш на зямлі. Вызначыўся з кірункам дзейнасці і бачыш перспектывы развіцця. Ведаеш сваю справу, памылак у рабоце не дапускаеш, бо ўжо на непадсвядомым узроўні спраўляешся з працоўнымі абавязкамі. Ноччу разбудзі — раскажаш пра свой род дзейнасці. Можаш даваць парады, быць настаўнікам для другіх. Усё вышэйпералічанае, зразумела, прыходзіць з гадамі, так проста нічога не даецца. Мудрасць нараджаецца на стыку ведаў і здольнасці глядзець на сітуацыю ў перспектыве.

Гэта датычыцца і РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя НАН Беларусі», якая 17 кастрычніка адзначыць 70-годдзе са дня свайго заснавання. Пройдзены немалы шлях, але ж і дамагліся многага, пастаянна шукаюцца шляхі да ўдасканалення работы прадпрыемства. Дарэчы, на дадзены момант з’яўляецца адзіным у Брэсцкай вобласці вытворцам арыгінальнага насеннага матэрыялу асноўных сельскагаспадарчых культур. Чым цяпер жыве доследная станцыя, кім ганарыцца, якія погляды на будучае? Пра ўсё гэта і спыталіся ў яе дырэктара Уладзіміра Цімошчанкі.


Як адзначае кіраўнік, асновай поспеху арганізацыі з’яўляюцца, канечне, людзі, шчырыя, адказныя, яны і вядуць да працоўных перамог. На дадзены момант на прадпрыемстве працуе 77 чалавек, зладжаны калектыў сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы. Яны любяць тое, чым займаюцца. І не важна, які фронт работ ты выконваеш. Ці то адказваеш за грашовы складнік, працуеш на зямлі, займаешся навуковай працай. Як падкрэслівае Уладзімір Рыгоравіч, з такімі людзьмі можна і патрэбна ставіць і вырашаць любыя задачы. Асаблівую падзяку ў Год беларускай жанчыны выказвае самай прыгожай палове калектыву. Гэтыя з выгляду такія сціплыя, усмешлівыя прадстаўніцы ўсяго цудоўнага на зямлі нясуць вялікую адказнасць за зладжаную работу доследнай станцыі. Толькі ўжо дзеля іх хочацца хадзіць на працу і дамагацца высокіх рэзультатаў.

аграномам Алесяй Кот. Калі пяшчота жанчыны сумяшчаецца з цвёрдасцю навуковых ведаў.
А ўвогуле праца доследнай станцыі заснавана на чатырох кірунках. Пачнём з аддзела насенняводства, дзе шчыруе пяць чалавек. Усім вядома, што многае залежыць ад таго, якой якасці будуць абраныя гатункі любой культуры, ці будуць падыходзіць для вашай мясцовасці, ці маюць адпаведны сертыфікат. Каб кожны год радаваў багатымі ўраджаямі, у дадзеным аддзеле займаюцца атрыманнем арыгінальнага і элітнага насеннага матэрыялу — азімых, яравых збожжавых і зернебабовых культур. Усяго за год вырабляецца 300-350 тон насення. І ўсе распрацоўкі насенняводаў праходзяць апрабацыю і рэалізуюцца сельгаставарыствам. Недарма людзі працуюць, ёсць рэзультат, які натхняе і не дае расслабляцца.

Таксама вядзецца работа і ў напрамку кормавытворчасці ў адпаведным аддзеле, дзе ўвага ўдзяляецца шматгадовым травам і суданскай траве, пакуль яшчэ экзатычнай на нашых палетках, гібрыдам кукурузы, рапсу. Ні для каго не сакрэт, што наша Пружаншчына — рэгіён сельскагаспадарчы. А гэта, у першую чаргу, мяса і малако. І першае, і другое напрамую залежыць ад якасці кармоў. Таму ў аддзеле і працуюць на аддачу, каб выключыць любыя агрэхі. Дый навуковы падыход дае магчымасць дакладна вызначыцца, якая дарога абавязкова прывядзе да поспеху. Дарэчы, такімі распрацоўкамі на доследнай станцыі займаюцца 34 чалавекі.

Наведваючы Шклоўскі раён 18 верасня бягучага года, Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка даручыў у перспектыве павялічыць плошчы пад бульбу і пашырыць яе вытворчасць у буйнатаварных гаспадарках. Калі патрэбна, доследная станцыя заўжды гатова падзяліцца новымі гатункамі клубняў на любы густ і смак. А перад гэтым абавязкова правядзенне выпрабаванняў, каб выключыць пралікі і даць вытворцам толькі самы лепшы пасадачны матэрыял. На кантролі супрацоўнікаў аддзела бульбаводства і ўдасканаленне тэхналогіі ўзроблівання глебы. Яны заўжды гатовы падзяліцца сваімі напрацоўкамі, бо разумеюць, што толькі разам можна дамагчыся росквіту раёна, вобласці, краіны. Адны займаюцца навукай, а іншыя на практыцы прымяняюць атрыманыя веды — разам да дабрабыту.

Нельга прамінуць увагай і аддзел пладаводства. Доследная станцыя мае свой навукова-вытворчы сад, у якім вырошчваецца каля 50 гатункаў пладовых культур. Напрыклад, у год збіраецца яблыкаў 2000-2500 тон, якія потым рэалізуюцца як насельніцтву, так і бюджэтным арганізацыям праз тэндары. Выйшлі ўжо і на Бярозаўскі раён. Сюды ж адносіцца і гадавальнік, дзе вырошчваюцца прышчэпы і саджанцы пладовых культур.
У складзе двух апошніх аддзелаў функцыянуе 2 лабараторыі мікракланальнага размнажэння, простымі словамі, культуры вырошчваюцца ў прабірках. Што дае магчымасць выключыць прамое негатыўнае ўздзеянне навакольнага асяроддзя на будучыя расліны, а значыць, умацуецца іх імунітэт і ў будучым дадуць значны ўраджай.
Работа не будзе спыняцца і надалей. Бо напрацоўкі доследнай станцыі заўжды запатрабаваны, прыносяць карысць беларусам. Няхай жа прадпрыемству гарыць зялёнае святло для ўсіх пачынанняў, будзе свяціць сонейка для новых эксперыментаў і дуе спадарожны ветрык для дасягнення новых працоўных вяршынь!
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік
