Суббота, 12 октября 2024

Як працуецца маладым спецыялістам у ААТ «Жураўлінае» расказалі яны самі

491

Сельгаставарыствы раёна з года ў год прымаюць у свае рады маладых спецыялістаў. Хлопцы і дзяўчаты прыходзяць у сельскую гаспадарку па дагаворах аб мэтавай падрыхтоўцы або, што вельмі радуе, па асабістым жаданні.

Сёлетні год не стаў выключэннем. Пасля ВНУ калектывы гаспадарак папоўніла 14 маладых людзей, па сканчэнні каледжаў прыйшло 35 спецыялістаў і, атрымаўшы прафесійна-тэхнічную адукацыю, яшчэ 20 чалавек выказала жаданне працаваць на зямлі. Энергічных і мэтанакіраваных, іх можна сустрэць у раслінаводстве, жывёлагадоўлі, у інжынерна-тэхнічнай службе, а яшчэ сярод бухгалтараў, эканамістаў і юрыстаў. І вельмі захацелася з першых вуснаў даведацца ў маладых людзей, чым прывабіла іх сельская гаспадарка, якімі спадзяваннямі жывуць, якія планы будуюць?

Заўсёды для карэспандэнтаў «раёнкі» дзверы адчынены ў ААТ «Жураўлінае». Чаму б не скарыстацца гэтай магчымасцю і не пашукаць у працавітым і зладжаным калектыве тых, хто робіць першыя крокі на сваёй працоўнай сцяжынцы, спасцігае ўсе прамудрасці абранай прафесіі? Паехалі!

Ці любіце вы сваю работу так, як ветэрынарны ўрач МТК «Сухопаль» Кацярына Ерко?

Прыпынак першы — малочна-таварны комплекс «Сухопаль». Ураджэнка Магілёўскай вобласці Кацярына Ерко змалку абрала для сябе жыццёвы дэвіз: калі не я, то хто? Матуля Алена Рыгораўна — настаўніца, тата Яўген Мікалаевіч — чыгуначнік. Які ж працоўны шлях абрала дачка? Правільна! Самастойны. Хто будзе клапаціцца аб усім жывым на зямлі, аддаваць сваю ласку і любоў, а ў адказ бачыць вочы, поўныя ўдзячнасці і пяшчоты? Таму, не раздумваючы, пасля школы паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Ветэрынарная медыцына», які паспяхова і скончыла.

Пакуль што ўсё зразумела. Але як дзяўчыну занесла на працу так далёка ад дома? Аказваецца, калі падавала дакументы ў ВНУ, прадстаўнікі ААТ «Жураўлінае» расказалі Кацярыне аб гаспадарцы і прапанавалі мэтавае накіраванне. Цяпер усмешлівага і мілавіднага ветурача мы будзем бачыць у сельгаставарыстве не менш як пяць гадоў. І вельмі добра, бо амаладжэнне кадраў сельскай гаспадаркі — вялікі плюс для нашай краіны ў цэлым.

Каб вы бачылі, з якой пяшчотай і любоўю аб сваіх падапечных каровах і цялятах гаварыла Кацярына Ерко! Проста дзіву даешся: у наш час так любіць нялёгкую працу ветурачом на комплексе. А яна проста марыла трапіць на такую работу, а не, напрыклад, у ветлячэбніцу. З першага сакавіка гэтага года маладая спецыялістка шэсць дзён на тыдзень займаецца лячэннем, прафілактыкай, адбіраннем крыві на аналізы буйной рагатай жывёлы. Бывае, што і ў нядзелю даводзіцца выходзіць на дзяжурства. Нялёгка, канечне, калі яшчэ хочацца пагуляць, маладосць жа адзін раз бывае ў жыцці. Але наша Кацярына ўсё паспявае: і на працы малайчына, і весяліцца ўмее дзяўчына. Таму жадаем ёй паболей сонечных дзянькоў, заўсёды заставацца такой жа жыццярадаснай і пазітыўнай, верыць, што самае светлае і прыемнае ў яе яшчэ наперадзе.

За закладкай траншэй на МТК «Котра» пільна сочыць аграном Ксенія Леановіч.

Куды паехалі далей? Знаёміцца з яшчэ адной жыццярадаснай і прыгожай маладой спецыялісткай з ААТ «Жураўлінае» — аграномам Ксеніяй Леановіч. Дзяўчына родам з Белаазёрска. Ці думала аб выбары будучай прафесіі? Канечне, і тут нізкі паклон бацькам, якія падказалі дачцэ правільны працоўны шлях у моцнай аграрнай краіне. Таму Ксенія паспяхова скончыла Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж і з другога мая бягучага года з’яўляецца паўнапраўным членам дружнага калектыву сельгаставарыства. Да гэтага тут праходзіла практыку і засталася задаволеная ўмовамі працы.

Ці лёгка пачынаць працоўны шлях? Па-мойму, у кожнага з нас былі першапачаткова цяжкасці пры ўваходзе ў прафесію. З гэтым згаджаецца і малады аграном. Спачатку трошкі не хапала практычных навыкаў, але Ксенія і не думала здавацца, яна і па сённяшні дзень адкрывае для сябе штосьці новае ў аграноміі і ўпэўніваецца ў тым, што гэта яе прафесія. Адразу давялося акунуцца ў нарыхтоўку кармоў другога ўкосу, а затым — жніво, як самая важная работа ў сельскай гаспадарцы. Трэба, як кажа малады аграном, звыкнуцца, і ўсё будзе добра. Як прыемна адчуваць сябе ў камандзе сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы, канечне, гонар за людзей, якія сваёй цяжкай працай даюць краіне духмяны хлеб, свежае малако і смачнае мяса. Ды і не пакінулі Ксенію адну на пачатку працы, вялікую дапамогу аказаў і аказвае намеснік дырэктара па раслінаводстве Павел Чэчка. А гэта, у сваю чаргу, усяляе ўпэўненасць у сваіх сілах і магчымасцях.

Інжынер-механік Максім Данілковіч хоць і малады, але перспектыўны работнік.

Яшчэ прыпынак — машынна-трактарны парк «Белавусаўшчына». Сустрэча з высокім хлопцам высокага палёту. Інжынер-механік Максім Данілковіч пасля сканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта вырашыў быць бліжэй дадому, бо сам з Бярозаўскага раёна, ды і працаваць у трывалай гаспадарцы куды больш прыемней.

Таму са жніўня 2024 года сумленна выконвае свае працоўныя абавязкі. Пад яго наглядам усе аўтамабілі. А яшчэ трэба па патрэбе закупаць запчасткі. Пільна сачыць за аховай працы, праводзіць інструктажы. Пракантраляваць працу слесараў і зваршчыкаў, ці хапае ў іх інструментаў. Можа здацца, што работа так сабе, аднастайная. Але, як сцвярджае Максім, творчасць можна праявіць усюды, абы было жаданне працаваць на вынік, бачыць перспектыву, ніколі не апускаць рукі.

І пытанне напрыканцы: чым жа прываблівае маладых спецыялістаў ААТ «Жураўлінае»? Перспектыўная гаспадарка, якая сама дбае аб абнаўленні калектыву, бо з прыходам моладзі з’яўляюцца новыя падыходы ў працы, гледзячы на юнакоў і дзяўчат, «падцягваюць жываты» і сталыя працаўнікі. І гэта не ўсё. Сельгаставарыства напачатку падтрымлівае моладзь грашовымі дапамогамі, дае жыллё, калі гэта неабходна, падвозіць да месца працы і забірае. Ды і сама заработная плата годная. За кожным замацоўваецца настаўнік, які з вышыні свайго вопыту накіроўвае, дае слушныя парады, падтрымлівае, калі з’яўляюцца няштатныя сітуацыі.

Не пакідае без увагі маладых спецыялістаў і раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК. Яе старшыня Вольга Зубкова на пастаяннай аснове маніторыць умовы пражывання хлопцаў і дзяўчат, іх працоўную абароненасць, расказвае аб перавагах пасля ўступлення ў рады галіновага прафсаюза. А яны сапраўды ёсць: выплаты да святаў, арганізацыя экскурсій, сацыяльная падтрымка, суправаджэнне ў спрэчных пытаннях, калі такія ўзнікаюць. Вядома ж, дабра многа не бывае.

Адны нос варочаюць ад сельскай гаспадаркі, бо тут, бачыце, «дрэнна пахне». А другія, наадварот, бачаць перспектыву, стараюцца праявіць свае здольнасці і на ферме, і на палетку, і на мехдвары. І маюць рацыю, бо апошнім часам склалася вельмі прыемная тэндэнцыя для нашага раёна: калі хочаш зрабіць кар’еру, заявіць аб сабе, смела ўладкоўвайся пасля атрымання прафесіі ў сельгаставарыства Пружаншчыны, і цябе абавязкова заўважаць у будучым, скажуць добрае слова.

Вадзім Раўнейка.

Фота Кацярыны Масік