Воскресенье, 15 марта 2026

Яркія фарбы Ганны Навумчык

596

У свеце мастацтва ёсць асаблівае месца для тых, хто стварае не проста карціны, але перадае праз іх свае эмоцыі, думкі і любоў да прыгожага. Ганна Навумчык — менавіта такі творца. Яе жыццё — гэта гісторыя пра талент, пераадоленне сябе, пра чулае сэрца і асаблівае натхненне, якое ператвараецца ў сапраўдныя жывапісныя шэдэўры.

Здаецца, што Ганна з’явілася на свет з алоўкам у руках. Яна пачала маляваць у чатыры гады, яшчэ ў дзіцячым садку, і першымі яе «натуршчыцамі» сталі лялькі, для якіх яна прыдумляла розныя сукенкі. Гэта быў яе першы крок у цудоўны свет мастацтва, дзе кожная лінія і колер мелі сваё значэнне. Яе задаткі да малявання заўважыла хрэсная Вольга Кабрынец, настаўніца геаграфіі СШ № 1 імя ЧБВА, дзе зараз вучыцца Ганна ў 10 класе, а потым і першая настаўніца Ірына Цемнасагатая. Менавіта яна парэкамендавала дзяўчынцы паступіць у школу мастацтваў ім. Р. Р. Шырмы на аддзяленне «Выяўленчае мастацтва». Так і адбылося. Ганна малявала ўсюды: і крэйдай на асфальце, і ў сшытках простым алоўкам, і на палотнах. Менавіта такім чынам яна дзялілася з навакольным светам сваімі думкамі і перажываннямі.

З гадамі яе творчасць ператваралася ў пастаяннае пазнанне чагосьці новага і нязведанага. Вакол сябе яна заўважала толькі прыгожае: яркія адценні сонечных промняў у звычайнай лужыне пасля дажджу або розныя дробязі, якія лёгкімі мазкамі акварэлі клаліся на паперу і вызначалі багаты ўнутраны стан юнай мастачкі. Далей здольнасці маляваць развівала педагог Алена Пятрань, якая навучыла Ганну «азам» выяўленчага мастацтва. Па профільных прадметах — малюнак, жывапіс, кампазіцыя, пленэр заўсёды была адзнака «выдатна».

Паступова ад простых малюнкаў яна перайшла да пейзажаў, нацюрмортаў і партрэтаў. Кожная новая работа станавілася для яе магчымасцю выказаць свае думкі і паглядзець на свет праз прызму колераў і формаў. Рэалізаваць сябе як прафесійнага мастака, Ганне дапамаглі перамогі ў розных конкурсах, спачатку раённага, а потым абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Цяпер дзяўчына працуе ў разнастайных тэхніках: гуашшу, акварэллю, акрылам, пастэллю, крэйдай, вугалем, маркерамі, воскам, чорнай ручкай, каляровымі і простымі алоўкамі. Здаецца, няма такога сродку, якім бы яна ні змагла маляваць. Апошнія два гады практыкуе пісанне алеем на палатне, якое ёй самой вельмі падабаецца. У гэтым выпадку яе карціны перадаюць нават тое, што нельга сказаць словамі. Гэта складаная тэхніка нават для масцітых майстроў, але юная мастачка і з гэтым паспяхова спраўляецца. Вось што значыць займацца тым, на што адклікаецца сэрца.

Напачатку студзеня ў школе адбылася чарговая прэзентацыя выставы карцін Ганны Навумчык. За час навучання ў «художке» ў яе больш за 40 прафесійных работ, якімі яна сапраўды ганарыцца. Зусім нядаўна скончыла пісаць карціну «Пунсовы захад і фламінга», над якой працавала амаль паўгода. Для дзяўчыны вельмі важна, каб кожны штрых выконваў сваю задачу, адлюстроўваў унутраны стан і раскрываў яе аўтарскую задумку. Па словах Ганны, работа тады закончана, калі да яе больш не хочацца дакранацца.

Зараз мастачка рыхтуецца да новага этапу ў сваім жыцці — паступлення на факультэт графічнага дызайну і мультымедыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта яшчэ адзін крок наперад, які дазволіць ёй не толькі развіваць свой прыродны талент, але і навучыцца новым тэхналогіям, каб ствараць яркія, сучасныя праекты. Дзяўчына працягвае наведваць курсы малявання для паступлення ў ВНУ, піша карціны на конкурсы і проста для душы. Як кажуць у мастацкім асяродку, стварае свой непаўторны стыль, напоўнены глыбокім сэнсам і асаблівым каларытам.

Вялікую ўвагу Ганна Навумчык надае больш складаным формам выяўленчага мастацтва — партрэтам і нацюрмортам, але найбольш падабаюцца маляўнічыя краявіды роднай зямлі. Для стварэння карцін як творчай асобе ёй неабходна натхненне, якое яна атрымлівае ад любімай музыкі, падтрымкі родных, падарожжаў па дарагіх ёй мясцінах. Кожны інсайт — гэта новы ўсплёск эмоцый, якія яна з лёгкасцю ператварае ў сапраўдныя шэдэўры. І няхай яе светлыя мары ўвасабляюцца ў жыццё. А мы з нецярпеннем чакаем новых твораў, якія, безумоўна, будуць прыносіць радасць і асалоду ўсім прыхільнікам высокага мастацтва.


Ірына Велясевіч
Фота з архіва Ганны Навумчык