6 чэрвеня ў 18.00, стадыён «Мухавец» — мастацкі інтэрактыў «стАРТ» у стылі беларускіх «посцілак».
Аўтэнтычныя экзэмпляры «посцілак» прадставяць публіцы ў ДУК «Музей-сядзіба «Пружанскі палацык», а размаляваць прапануюць новы скейт-парк — падарунак гораду ад Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь.
7 чэрвеня ў 19.00, стадыён «Мухавец» — цырымонія адкрыцця спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокi. Крок да Алiмпу».
Падчас адкрыцця прадэманструюць магчымасці скейт-пляцоўкі — скейт-ролер-шоу і трукі сусветнага ўзроўню ад удзельнікаў Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнаў і прызёраў Расіі па скейтбордынгу.
8 чэрвеня ў 13.00, стадыён «Мухавец» — алімпійскі квэст на больш чым 25 спартыўных пляцоўках пры ўдзеле знакамітых спартсменаў.
Новыя прызы! За першае месца — смарт-гадзіннік, за другое — bluetooth-калонка, за трэцяе — незвычайны паўэр-банк.
8 чэрвеня з 20.00 да 01.00 на галоўнай сцэне, якую ўжо ўстанавілі ў парку, — канцэрт выканаўцаў беларускай эстрады, святло-піратэхнічнае шоу, дыскатэка.
6, 7, 8 чэрвеня, пляцоўка перад ДУК «Музей-сядзіба «Пружанскі палацык» — алея рамеснікаў, кірмаш беларускіх тавараў, майстар-класы.
Толькі аўтарскія вырабы ад беларускіх рамеснікаў, у продажы — «Мерч Першага», прадукцыя канцэрна «Беллегпрам», інавацыйныя прадукты ад Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.
Стадыён: ярка і прыгожа
Вялікі футбольны мяч і спартыўная буца, зробленыя рукамі ліноўскага майстра Аляксандра Кійко, з‘явіліся непадалёк ад трыбун. А самі трыбуны сталі больш яркімі, з тэматычнымі малюнкамі.
Несумненна, стадыён гатовы прымаць спартыўна-культурны фестываль «Вытокі» з 6 па 8 чэрвеня, а пасля, з 28 па 30 чэрвеня, яшчэ і маштабны рок-фестываль «Сонцастаянне»!
Інтэрактыўная пастаноўка
Інтэрактыўная пастаноўка «Выдно пана па чоботах», якая пройдзе на галоўнай сцэне «Вытокаў» (стадыён «Мухавец») 7 чэрвеня ў 20.00 гадзін, — гэта магчымасць адчуць штосьці новае і захапляльнае, акунуцца ў свет мастацтва з галавой і стаць часткай дзіўнай гісторыі.
У рамках яе будуць прадстаўлены калекцыі беларускіх прадпрыемстваў і дызайнераў — удзельнікаў праекта «РОДНАЕ МОДНАЕ». Уваход свабодны!
Мастацкі інтэрактыў «стАРТ»
Новы скейт-ролер парк у Пружанах гатовы сустракаць усіх, хто паўдзельнічае ў мастацкім інтэрактыве «стАРТ».
Нагадваем, што сёлета месцам дзеянняў культурнай праграмы ад «АртХаос» на спартыўна-культурным фестывалі «Вытокі» ў Пружанах стане новы шматпрофільны скейт-ролер парк. Мастакі ўжо аформілі штучныя горкі для катання, нанесены контуры малюнкаў. Завяршаць жа работы падчас інтэрактыву будзе даверана юным аматарам выяўленчага мастацтва.
Чакаем вас 6 чэрвеня ў Пружанах, у скейт-парку каля стадыёна «Мухавец». Пачатак інтэрактыву ў 18.00 гадзін.
Матч з легендамі футбола
На стадыёне «Мухавец» 8 чэрвеня ў 13.30 гадзін адбудзецца ўнікальны футбольны матч паміж беларускімі алімпійцамі і ветэранамі беларускага футбола! Каманда беларускіх алімпійцаў: Антон Смольскі, Аляксандр Багдановіч, Андрэй Багдановіч, Максім Недасекаў, Аляксандр Глеб, Ягор Ігнаценка, Канстанцін Валачко. Каманда ветэранаў беларускага футбола: Уладзімір Юркевіч, Алег Чарняўскі, Сяргей Палякоў, Радзіслаў Арлоўскі, Раман Васілюк, Дзмітрый Мазалеўскі.
Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла