Машыніст экскаватара — запатрабаваная прафесія практычна ў любой галіне. А калі спецыяліст валодае такім вопытам, як у В.Л.Кухарава з ААТ «Пружанскае ПМС», то яго, як кажуць, «з рукамі адарвуць». Цэняць Вячаслава Леанідавіча і на родным прадпрыемстве.

— Калі толькі прыйшоў працаваць сюды, мяне адразу пасадзілі за рычагі амаль што новай тэхнікі, — успамінае машыніст. — Тая машына не падводзіла ажно 12 гадоў. А зараз мне даверылі новы экскаватар, што нядаўна набыла арганізацыя.
У кіраўніцтве ПМС добра ведаюць, каму даручыць новую тэхніку, у чыіх руках яна не толькі адпрацуе даўжэй, але і не падвядзе ў самы адказны момант. За добрасумленнае стаўленне да сваіх абавязкаў Вячаслаў Леанідавіч Кухараў неаднойчы адзначаўся на раённым і абласным узроўнях.

За час работы ў меліярацыі машыніст удзельнічаў практычна ва ўсіх маштабных праектах прадпрыемства, вёў рамонты і капітальнае будаўніцтва сістэм па ўсёй Пружаншчыне і нават за яе межамі.
А сёлета партрэт В.Л. Кухарава з’явіўся на раённай Дошцы гонару.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік.
