Старога бацьку не прымусіш адмовіцца ад «ціхага палявання». Як зрабіць, каб ён не заблукаў у лесе?
Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі
Андрэй Кот:
— Сапраўды, пераканаць старых людзей у патэнцыяльнай небяспецы лясных прагулак, асабліва, калі ім падабаюцца не самі грыбы, а менавіта працэс, практычна немагчыма. Ёсць карысныя прапановы, як засцерагчыся ад блукання і аблегчыць пошук, калі непрыемнасць усё-такі здарылася. У прыватнасці, апранаць яркае адзенне, ісці кампаніяй і абавязкова мець пры сабе поўнасцю зараджаны мабільнік. Можна падарыць аматарам «ціхага палявання» фітнэс-бранзалет з функцыяй тэлефанаванняў і GPS-навігацыі.
Ад сябе дадам: настойліва папрасіце старых паведамляць сваякам, куды ідуць і колькі часу будуць адсутнічаць.
